“Калі я раблю цацкі, значыць дома ўсё добра. З дрэнным настроем у мяне нават жадання не ўзнікае іх ствараць”, — так гаворыць пра сваё цудоўнае захапленне Наталля Сушчынская, загадчык аддзела па асноўнай дзейнасці Талачынскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Яны лёгкія, нібы пушынкі, памерам з далонь. Аднак кожная з іх непаўторная, кожная ўвасабляе вобраз, прадуманы майстрам да дробязей. Менавіта цацкі з ваты далі магчымасць збыцца запаветнай мары Наталлі Уладзіміраўны — мець калекцыю ўласных лялек. А пачалося ўсё два гады назад.
— Я доўга прыглядалася да цацак з ваты, чытала літаратуру, глядзела майстар-класы, але ўсё не магла адважыцца. Штуршком стаў конкурс “Лёд. Кветкі. Фантазія”, які праводзіць Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Я рызыкнула. Больш чым месяц мне спатрэбілася, каб зрабіць чатыры першыя цацкі. Гэта былі дзеткі ў касцюмах звяроў — зайчаня, ваверчаня, лісяня і медзведзяня. Работу ацанілі высока, яна заняла 2-е месца, і гэта мяне вельмі акрыліла і надало ўпэўненасці, — дзеліцца педагог.
Наталля Уладзіміраўна — чалавек творчы, рукадзелле — неад’емная частка яе жыцця амаль з дзяцінства. Бабуля некалі навучыла яе вязаць кручком і пруткамі, шыць адзенне. Наталля Сушчынская скончыла педагагічны каледж у Барысаве, атрымала спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў. Спачатку працавала ў сельскай школе, дзе таксама мела дачыненне да творчасці: вяла гурток для дзяўчат. Яны не толькі вучыліся шыць, але і стваралі лялькі для школьнага тэатра. Больш за дзесяць гадоў назад Наталля Уладзіміраўна прыйшла працаваць у цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Пачынала метадыстам, зараз загадвае аддзелам, прымае актыўны ўдзел у творчых конкурсах. За гэты час навучылася ткаць паясы з нацыянальным арнаментам, плесці вырабы з лазы і саломкі. Усе гэтыя навыкі спатрэбіліся, калі яна захапілася цацкамі з ваты.
— Мне вельмі падабаецца сам працэс. І, канечне, вынік. Калі разглядаю цацкі, зробленыя год назад, бачу недахопы і радуюся, што маё майстэрства расце. І яшчэ заўважыла: калі дома ўсё добра, аж рукі свярбяць хутчэй заняцца цацкамі, — з усмешкай адзначае суразмоўніца.
Сёння ў яе калекцыі каля 80 цацак. Гледзячы на іх, вяртаешся ў дзяцінства, такое светлае і бестурботнае. Вось дзяўчынка з румянымі ад марозу шчочкамі і з батонам у руках, а вось адзін хлопчык з вудай у руках, а другі — з папяровым караблікам… Адным словам, мілата!
Нараджэнне цацкі з ваты — вельмі карпатлівы працэс, які ператварае педагога і ў скульптара, і ў мастака, і ў мадэльера. Пачынаецца ўсё, канечне, з вобраза. Увасабленне ж адбываецца паэтапна. Першым чынам ствараецца корпус з дроту, а потым — галава з палімернай гліны.
— Я выкарыстоўваю формы для адліву, выраб запякаю ў духоўцы. А потым з дапамогай стэкаў мяняю рысы твару, каб цацкі былі не падобныя адна да адной. Вельмі хочацца навучыцца перадаваць самыя розныя эмоцыі на тварыках лялек: радасць, сум, здзіўленне, — прызнаецца педагог.
Каб вылепіць цела лялькі, ваты патрабуецца куды менш, чым клею. Сюды ж дабаўце час і цярпенне. Кожная дэталь адзення робіцца з асобнага кавалачка ваты, прамочанага клеем, — рукавы кашулі, спінка, каўнерык… Кожная павінна высахнуць, перш чым дабавіць наступную дэталь. І так крок за крокам.
— З гэтай прычыны, бывае, раблю адразу некалькі цацак. Пакуль адны сохнуць, працую над іншымі. Не раз здаралася і так: планую зрабіць дзяўчынку, а атрымліваецца хлопчык, — усміхаецца Наталля Уладзіміраўна.
Калі цацка поўнасцю высахла, надыходзіць час размалёўваць яе. Для гэтага патрэбны акрылавыя фарбы і пэндзлікі, у тым ліку тыя, што выкарыстоўваюць майстры манікюру. З іх дапамогай педагог размалёўвае дробныя дэталі. Апошні этап — пакрыццё лакам і бліскаўкамі.
Ну і, канечне, нельга пакінуць без увагі аксесуары, якія дапаўняюць вобраз цацкі. Тыя, што з дрэва, — санкі, вуду, самалёцік, — робіць муж. Паяскі яна тчэ сама, лепіць малюсенькія кветкі, цацкі, цукеркі, якія трымаюць у руках лялькі.
— Цікава было самой звязаць авоську. Знайшла майстар-клас і зрабіла. Яна атрымалася памерам літаральна два сантыметры. З гліны зляпіла малюсенькія мандарыны. Пальчаткі не выкарыстоўваю, у іх нязручна, запэцкаць рукі клеем і фарбамі не баюся, — расказвае майстар.
Да гэтага Новага года Наталля Уладзіміраўна зрабіла вялікую цацку — 30-сантыметровага Дзеда Мароза. Рабіла яго доўга, шмат часу спатрэбілася на высыханне клею.
А яшчэ стварыла цацку ў выглядзе Гары Потэра. Магчыма, не за гарамі нараджэнне новай серыі цацак — герояў знакамітай сагі пра хлопчыка-чарадзея. Выбіваецца з кагорты цацак Баба Яга. Яна добрая і вясёлая. Хто ведае, можа, у хуткім часе ў яе з’явяцца сяброўкі і хатка на курыных ножках.
Марына ЖДАНАВА