Навуку рухаюць асобы

- 11:34Навука і інавацыі

Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт па многіх напрамках займае вядучыя пазіцыі ў айчыннай, а па асобных — і ў сусветнай навуцы. Даследаванні, вынаходкі яго вучоных і студэнтаў маюць вялікі рэзананс у навуковым свеце і актыўна ўкараняюцца ў практыку. Адной з характэрных асаблівасцей установы з’яўляецца сувязь з вытворчасцю, шэраг кафедраў маюць філіялы на прадпрыемствах.

У рэжыме найбольшага спрыяння

Велізарнае значэнне ў ВДТУ надаюць маладзёжнай навуцы. Каардынуе гэтую работу Савет маладых вучоных. Разам з тым убачыць перспектыўнага студэнта, які захапляецца і хоча займацца навукай, дапамагчы вызначыцца з напрамкам, прайсці шлях ад студэнцкага гуртка пры кафедры да аўтарытэтнага прадстаўніка вядомай навуковай школы — справа гонару як усяго калектыву ўніверсітэта, так і асабіста кожнага супрацоўніка. Трэба сказаць, што ў параўнальна невялікім рэгіянальным універсітэце дзейнічаюць амаль 30 студэнцкіх гурткоў, навукова-тэхналагічны парк і 8 навуковых школ.

— Для маладых вучоных створаны рэжым найбольшага спрыяння, — адзначае прарэктар універсітэта па выхаваўчай рабоце, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Віктар Хаданёнак. — Стараемся падтрымаць нават тады, калі ідэя ў нечым не адпавядае парадыгмам сучаснай навукі. У любым выпадку каштоўнасць набытага вопыту пераацаніць цяжка, да таго ж маладыя не абмежаваны стэрэатыпамі, часам нельга ўпэўнена сказаць, памыляецца такі пачатковец або ён бачыць далей за старэйшых калег. Што да фармату, то перавагу аддаём індывідуальнай рабоце, а таксама малым мабільным групам — такая практыка зарэкамендавала сябе найбольш эфектыўнай.

Не пабудуеш карабель у адкрытым моры

Разам з калегамі Віктар Хаданёнак будзе прадстаўляць свой універсітэт на ІІ з’ездзе вучоных краіны. На пытанне, што калісьці матывавала яго звярнуцца да навуковых даследаванняў, мой суразмоўнік узгадвае Арыстоцеля: “нельга будаваць карабель у адкрытым моры”. Зацікаўленасць навукай ідзе ад сям’і і школы.

— Мне заўсёды цікава было знаходзіць адказы на пытанні, даследаваць, — успамінае Віктар Мамертавіч. — Што казаць аб праблемах, пра якія вучоныя афіцыйна гаварылі: “Не вырашана, чакае свайго даследчыка”. Матывацыя да дзейнасці наймацнейшая! Лёс склаўся так, што і з педагогамі мне выключна пашанцавала. Тэмай кандыдацкай дысертацыі я выбраў “Сацыяльна-эканамічнае становішча насельніцтва неакупіраванай тэрыторыі Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны (кастрычнік 1915 — кастрычнік 1917 гг.”. Вельмі часта наша зямля ўспрымалася ў агульнарасійскім кантэксце, ніякіх спецыфічных асаблівасцей на той перыяд ніхто з даследчыкаў не разглядаў. Але такіх адметнасцей было многа. Напрыклад, у нас была мабілізавана амаль палова мужчынскага насельніцтва, а ў Фінляндыі, што тады ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі, мабілізацыя ўвогуле не праводзілася. Я прааналізаваў многія фактары — стаўленне людзей да вайны, сацыяльна-эканамічнае становішча ў гарадах і сельскай мясцовасці, дзейнасць пошты, тэлеграфа, арганізацыю прызыўных кампаній, спецыфіку забеспячэння арміі харчаваннем, жыллёвыя ўмовы, праблему ўцекачоў. Сітуацыя для многіх дзясяткаў тысяч беларусаў была трагічнай, жахлівай, яе маштаб быў катастрафічны. Зараз, каб працягнуць даследаванне, трэба знаёміцца з замежнымі архівамі — гэта ў планах на будучыню, пакуль не хапае часу.

Лірыка для фізікаў не дадатковая

Профіль ВДТУ тэхналагічны, што вызначае асноўныя напрамкі даследаванняў. Здавалася б, роля кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін тут выключна дапаможная.

— Я так не сказаў бы, — не пагаджаецца Віктар Мамертавіч. — Падчас лекцый звярнуў увагу: нашы студэнты і слухачы курсаў павышэння кваліфікацыі даволі добра ведаюць класікаў айчыннай літаратуры, дзякуй школьнай праграме. Што ж тычыцца вучоных — тут інфармацыйны вакуум. Нават пра такіх як Барыс Кіт, Якаў Наркевіч-Ёдка, Казімір Семяновіч, Кандрат Грум-Гржымайла наўрад ці кожны зможа расказаць. Дарэчы, за мяжой іх нядрэнна ведаюць — і гэта вельмі крыўдна. Людзі не задумваюцца, як шмат прынеслі ў навуку беларусы. Многія з іх, асабліва медыкі, ахвяравалі жыццём дзеля навукі, далі свету новыя карысныя веды, а мы іх не памятаем. Стаў на занятках акцэнтаваць на гэтым увагу. А ў адказ рэзоннае пытанне: “А дзе можна пра гэта прачытаць?” Час і рытм жыцця змяніліся, сёння раіць студэнту шматтомныя энцыклапедыі — справа няўдзячная. Мы разам з супрацоўнікамі кафедры вырашылі звесці ў адно цэлае інфармацыю пра вучоных, адкрыцці якіх актуальныя не толькі для беларускай, але і для сусветнай навукі. Праект некамерцыйны, займаемся ім у вольны час.

Напачатку група энтузіястаў на чале з Віктарам Хаданёнкам планавала абмежавацца 40 асобамі. Не атрымалася. Даследаванне пашырылася, пошукі прыносілі ўсё новыя і новыя імёны. Літаральна тры тыдні назад пабачыў свет першы том “Беларускай навукі ў персаналіях”, героямі якога стаў 51 вучоны. Кожны артыкул у кнізе дапоўнены фотаздымкам або партрэтам, каб чытач за радкамі мог убачыць жывога чалавека. Зараз рыхтуецца другі том, дзе будзе ўжо 71 персаналія, сабраны матэрыял і для трэцяга. У перспектыве даследчыкі спадзяюцца пабачыць плён сваёй працы пад цвёрдай вокладкай і з добрай паліграфіяй з грыфам не ўніверсітэцкага, а рэспубліканскага выдавецтва.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.