Занятасць дзяцей з’яўляецца важнай прафілактыкай супрацьпраўных паводзін.
“Міністэрства адукацыі займаецца пытаннямі працоўнай занятасці непаўналетніх як у вучэбны, так і ў канікулярны час, — сказала намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Галаўнёва. — На працягу года ўстановы адукацыі сумесна з тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прадастаўляюць магчымасць часовай працоўнай занятасці тым дзецям, што адносяцца да сацыяльна ўразлівых катэгорый”.
Падчас канікул запатрабаванай формай занятасці з’яўляецца работа ў лагерах працы і адпачынку. Жаданне запісацца ў іх выказваюць штогод больш за 12,5 тысячы чалавек.
У Беларусі функцыянуюць 264 установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, у якіх прапаноўваецца шэраг напрамкаў і аб’яднанняў па інтарэсах. Дзякуючы ім хлопчыкі і дзяўчынкі могуць развіваць свае творчыя здольнасці і ўдасканальваць спартыўныя дасягненні. Дарэчы, установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі працуюць на бюджэтнай аснове.
“Акрамя гэтага, падлеткі летам працуюць у студэнцкіх атрадах і працаўладкоўваюцца індывідуальна, — заўважыла прадстаўнік Міністэрства адукацыі. — Згодна са статыстыкай, якая паступіла ў аператыўным парадку з рэгіёнаў, на 1 ліпеня было працаўладкавана 5166 непаўналетніх, што складае 44% ад агульнай колькасці ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў. У гэтую катэгорыю ўваходзіць 286 дзяцей, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, і 107 падлеткаў, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Летась больш за 30 тысяч непаўналетніх знайшлі для сябе вакансіі самастойна. На 1 ліпеня бягучага года іх ужо больш за 16 тысяч,
у тым ліку 300 чалавек, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, і больш за 200 дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы”.
А. Галаўнёва нагадала, што сёлета запланавана аздаравіць 366 тысяч непаўналетніх, — гэта на 22 тысячы больш, чым у мінулым годзе: “У аздараўленчых лагерах педагагічныя работнікі сумесна з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў праводзяць прафілактычную кампанію па прадухіленні супрацьпраўных паводзін дзяцей. Так, Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” стварыў метадычны партал для ўсіх педагагічных работнікаў, якія заняты ў выхаваўча-аздараўленчых установах адукацыі. Тут можна атрымаць кансультацыю наконт таго, якія формы прафілактычнай работы з’яўляюцца найбольш эфектыўнымі”.
Наталля САХНО.