Не чарсцвець душой

- 12:20Адукацыйная прастора

Сучасныя падлеткі разумныя, прыгожыя, бойкія, дапытлівыя. Многія з іх імкнуцца да разумных каштоўнасных арыенціраў, жадаюць быць актыўнымі, эфектыўнымі, дабіцца грамадскага прызнання. Аднак даволі высокі ўзровень адукаванасці і дзелавітасці ў дзецях часта дзіўным чынам спалучаецца з залішняй практычнасцю, эмацыянальнай скупасцю і чэрствасцю. Заўважыўшы такую нестыкоўку, настаўніца Крупскай сярэдняй школы № 1 імя У.М.Марцінкевіча Аксана Яромкіна на сваіх уроках рускай мовы і літаратуры вырашыла паспрабаваць выправіць сітуацыю.

Кошт хлеба

— Я думаю, многія педагогі назіраюць, як у школьнай сталовай што­дня ў скрыні з адходамі адпраўляюцца катлеты, каша, хлеб, а часам амаль не кранутыя порцыі з ежай, — заўважае Аксана Яраславаўна. — Пры гэтым на ўроках школьнікі бойка паўтара­юць за настаўнікам “Хлеб усяму галава”, “Хлеб — карміцель”, “Хлеб — бацюхна”. Ведаюць, што ў старажытных славян круг з кропкай пасярэдзіне быў сімвалам і хлеба, і золата, і сонца. Але вось жа парадокс: на ўроку гэты круг вучні старанна выво­дзяць на дошцы, расказваючы, што тэхналогію хлебапячэння прыдумалі старажытныя егіпцяне 15 тысяч гадоў назад, а на перапынку скрыні зноў напаўняюцца надкусанымі булкамі і бутэрбродамі. А бацькі часцей за ўсё праблемы ў такім нядбайным стаўленні дзяцей да хлеба і прадуктаў харчавання не бачаць. Толькі адмахваюцца, маўляў, мы ж не галадаем, а адходы і птушкі з’ядуць…

Разумеючы, што натацыі тут чы­таць бессэнсоўна, педагог вырашыла ў выхаваўчых мэтах увасобіць на ўроку рускай мовы ў 7 класе невялікі творчы праект. Задума ў тым, каб школьнікі паразважалі над стаўленнем да хлеба і прадуктаў харчавання пад новым для сябе вуглом — напісаўшы сачыненне пасля размовы са старэйшымі членамі сям’і, якім давялося ваяваць у гады Вялікай Айчыннай вайны, перажыць акупацыю, голад, эвакуацыю, месяцы недаядання. Творчае заданне было сфармулявана ў лепшых інстаграмных традыцыях новага лічбавага фармату жыцця — у выглядзе хэштэга #ВАВ_падлетак_небяспека_хлеб_страх_мужнасць_выратаванне.

Заданне, сфармуляванае зразумелай і блізкай школьнікам мовай,  дапамагло нівеліраваць прамое педагагічнае ­ўздзеянне, якое часам успрымаецца ў штыкі з-за асаблівасцей пераходнага ўзросту. Хэштэг жа задаў пэўны алгарытм дзеянняў і дапамог стварыць сітуацыю поспеху.

— Нягледзячы на дзесяцігоддзі, якія аддаляюць нас і нашых дзяцей ад той вайны, гэтая найважнейшая і трагічная падзея валодае вялікай сакральнасцю і магутным эмацыянальным зарадам, — адзначае Аксана Яромкіна.  — Успамінаць пра яе важна і трэба ў выхаваўчых мэтах. На маю думку, ваенныя або каляваенныя ўспаміны павінны зблізіць дзяцей і бацькоў, закрануць у душах розных пакаленняў патрыятычныя струны, адгукнуцца ў сэрцах дарослых і юнакоў ноткамі любові, дабра, спагады, суперажывання. А яшчэ сямейныя гісторыі, асабістыя перажыванні старэйшага пакалення, якія падлеткі прапускаюць праз сябе, — добрая падстава для ўмацавання ў іх свядомасці гістарычнай памяці, бязмернай павагі да подзвігу продкаў, для фарміравання беражлівых адносін да людзей, жыцця і хлеба.

Урыўкі ўспамінаў, звязаныя з ежай, навучэнцы зачыталі на ўроку, педагог таксама агучыла гісторыю, расказаную некалі яе бацькамі.

Даведацца і асэнсаваць

Апавяданні, напісаныя вучнямі пасля гутарак са старэйшымі членамі сем’яў, былі і рознымі, і падобнымі. Падобныя — апісаннем пра вельмі цяжкі побыт ваенных гадоў. Людзі працавалі, не шкадуючы сіл, нягледзячы на голад і нястачу. Дарослыя аддавалі дзецям апошняе, а дзеці праяўлялі не меншую мужнасць, велізарную адказ­насць і стараннасць.

Запісаныя ўласнаручна гісторыі навучэнцы зачытвалі ўголас у поўнай цішыні. Без прэзентацый і музычнага суправаджэння.

— Па тварах школьнікаў было бачна, што мэты ўрока дасягнуты, — заўважае напрыканцы размовы педагог. — Гісторыі, расказаныя бабулямі і дзядулямі, прабабкамі і прадзедамі, нашмат глыбей пранікаюць у дзіцячыя душы, чым любое кніжнае апавяданне. Запісваючы ўспаміны продкаў, вучні нібы прымяралі на сябе тыя цяжкасці і няшчасці, з якімі сутыкнуліся іх блізкія і родныя: нястачы, голад, боль, страх. Такім чынам сучасныя дзеці змаглі вастрэй адчуць той страшны ваенны час. Акрамя таго, навучэнцы адчулі вялікую гордасць за сваіх блізкіх, у іх умацавалася вера ў лю­дзей, у справядлівасць. Спадзяюся, што да іх прыйшло асэнсаванне таго, як важна бескарысліва дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу, нічога не чакаючы ўзамен.

Кругаварот успамінаў

— Заходняя Беларусь. Акупацыя. Паслалі падлетка-сына на канец хутара сачыць, ці не едуць немцы. А баць­ка тым часам з зямлі вядро збожжа дастаў, жорнамі перамалоў, маці мігам цеста замясіла — і ў печ. Потым дзецям гарачыя кавалкі разлажылі ў ручкі і ў сад іх адправілі. А тут і паліцаі завіталі ды давай гарлапа­ніць: “У хаце пахне свежым хлебам. Дзе хаваеце зерне?..”

***

— Сібір. Вясна. Голад. Дзеці з торбай праз плячо брыдуць па палях. Рукі сінія, худыя. Мерзлая бульба. Каласкі напалову гнілыя. Але ўвечары маці таўкуць усё сабранае ў ступах, замешваюць “цеста”, пякуць так званыя “дранікі” і нахвальваюць дзяцей: “Малайцы! Здабытчыкі!”

***

— Польшча. Лагер смерці. Вось дзе ліха! Сыпны тыф косіць сотнямі. Замест хлеба сурагат. У ім вотруб’е, пілавінне, жалуды, гнілая бручка. На зубах храбусціць пясок. Хлопчык ужо ледзь ходзіць. Здаецца, смерць немінучая. Але! У двары тры асіны. Успомніў: у вёсцы авечкі вярталіся з лугу і збоч­валі ў асіннік, грызлі кару. Значыць, у ёй ёсць нешта карыснае? І кожную раніцу хлопчык падыходзіць да дрэў грызці кару! Усе тры дрэвы ачышчаны да белага. І асіны ратуюць ад смерці…

***

— Фронт за Оршай. Май месяц. Кананада, выбухі, языкі полымя. Партызанскі лагер. Узводны вярнуўся са штабной зямлянкі хмуры і незадаволены: “Слёзы, а не заданне! І што брыгаднаму начальству ў галаву стукнула? Фронт пад бокам, а нам загадана сеяць”. — “Кулі?” — “Не, зерне”. Загад разумны. Не абмяркоўваецца. Зямля сагрэлася — трэба сеяць. І вось позна ўвечары атрад прахо­дзіць сем кіламетраў і пад самым носам у ворага, каля дарогі, на якой не спыняецца рух, пры святле зорак прахо­дзіць пасяўная. Песень, вядома, партызаны не спяваюць. Але жартаваць усё ж такі жартуюць. Хлапчуку Ванюшу (майму прадзядулі) кажуць: “Ты, Ваня, сабе ўжо на бліны насеяў, дай цяпер іншым папраца­ваць!” Толькі аўтаматы перашкаджаюць: шару­юць шыі і ражкі з патронамі па каленях стукаюць. Але здымаць забаронена. Калі што, прыйдзецца прыняць бой.

Марына КУНЯЎСКАЯ.