«Не робім стаўку на канкрэтны прадмет». У чым сакрэт поспеху рагачоўскіх педагогаў у конкурсе «Настаўнік года»

- 16:15Планерка

Рагачоўская зямля багатая на ўдзельнікаў заключнага этапу конкурсу «Настаўнік года», дзе сёлета ў камандзе Гомельскай вобласці з 8 чалавек трое былі з Рагачова, у тым ліку абсалютны пераможца спаборніцтва Сяргей Шамінскі. У чым жа сакрэт поспеху, карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала начальнік аддзела адукацыі Рагачоўскага райвыканкама Алена Клачкова.

Рагачоўшчына доўгія гады асабліва не мела вынікаў нават на абласным этапе конкурсу «Настаўнік года». Пераломны момант наступіў, калі ў 2017 г. упершыню ў заключны этап выйшла Алеся Кулікова, біёлаг па адукацыі, якая сёння з’яўляецца дырэктарам гімназіі Рагачова. Пераможцай яна не стала, але дзякуючы ёй мы адчулі, што значыць спаборнічаць на самым высокім узроўні. У 2020 г. у нас было два ўдзельнікі заключнага этапу спаборніцтва — настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Рагачова імя У.С. Вялічкі Наталля Лізунова і настаўнік працоўнага навучання Стаўпнянскай сярэдняй школы Аляксандр Атрохаў, які ў фінале стаў лаўрэатам. А ў 2023-м у фінал выйшлі тры нашы педагогі: настаўніца хіміі сярэдняй школы № 4 Таццяна Лашакова, настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 5 Рагачова Іна Беразюк і настаўнік выяўленчага мастацтва Доўскай сярэдняй школы Сяргей Шамінскі, які стаў абсалютным пераможцам, — паведаміла суразмоўніца.

На думку А. Клачковай, сакрэт поспеху рагачоўскіх педагогаў у тым, што сістэмна, структуравана, з разуменнем справы працуе не толькі калектыў школы, дзе ёсць канкурсант, а педагагічная каманда ўсяго раёна. Калегі дапамагаюць адно аднаму, незалежна ад таго, які прадмет выкладаюць, асабліва тыя, хто ўжо мае конкурсны вопыт. Расказваюць пра майстар-класы, падрыхтоўку да ўрока, якія патрабаванні ў журы. Сваю ролю адыгрываюць педагагічныя традыцыі Рагачоўскага раёна.

Патэнцыял, памножаны на сучасныя падыходы і тэндэнцыі, даў выдатны вынік. Пахвалю і асобныя калектывы ўстаноў адукацыі за тое, што падчас конкурсу-2023 спрацавалі метадычна правільна. Цалкам згодна са словамі пераможцы С. Шамінскага, які са сцэны Палаца Рэспублікі выказаў падзяку Гомельскаму абласному ІРА, што суправаджаў яго на працягу ўсіх выпрабаванняў… Мы не робім стаўку на канкрэтны прадмет, калі вылучаем канкурсанта, для нас галоўнае — методыка выкладання, тэхналогіі, якія выкарыстоўвае педагог, яго асабістыя якасці, — падкрэсліла А. Клачкова.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара