На міжнародны чэмпіянат WorldSkills у складзе беларускай каманды прыехалі 27 экспертаў. З двума вядомымі майстрамі сваёй справы ўдалося пагутарыць у гарачы час, калі на конкурсных пляцоўках кіпяць эмоцыі, а творчыя фантазіі канкурсантаў ажно зашкальваюць.
Кампетэнцыя “Кандытарскае мастацтва” вельмі відовішчная, і вакол пляцоўкі, дзе спаборнічаюць кандытары, сабралася шмат наведвальнікаў чэмпіянату. Людміла Аляксандраўна Аўсяннікава, галоўны рэдактар часопіса “Пекар і кандытар”, эксперт гэтай кампетэнцыі, расказала, што большасць заданняў паступіла канкурсантам у выглядзе так званых загадкавых модуляў. Такі падыход атрымаў распаўсюджванне менавіта на гэтым чэмпіянаце і мае мэтай паказаць канкурсанта не толькі як выканаўцу стандартнага задання, а раскрыць у ім увесь творчы патэнцыял, прымусіць яго думаць і тварыць. Ведаючы гэтыя асаблівасці сёлетняга спаборніцтва, наша канкурсантка Злата Шпак, навучэнка Гродзенскага прафесійнага тэхналагічнага каледжа, трэніравалася на выкананні мноства кандытарскіх вырабаў. І недарма. Усе заданні для кандытараў былі скіраваны на індывідуальны падыход і на творчы ўзлёт канкурсанта. Напрыклад, пры кандытарскай лепцы, згодна з заданнем, была прадстаўлена злепленая фігурка, якая была толькі ўзорам для работы канкурсантаў. Кандытары павінны былі не капіраваць гатовую фігурку, а зрабіць сваю, непаўторную, і тым самым праявіць індывідуальнасць. Яшчэ адным заданнем стала выкананне незвычайнага торта, які павінен быў мець вяршыню больш за 70 см у выглядзе шакаладнай арт-кампазіцыі. Для выканання заданняў кандытарам дадзена 16 гадзін. У кампетэнцыі “Кандытарскае мастацтва” ўдзельнічаюць канкурсанты з 27 краін. І наша Злата займае лідарскія пазіцыі. Цярпенне, творчы запал і байцоўскія якасці дзяўчына сфарміравала падчас удзелу ў многіх спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню, дзе заваявала высокія ўзнагароды, самая дарагая з якіх — званне шакаладнага майстра.
— Для нас чэмпіянат адкрывае не толькі новыя рысы прафесійнага майстэрства, але і аб’ядноўвае з іншымі краінамі, — падзялілася думкамі Людміла Аляксандраўна. — Нашы эксперты пазнаёміліся з замежнымі экспертамі, многія пасябравалі. Я, напрыклад, пазнаёмілася з экспертам з Індыі і думаю, што наша сяброўства прадоўжыцца далей.
Выкладчык Гродзенскага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну Наталля Іванаўна Юхневіч выступае экспертам у кампетэнцыі “Дызайн адзення”. Яна паведаміла, што ў гэтай кампетэнцыі дэманструе свае прафесійныя навыкі яе выхаванка, выпускніца каледжа Вольга Кушнер. Дзяўчына стала ўдзельніцай беларускай каманды дзякуючы перамозе на Нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills Belarus, дзе заваявала “золата”. На гэтым чэмпіянаце заданне складаецца з 5 модуляў, дзе трэба прадэманстраваць свае ўменні ў каструяванні, мадэляванні, тэхналогіі. Усе модулі паступілі канкурсантам у выглядзе чорнай скрыні, а гэта значыць, што ніхто не ведаў, якія вырабы трэба будзе выконваць. Акцэнт зноў жа быў зроблены на тое, каб канкурсанты не разлічвалі на стандарты, а праяўлялі творчае мысленне. Канкурсантам трэба было паказаць сябе ў макетаванні, выкананні эскізаў, мадэляванні, вырабе сукенкі, выкананні дэкору. 30 удзельнікаў з замежных краін прынялі ўдзел у гэтай кампетэнцыі, і Вользе трэба будзе пастарацца, каб быць лепшым куцюр’е.
— Заданні па гэтай кампетэнцыі вельмі насычаныя, і канкурсанту трэба прадэманстраваць шэраг прафесійных навыкаў, — адзначыла Наталля Іванаўна. — Таму сярод экспертаў усё часцей гучаць прапановы, каб на сусветным чэмпіянаце гэтую кампетэнцыю прадстаўляць як на еўрапейскім узроўні, гэта значыць далучыць двух удзельнікаў для выступлення ў гэтай кампетэнцыі, дзе адзін канкурсант выконвае частку задання, звязаную з канструяваннем і мадэляваннем, а другі будзе займацца пашывам.
Н.І.Юхневіч у час гутаркі прадставіла сваю новую сяброўку, з якой вельмі пасябравала на чэмпіянаце. Гэта Сафія Арабі, эксперт гэтай жа прафесійнай кампетэнцыі з Саудаўскай Аравіі. Яны пажадалі і на фота быць разам.
Ала КЛЮЙКО,
Абу-Дабі.
Фота аўтара.