Не баяцца памыляцца, лёгка аспрэчваюць і аргументуюць

- 10:54Навіны рэгіёнаў

Гэта ўсё пра ўдзельнікаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова”, “Беларуская літаратура”, які прайшоў на Гомельшчыне.

Кожны са 120 удзельнікаў фінальнага этапу марыў быць у ліку пераможцаў. Алімпіяда традыцыйна складалася з трох тураў: напісанне водгуку, выкананне комплекснай работы і вуснае выступленне.

У гэты дзень у абласным Палацы творчасці, дзе праходзіла цырымонія ўзнагароджання, родная мова гучала ўсюды. Прыгожую беларускую гаворку можна было пачуць і з вуснаў гасцей алімпіяды з Польшчы і Літвы. Каманды вучняў з Вільнюскай гімназіі імя Францыска Скарыны і другога агульнаадукацыйнага ліцэя з дадатковым вывучэннем беларускай мовы польскага горада Гайнаўка пацвярджалі сваё веданне беларускай мовы, выконваючы заданні алімпіяды разам з беларускімі равеснікамі. Як адзначылі кіраўнікі каманд Ніна Пяткевіч і Ганна Каліноўская, іх дзеці даволі паспяхова справіліся, а разам з тым атрымалі добрую практыку і знайшлі сабе новых сяброў.

Самая юная ўдзельніца алімпіяды па беларускай мове і літаратуры вучаніца 8 класа гімназіі № 4 Мінска Злата Глухоўская атрымала падарунак ад Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд”. Прызы ад абласных арганізацый “Белая Русь” і “Беларускі фонд міру” дасталіся Вользе Нікіценка з віцебскай гімназіі № 2 і Іне Лугаўцовай з сярэдняй школы № 9 Оршы. За творчае асэнсаванне нацыянальнай паэтычнай спадчыны і канцэптуальны падыход да трактоўкі літаратурнага твора алімпіяднікі атрымалі ганаровыя граматы, дыпломы ад Саюза пісьменнікаў Беларусі. Таксама самыя старанныя атрымалі падарункі ад міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, старшынь Гомельскага абласнога і гарадскога выканкамаў. Намеснік старшыні журы старшы выкладчык кафедры сучаснай беларускай мовы Белдзяржуніверсітэта Аляксандр Радзевіч уручыў чатырнаццаці алімпіяднікам пахвальныя водзывы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

І вось настаў самы хвалюючы і доўгачаканы момант, калі для ўручэння дыпломаў на сцэну пачалі запрашаць пераможцаў. Гэтых юнакоў і дзяўчат дацэнт кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы член журы Валерый Варановіч назваў супергероямі.
— Я працаваў з 9-мі класамі, і сёння выйшаў на гэтую сцэну, каб прызнацца вам усім у сваёй любові, — звярнуўся да юных знаўцаў беларускай мовы і літаратуры Валерый Леанідавіч. — Гэта сапраўдная асалода — працаваць з такімі разумнымі дзецьмі. Вы героі. А каму ж тады ўручаць дыпломы, калі ўсе героі? Даверуся свайму словазнаўству і скажу так: тыя, хто выйдзе сёння на гэтую сцэну за дыпломамі, — яны супергероі!
Такі жартаўлівы зварот зала падтрымала ўсмешкамі і апладысментамі. А вядучыя ўжо называлі імёны 26 уладальнікаў дыпломаў ІІІ ступені.

Найлепш сябе паказалі навучэнцы 9—11 класаў устаноў адукацыі Магілёўскай і Мінскай абласцей, забраўшы па шэсць дыпломаў кожная. На адзін дыплом менш у алімпіяднікаў з Віцебскай вобласці. З дзесяці дыпломаў І ступені ў мінчан — палова: лепшымі знаўцамі беларускай мовы аказаліся гімназісты мінскіх гімназій № 24 Вераніка Шавель і № 1 імя Францыска Скарыны Яна Нікіфарава, навучэнка Мінскага абласнога ліцэя Марыя Клімовіч і дзве ліцэісткі БДУ — Марына Яромка і Кацярына Ясінская. Два дыпломы І ступені ў скарбонку Магілёўскай вобласці ўнеслі Вера Сасунова з гімназіі № 4 Магілёва і Таццяна Шапавалава з гімназіі № 1 Бабруйска. Дыпломы І ступені таксама ў вучаніцы Фядорскай сярэдняй школы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці Вікторыі Цярлецкай і навучэнкі гімназіі № 1 Брэста Марыі Пятрэнка. Яшчэ адна пераможца — Антаніна Змітрукевіч з сярэдняй школы № 15 Ліды Гродзенскай вобласці. Прыемна, што сярод уладальнікаў дыплома І ступені — дзесяцікласніца з сельскай школы. Перамога дзяўчынкі яшчэ раз даказвае, што прага да ведаў і мэтанакіраванасць — галоўныя складнікі поспеху і здзяйснення мар.

Назіраеш за гэтымі старшакласнікамі — і па-добраму зайздросціш. Упартыя, таленавітыя, яны цвёрда ведаюць, што ім патрэбна, яны адкрыты да ўсяго новага, яны гатовы прайграваць, каб зноў і зноў спрабаваць свае сілы і нязменна крочыць наперад, да пастаўленых мэт.

— Я гляджу на іх, слухаю іх і іншы раз думаю: “Чаму я калісьці не была такой!” — падзялілася думкамі член журы, выкладчык Інстытута журналістыкі, кандыдат філалагічных навук Інга Воюш. — Не баяцца памыляцца, лёгка аспрэчваюць і аргументуюць… Гэта талент.

Наталля ЛУТЧАНКА.