Навуковыя даследаванні БДПУ накіраваны на захаванне бяспекі чалавека, грамадства і дзяржавы

- 12:20Интервью, Образование

Сёння ў БДПУ выконваецца больш за 90 навукова-даследчых работ. Пра гэта карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” паведаміла прарэктар па навуковай рабоце ўніверсітэта Святлана Фяклістава.

— Святлана Мікалаеўна, якім быў ваш шлях да пасады прарэктара па навуковай рабоце БДПУ?

— Мой шлях у навуку пачаўся падчас вучобы па спецыяльнасці “Сурдапедагогіка” дэфекталагічнага факультэта БДПУ. На працягу ўсяго студэнцкага жыцця маім натхняльнікам была Т.І.Абухава — кіраўнік навукова-педагагічнай школы навучання і выхавання дзяцей з парушэннямі слыху і інтэ­лекту. На 2 курсе Тамара Ісакаўна падштурхнула нас да сумяшчэння акадэмічнай падрыхтоўкі з практыкай. Яна заўсёды нас вучыла: перш чым прыняць пэўнае педагагічнае рашэнне, трэба зразумець, што ляжыць у яго аснове.

Свой жа прафесійны шлях я пачала з работы ў дзіцячым доме для дзяцей з парушэннем слыху. Потым скончыла аспірантуру БДПУ і з 2002 года працавала на розных пасадах універсітэта. У 2016 го­дзе мяне прызначылі намеснікам дырэктара Інстытута інклюзіўнай адукацыі па навукова-метадычнай рабоце. Абараніла доктарскую дысертацыю, потым было прысвоена вучонае званне прафесара. А ў ліпені стала прарэктарам па навуковай рабоце.

— Атрымліваецца, што ваша жыццё звязана з педуніверсітэтам каля 30 гадоў. Ці змянілася сфера вашых навуковых інтарэсаў за гэты час?

— Сфера маіх навуковых інта­рэсаў заўсёды была звязана з праб­лемамі навучання і карэкцыйнай работы з дзецьмі з парушэннем слыху. Я пачынала сваю студэнцкую навуковую работу з праблем фарміравання гульнявой дзейнасці ў дзяцей з парушэннем слыху. Гэта ж стала і тэмай маёй кандыдацкай дысертацыі. А доктарскае даследаванне было прысвечана праблеме слыхамаўленчага развіцця дзяцей з парушэннем слыху, якая з’яўляецца вядучай у сурдапедагогіцы. Бо менавіта маўленне выступае сродкам сацыяльнай і адукацыйнай інтэграцыі, а валоданне мовай — інструментам, які дазваляе ім увайсці ў грамадства чуючых.

Сурдапедагогіка як навука раз­віваецца пад уздзеяннем дасягненняў у сумежных галінах рэабілітацыі: медыцынскай і тэхнічнай. У час пераходу ад ХХ да ХХІ стагоддзя ў Беларусі пачалі ўкараняць метад кахлеарнай імплантацыі, дзякуючы хірургічным аперацыям, якія дазваляюць вярнуць да 80% фізічнага слыху. Спачатку існавала меркаванне, што вось зараз дзіцяці вернуць слых на 80% і яно будзе развівацца як дзіця, якое чула пастаянна. Аднак гэтага не адбываецца, бо фізічны слых не забяспечвае разумення навакольных гукаў і авалодвання маўленнем. Вырашальную ролю тут адыгрывае прафесійная дзейнасць педагагічных супрацоўнікаў, якія забяспечваюць неабходныя ўмовы для рэалізацыі патэнцыялу кожнага дзіцяці з парушэннем слыху з улікам яго асаб­лівых адукацыйных патрэб.

Хочацца адзначыць, што ў Беларусі аперацыі па вяртанні слыху выконваюцца на вельмі высокім узроўні. Да нас нават прыязджаюць замежныя пацыенты. Праўда, важна, каб тут спрацаваў прынцып трох “Р”: ранняе выяўленне, ранняе пратэзіраванне і ранняя карэкцыйна-педагагічная дапамога. Паводле даследаванняў, калі ўсе тры складнікі супалі і былі зроблены своечасова, каля 60% дзяцей да трох гадоў могуць пайсці ў звычайны сад нават без дадатковай карэкцыйнай дапамогі, а яшчэ 40% — ва ўмовы інтэграванага навучання і выхавання і вучыцца разам з усімі пры карэкцыйнай падтрымцы настаўніка-дэфектолага.

— Ведаю, што вы выкла­даеце, а якімі асабістымі прафесійнымі адкрыццямі дзеліцеся са студэнтамі?

Дэфекталогія — навука з выяўленай дыягнастычнай асновай, без якой немагчыма правільна спланаваць адукацыйны пра­цэс. Раней мы больш гаварылі пра медыцынскую дыягностыку — своечасовае выяўленне ступені страты слыху — і ў адпаведнасці з гэтым выбудоўвалі стратэгію карэкцыйнай работы. Сёння ступень страты слыху, выяўленая медыкамі, для педагога ўжо не мае вырашальнага значэння. І я заўсёды гавару сваім навучэнцам, што трэба быць вельмі ўважлівымі да кожнай дробязі і ніколі не працаваць па адзіным рэцэпце.

Сёлета я выкладаю толькі адну вучэбную дысцыпліну “Методыка фарміравання маўлення дашкольнікаў з парушэннем слыху”. Але традыцыйна выкладала і “Методыку развіцця слыхавога ўспрымання”, і “Методыку навучання вымаўленню навучэнцаў з парушэннем слыху”. Перыядычна працую са слухачамі курсаў павышэння кваліфікацыі.

Выкладанне для мяне — гэта магчымасць узаемадзеяння з маладым пакаленнем. На мой погляд, вельмі важна, каб будучыя настаўнікі-дэфектолагі разумелі, што ад іх прафесійнага рашэння і ўвагі многае залежыць. А яшчэ выкладанне дае магчымасць развіваць айчынную сурдапедагогіку, каб дзеці з парушэннем слыху маглі атрымліваць якасныя аду­кацыю і карэкцыйную педагагічную дапамогу.

— Ці чакаць нам навукова-­адукацыйных прарываў ад вашых ву­чоных?

— Спадзяёмся на гэта. Бо наш універсітэт сапраўды мае вялікі вопыт і шматлікія напрацоўкі. Зараз у нас выконваюцца 92 навукова-даследчыя работы. У іх ліку і дзяржаўныя праграмы, і навуковыя даследаванні па забеспячэнні дзейнасці Мінадукацыі, вынікі якіх потым будуць укараняцца ў работу ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі і ў сістэму пад­рыхтоўкі нашых студэнтаў і слухачоў павышэння кваліфікацыі. Да выканання навуковых даследаванняў, якімі кіруе прафесарска-выкладчыцкі склад універсітэта, прыцягваюцца студэнты, магістранты, аспіранты. Гэта забяспечвае пераемнасць і стварае базу для наступнага выканання маладымі вучонымі самастойных навуковых даследаванняў.

У мінулым годзе ў БДПУ была зацверджана стратэгія развіцця навукова-даследчай дзейнасці. Нашы маладыя даследчыкі і прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу рэгулярна ўдзель­нічаюць у конкурсах Мінадукацыі, Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў і г.д. Усе імкнуцца ісці ў нагу з часам і нават апярэдж­ваць яго.

Асаблівую ролю ў развіцці маладзёжнай навукі адыгрывае дзейнасць студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый. Падзя­люся сваім вопытам. З 2011 года я кіраўнік студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Па­чуць свет”. Пачыналі мы з праблем слыхамаўленчага развіцця дзяцей з кахлеарнымі імплантамі, але цяпер пашырылі сферу нашых інта­рэсаў. Члены лабараторыі — студэнты і магістранты — займаюцца праблемамі слыхавога ўспрымання і развіцця розных аспектаў маўлення (лексічным, граматычным, маналагічным і дыялагічным, фарміравання вымаўлення) у дзяцей са слыхавымі апаратамі, кахлеарнымі імплантамі.

Нашы навуковыя даследаванні тычацца розных сфер, але, тым не менш, усе яны накіраваны на захаванне бяспекі чалавека, грамадства і дзяржавы.

Прадстаўнікі нашай лабараторыі неаднаразова атрымлівалі гранты Міністэрства адукацыі на распрацоўку асобных праб­лем, звязаных і з кансультаваннем бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з парушэннем слыху, і з распрацоўкай электронных рэсурсаў як для бацькоў, так і для настаўнікаў-дэфектолагаў. Зараз члены СНДЛ таксама выконва­юць такі грант. Ён накіраваны на распрацоўку рэкамендацый па рэалізацыі дыферэнцыраванага падыходу да адукацыі дзяцей з парушэннем слыху дашкольнага ўзросту ў кантэксце прынцыпу інклюзіі. Нашы навукоўцы апісваюць, як звычайны выхавальнік дашкольнай установы можа дапамагчы дзіцяці з парушэннем слыху ўключыцца ў сумесны адукацыйны працэс, што трэба зра­біць, каб яно атрымала эфектыўную адукацыю і адчувала сябе камфортна ў агульнаадукацыйным асяроддзі.

У нашай краіне шмат увагі ўдзяляецца дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якіх з нядаўняга часу пачалі называць дзецьмі з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Аднак у свеце ў катэгорыю дзяцей з ААП увахо­дзяць і адораныя, і дзеці мігрантаў, і дзеці з двухмоўных сем’яў, і г.д. Такі напрамак, на мой погляд, перспектыўны і даволі складаны для даследавання. Бо асноўная задача, пастаўленая і Мінадукацыі, — гэта максімальнае ўключэнне дзяцей з ААП у сумесны адукацыйны працэс са звычайнымі вучнямі. Зараз мы распрацоўваем механізмы такога ўключэння і спрабуем даць адказ на пытанне: як пабудаваць заняткі выхавальнікам, педагогу пачатковых класаў, настаўніку-прадметніку так, каб і звычайны вучань, і адораны, і з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, атрымалі якасную адукацыю.

На самай справе, спектр тэм, якія распрацоўваюцца і маладымі вучонымі, і студэнтамі, і нашым прафесарска-выкладчыцкім складам, вельмі шырокі.

— Як вы падтрымліваеце сваіх маладых навукоўцаў?

— Наш рэктар рэгулярна ініцыіруе выплату стыпендый студэнтам за дасягненні ў адукацыі і навуцы. Добрая падтрымка для студэнтаў — гранты, якія да­юць магчымасць і выканаць даследаванне, і пэўную фінансавую дапамогу атрымаць. Акрамя таго, у нас ёсць студэнцкае прэміраванне тых, хто асабліва вызначыўся і ў навуковай, і ў адукацыйнай, выхаваўчай, валанцёрскай дзейнасці. Я лічу, што заахвочванне павінна быць не толькі матэрыяльным, бо студэнты, якія дэманструюць высокія паказчыкі ў розных кірунках, атрымліваюць магчымасць, напрыклад, паехаць на стажыроўку за бюджэтныя сродкі.

— У БДПУ дастаткова магчымасцей для развіцця навукі. Але што б вы параілі студэнтам, якія мараць стаць вучонымі?

— Сёлета ў структуры Каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” створаны сектар маладзёжнай навукі. Яго асноўная задача — арганізацыя і каардынацыя дзейнасці ўсіх маладых вучоных нашага ўніверсітэта. Прадстаўнікі сектара вельмі актыўна ўзяліся за работу і прыдумалі шмат мерапрыемстваў. Так, на “Кірмашы СНДЛ” нашы студэнты запрашалі першакурснікаў да ўдзелу ў навуковай дзейнасці. У конкурсе эсэ “Міфы і рэальнасці сучаснай навукі” было цікава паглядзець, як студэнты розных спецыяльнасцей прааналізавалі сучасныя навуковыя дасягненні і паказалі, як яны ўспрымаюцца звычайнымі людзьмі на бытавым узроўні. У студзені запланавана правядзенне міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Маладая навука — педагагічнай адукацыі”.

Да таго ж у БДПУ забяспечана практычна ва ўсіх інстытутах і на ўсіх факультэтах узаемасувязь паміж студэнцкай навукай і філіяламі кафедр — установамі да­школьнай і агульнай сярэдняй адукацыі. На наш погляд, гэта вельмі важна. Спачатку мы гаварылі пра ўзаемасувязь навуковых даследаванняў і метадычных напрацовак нашых выкладчыкаў з філіяламі кафедр. Зараз ідзе іх укараненне ў вучэбны працэс, апрабацыя і атрыманне зваротнай сувязі, што асабліва важна на сучасным этапе. Дзякуючы такой узаемасувязі студэнт бачыць тое, што зможа потым выкарыстоў­ваць у сваёй прафесійнай дзейнасці і што дапаможа яму паляп­шаць сістэму нашай адукацыі.

У БДПУ ствараюцца ўсе ўмовы для ўдзелу маладых вучоных у навукова-даследчай дзейнасці, і мы заўсёды падтрымліваем нашых студэнтаў.

— Святлана Мікалаеўна, дзякуй за цікавую размову!

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіва гераіні