Не проста ўзнагарода, а шчаслівы білет у будучыню

- 13:33Апошнія запісы, Рознае

У канцэртнай зале “Верхні горад” у Мінску прайшла сустрэча намесніка прэм’ер-міністра нашай краіны Наталлі Іванаўны Качанавай з навучэнцамі і студэнтамі — пераможцамі міжнародных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, якія сталі лаўрэатамі і стыпендыятамі спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў, студэнтаў і таленавітай моладзі.

Сёлетняе мерапрыемства знамянальнае тым, што спецыяльнаму фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у гэтым годзе споўнілася 20 гадоў. На яго прыйшлі лаўрэаты спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2015 года, іх педагогі, а таксама лаўрэаты мінулых гадоў.

Да пачатку ўрачыстага мерапрыемства Наталля Іванаўна Качанава пазнаёмілася з выставай інтэлектуальных і творчых дасягненняў лаўрэатаў фондаў і атрымала памятны падарунак (сервіз “Ізумрудны горад”) ад выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

“Узровень адукацыі ў нашай краіне дастаткова высокі, — сказала Наталля Іванаўна. — Урад і кіраўнік нашай дзяржавы А.Р.Лукашэнка ўдзяляюць вялікую ўвагу моладзі. Стыпендыяты фондаў заўсёды запатрабаваны. Імкнёмся да таго, каб кола прымянення здольнасцей таленавітай моладзі пашыралася. А самае важнае, каб яна заставалася ў нашай краіне, забяспечвала яе прагрэсіўнае развіццё”.

Са сцэны канцэртнай залы Наталля Іванаўна павіншавала ўладальнікаў залатых медалёў міжнародных прадметных алімпіяд, гран-пры, прызёраў міжнародных фестываляў і конкурсаў і ўручыла ім нагрудныя знакі і пасведчанні лаўрэатаў спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў, студэнтаў і таленавітай моладзі:

“Я рада вітаць усіх, чый талент і працавітасць не перастаюць здзіўляць новымі дасягненнямі і перамогамі. Вы па праве прадстаўляеце маладую інтэлектуальную і творчую эліту Рэспублікі Беларусь. Знамянальна, што сустрэча праходзіць напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей. Наша краіна і прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ажыццяўляюць паслядоўную і мэтанакіраваную палітыку па абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей і моладзі, па стварэнні неабходных умоў для рэалізацыі інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу юных грамадзян Беларусі. У нас дзейнічае стабільная сістэма падтрымкі сацыяльных інстытутаў сям’і, мацярынства і дзяцінства, дзяцей і моладзі, якая з’яўляецца адной з самых эфектыўных у параўнанні з падобнымі існуючымі сістэмамі ў іншых краінах Садружнасці незалежных дзяржаў. З гонарам адзначу: за 20 гадоў дзейнасці спецыяльных фондаў прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў, студэнтаў і таленавітай моладзі больш за 35 тысяч маладых людзей і 300 навуковых, творчых, мастацкіх калектываў сталі лаўрэатамі і стыпендыятамі фондаў. Сёння інтэграваны банк даных юных талентаў краіны налічвае больш за 8 тысяч чалавек. Яны маюць ільготы пры паступленні ў ВНУ, магістратуру, аспірантуру, у іх ёсць права атрымання льготнага крэдыту пры будаўніцтве жылля, яны атрымліваюць даплаты пры паступленні на работу.

Кожны з нас па-асабліваму адчувае сёння гонар за творчыя поспехі і перамогі моладзі. У 2015 годзе на міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі заваявалі 41 медаль. У ліку ўладальнікаў узнагарод былі навучэнцы навуковага аб’яднання па інтарэсах “Генетыка і селекцыя” Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Ксенія Владыка, Ілья Карпец, Ілья Навасельскі, Дар’я Вырко. Іх работы па даследаванні пытанняў біяхіміі, фізіялогіі і генетыкі, сельскагаспадарчай экалогіі атрымалі высокую ацэнку міжнароднага журы на прэстыжных навуковых форумах. Паспяхова выступалі на міжнародных конкурсах прадстаўнікі творчай моладзі. Анатоль Сіўко, напрыклад, перамог у Міжнародным конкурсе маладых вакалістаў “Новыя галасы — 2015” у Германіі. Аляксандр Раславец стаў лепшым на 7 Міжнародным конкурсе оперных спевакоў у Санкт-Пецярбургу. Поспехі нашай нацыянальнай каманды на X Дэльфійскіх гульнях дзяржаў — удзельніц СНД вышэй за ўсе пахвалы. Беларусы заваявалі 6 залатых, 4 сярэбраныя і 4 бронзавыя медалі.

Асаблівыя словы прызнання і ўдзячнасці я хацела б выказаць педагогам і бацькам. Менавіта яны адкрываюць перад вамі дзівосны свет ведаў, разам з вамі радуюцца дасягненням і дапамагаюць пераадольваць цяжкасці. Словы ўдзячнасці і тым, чыя дзейнасць на працягу многіх гадоў звязана з дзейнасцю спецыяльнага фонду па падтрымцы таленавітай і адоранай моладзі. Яны робяць шмат для таго, каб стыпендыяты фонду заставаліся працаваць у краіне і садзейнічалі яе прагрэсіўнаму развіццю і росквіту”.

Узнагароды лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, прызёрам-уладальнікам другіх і трэціх месцаў міжнародных фестываляў і конкурсаў уручыў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Уладзіміравіч Святлоў.

“Наша свята адбываецца ў Год культуры, — падкрэсліў ён. — І звярніце ўвагу на чароўны збег лічбаў: сёлета — Год культуры, 20 гадоў споўнілася фонду і 25 гадоў, як наша краіна стала незалежнай. Сёння імёны тысяч таленавітых дзяцей Беларусі вядомы шырокай грамадскасці. Вы, шаноўныя, ужо амаль што зоркі, жадаю, каб шлях ваш быў не цярністым. Рабіце ўсё на карысць роднай краіны”.

Ва ўручэнні ўзнагарод лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, уладальнікам сярэбраных і бронзавых медалёў міжнародных прадметных алімпіяд і конкурсаў прыняў удзел міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў.

“Сярод лаўрэатаў спецыяльнага фонду некалькі соцень тых, хто абараніў кандыдацкія дысертацыі, каля дзясятка стыпендыятаў сталі дактарамі навук, прафесарамі, — адзначыў міністр. — Гэта па-асабліваму знамянальна зараз, калі прэзідэнт краіны аб’явіў, што ў нас эканоміка ведаў. Веды, інтэлект, інавацыйныя падыходы выходзяць на першы план. Уплыў адоранай моладзі на развіццё краіны надзвычай значны. Наша будучыня за вамі, юныя таленты. Жадаю ўсім лаўрэатам стаць яркімі, непаўторнымі зоркамі на небасхіле нашай краіны”.

Са словамі ўдзячнасці выступілі лаўрэаты фондаў — старшы выкладчык кафедры малюнка, жывапісу, скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў кандыдат мастацтвазнаў

ства Ганна Уладзіміраўна Конанава і выпускніца гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага ўладальніца бронзавага медаля ІV Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды сярод дзяўчат 2015 года Лізавета Манжуліна, а таксама кіраўнік каманды Рэспублікі Беларусь на Міжнароднай геаграфічнай алімпіядзе Людміла Уладзіміраўна Факеева.

Напрыканцы сустрэчы намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Н.І.Качанава прыняла ў дар з рук юных прадстаўнікоў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі падарункавы асобнік кнігі “Гонар Беларусі. Маладыя, таленавітыя, адораныя”.

У выкананні лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі розных гадоў для ўсіх прысутных прагучаў музычны падарунак — канцэрт-прэзентацыя дасягненняў.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Раміля НАСІБУЛІНА, БелТА.