“Навуковец пад ключ”: ад магістра да кіраўніка праекта

- 10:45Навука і інавацыі

Савет маладых вучоных НАН Беларусі распрацаваў і ажыццявіў унікальны праект, скіраваны на навуковую моладзь краіны, — “Навуковец пад ключ”. На працягу тыдня больш за 130 удзельнікаў — магістрантаў, аспірантаў і маладых даследчыкаў — спасцігалі новыя веды, неабходныя для паспяховай і эфектыўнай працы ў навуцы.

На базе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі для моладзі быў арганізаваны інтэнсіўны курс лекцый, семінараў, трэнінгаў і майстар-класаў вядучых вучоных краіны. У прыватнасці, сваім вопытам з удзельнікамі праекта падзяліліся першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Сяргей Чыжык, галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі член-карэспандэнт Аляксандр Кільчэўскі, старшыня навуковага савета Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў акадэмік Сяргей Гапоненка, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін, старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Генадзь Пальчык і іншыя.

Мэта праекта “Навуковец пад ключ” — павышэнне эфектыўнасці і ініцыятыўнасці маладых вучоных пры правядзенні навуковых даследаванняў, а таксама развіццё іх лідарскіх якасцей для рэалізацыі самастойных навуковых праектаў.

Кожны дзень удзельнікам прапаноўваліся актуальныя тэмы, якія тычыліся арганізацыі навуковай дзейнасці ў Нацыянальнай акадэміі навук і ўвогуле ў краіне, публікацыі навуковых вынікаў, падрыхтоўкі і абароны дысертацый, кіравання навуковымі праектамі, пошуку фінансавання (гранты, стыпендыі, прэміі для маладых навукоўцаў) і г.д. Вялікую цікавасць удзельнікаў выклікаў семінар-трэнінг на тэму эфектыўнага выкарыстання электронных рэсурсаў і навукаметрычных інструментаў у навуковай дзейнасці (работа з міжнароднымі электроннымі базамі даных: Scopus, Web of Science, Расійскі індэкс навуковага цытавання; індэкс Хірша; імпакт-фактары часопісаў). Таксама карыснай для маладых вучоных была інфармацыя па пошуку міжнародных стажыровак і замежных навуковых партнёраў.

У рамках праекта была арганізавана скайп-канферэнцыя з маладымі вучонымі НАН Беларусі, якія працуюць у замежных навуковых установах. Еўрапейскія вучоныя ў сваю чаргу падзяліліся сваім вопытам работы ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Усе ўдзельнікі праекта “Навуковец пад ключ” атрымалі сертыфікаты, а самае галоўнае — веды, якія дапамогуць ім зрабіць вельмі важныя крокі на шляху да навуковай кар’еры. На закрыцці праекта многія адзначылі вялікую практычную карысць ад заняткаў. Улічваючы такія добрыя водгукі, а таксама той факт, што далёка не ўсе жадаючыя змаглі трапіць у праект, арганізатары плануюць правесці яшчэ адну такую школу для маладых навукоўцаў восенню.

Галіна ГЕНАДЗЬЕВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.