Не магу сказаць “бывай”

- 10:40Ремарка

Вядучая рубрыкі

Святлана ЛОЦМАНАВА

 

 

 

 

 

 

Якія ўрокі неабходна засвоіць, каб прэтэндаваць на атэстат сапраўднай сталасці?

Падчас нядаўняй камандзіроўкі ў Чашнікі наведаліся ў мясцовую гімназію. У кабінеце гісторыі я звярнула ўвагу на арыгінальны дызайн памяшкання. Адна з яго сцен была ўпрыгожана рос­пі­сам са славутасцямі Беларусі. Вытанчана, стыльна, лаканічна. Як кажуць, зроблена з любоўю. Убачыўшы маю цікавасць, дырэктар установы адукацыі Святлана Віктараўна Лізука з гордасцю патлумачыла: “Вось такі цудоўны падарунак зрабіла наша выпускніца Хрысціна Бяднарык”. Падобную гісторыю ў гэты ж дзень я пачула і ў сярэдняй школе № 1 Новалукомля імя Ф.Ф.Дуб­роўскага. Там аб сабе добры ўспамін пакінулі адразу тры былыя вучні: Сяргей Міхайлавіч Мяфодзьеў, Міхаіл Пятровіч Байкоў і Міхаіл Эдуардавіч Галькевіч. Апошні, дарэчы, працуе ў гэтай жа ўстанове адукацыі настаўнікам працоўнага навучання. Дзякуючы іх карцінам, школьныя фае выглядаюць па-дамашняму ўтульна. Не забывае пра сваю школу і Сяргей Ізотаў. Хоць ён і пераехаў з Беларусі ў Санкт-Пецярбург, са сваімі настаўнікамі падтрымлівае сувязі — забяспеч­вае вучнёўскую каманду спартыўнай формай і інвентаром.

Тут жа памяць нагадала яшчэ адзін эпізод з майго журналісцкага жыцця — сустрэчу с найцікавейшым чалавекам, апантаным краязнаўцам, настаўнікам геа­графіі Пастаўскай гімназіі Ігарам Пракаповічам. Ён расказваў, што ў экспедыцыі па родным краі ра­зам з ім часта адпраўляюцца яго выпускнікі, якія ў тым ліку дапамагаюць арганізоўваць такія ванд­роўкі. Не магу не ўзгадаць другі яскравы прыклад — у мінулым го­дзе бешанковіцкая сярэдняя школа № 2 імя Героя Савецкага Саюза М.М.Ткачэнкі расчыніла свае дзверы перад навучэнцамі пасля маштабнай рэканструкцыі. А прафінансаваў усе работы яе былы вучань Аляксандр Яўневіч, бізнесмен, які зараз жыве ў Расіі.

І на такія гісторыі багата не толькі Віцебшчына. У якім бы куточку Беларусі ні даводзілася бываць, усюды расказваюць пра сувязь, якая існуе ва ўстаноў адукацыі з былымі навучэнцамі. Хтосьці з іх дапамагае з экспанатамі для музея, хтосьці з сучасным абсталяваннем, хтосьці з рамонтам.

Усе гэтыя невялічкія кавалачкі пазла складаюцца ў маляўнічую карціну, якая заклікае да разважання: што прымушае дарослых людзей раз за разам вяртацца ў родную школу, праходзіць па гулкіх калідорах, садзіцца за парту, разглядаць школьныя фотаздымкі? Напэўна, тое, што і мяне падштурхоўвае перагортваць з хваляваннем старонкі кнігі, якую калісьці падарыла мая першая настаўніца, калі я хварэла на ангіну і ляжала ў бальніцы. Цеплыня чалавечых зносін. Жаданне адчуць водар дзяцінства. Успаміны пра кранальныя моманты свайго жыцця.

Школа — гэта не толькі заняткі, на якіх дзеці засвойваюць веды па розных прадметах, не толькі сцены, дзе яны праводзяць 11 гадоў, напоўненых самымі рознымі падзеямі. Галоўнае тое, што тут яны атрымліваюць першыя ўрокі сардэчнасці і неабыякавасці, такія неабходныя ў раскладзе нашага жыцця, каб прэтэндаваць на атэстат сапраўднай сталасці. Менавіта такія зносіны прымушаюць людзей і праз 20, 30 гадоў тэлефанаваць адно аднаму, прапаноўваць сваю дапамогу, удзельнічаць у агульных праектах. 

З нагоды гэтага вельмі сімвалічнай падаецца традыцыя, якая існуе ў сярэдняй школе № 1 Новалукомля імя Ф.Ф.Дуброўскага: развітваючыся з дзяцінствам, юнакі і дзяўчаты пакідаюць у школьным садзе маленькае дрэўца. Не сумняваюся, што час ад часу яны бу­дуць наведваць сваіх “выхаванцаў”, каб палюбавацца, як тыя растуць і даюць плады. Будуць пеставаць са­джанцы, як калісьці аб вучнях клапаціліся настаўнікі. А потым сюды стануць прыходзіць ужо ўнукі былых выпускнікоў і з гордасцю гаварыць, што гэтую яблыньку пасадзілі мой дзядуля ці бабуля. Такім чынам, сцежка да школьнага парога ніколі не будзе зарастаць.