Калі на перапынку Дар’я Шпак ідзе па ўніверсітэцкіх калідорах, дык нічым не адрозніваецца ад студэнтаў: маладая прыгожая дзяўчына, быццам старшакурсніца ці магістрантка. Але Дар’я Сяргееўна — кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт кафедры фундаментальнай і прыкладной матэматыкі факультэта матэматыкі і інфарматыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, начальнік вучэбна-метадычнага аддзела па кіраванні якасцю адукацыі. І гэты шлях пройдзены за сем гадоў: універсітэт Дар’я скончыла ў 2010 годзе.
Аб тым, якім быў гэты шлях, што дае задавальненне ў рабоце, як ставіцца да выкладчыцкай і навуковай дзейнасці, расказвае Дар’я ШПАК:
— У школе з першага класа я насіла гучнае і ганаровае званне “выдатніца”. Гэта вельмi хвалююча — быць у цэнтры ўвагі: з аднаго боку, радасць, але ў той жа час і вялікая адказнасць, бо ты сама паставіла сабе высокую планку, апусціцца ніжэй не маеш права. Мэтанакіраванасць, упартасць у дасягненні мэты, жаданне ведаць больш — усё гэта ўва мне з дзяцінства, з сям’і. Свята 1 верасня заўсёды было для нас важным, і рыхтаваліся мы да яго больш старанна, чым да Новага года. Усё тлумачыцца проста: мая мама — настаўніца.
Матэматыка стала часткай майго жыцця. З кожнай новай матэматычнай дысцыплінай, з кожным напісаным артыкулам гэтая навука адкрывае перада мной новыя гарызонты. Хочацца зноў і зноў паглыбляцца ў неабсяжнае мора цікавых фактаў, тэарэм і высноў.
Што да навукі, то на гэтую сцежку мяне вывеў навуковы кіраўнік, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар кафедры фундаментальнай і прыкладной матэматыкі Юрый Мікіртычавіч Вувунікян. Менавіта ён дапамагаў і накіроўваў мяне ў навуцы пачынаючы з 3 курса і працягвае рабіць гэта зараз. Тое, што дысертацыю “Імпульсныя характарыстыкі паліномных эвалюцыйных аператараў” я абараніла, калі была яшчэ аспіранткай, вялікая заслуга навуковага кіраўніка.
Юрый Мікіртычавіч, узяўшы нада мной (тады яшчэ зусім юнай студэнткай) шэфства, падштурхоўваў да правільных ідэй, паказваў на памылкі і недахопы, сачыў за тым, каб публікацыі і матэрыялы рыхтаваліся ў тэрмін (бо самая вялікая хіба сучаснай моладзі — недахоп часу або няўменне яго спланаваць). Ён разам са мной прайшоў трэці, чацвёрты і пяты курс, магістратуру і аспірантуру, пры гэтым не абмяжоўваючы маю навуковую творчасць: з’яўляюцца думкі (правільныя ці не зусім), якія хочацца ажыццявіць, — праяўляй самастойнасць, увасабляй ідэі, галоўнае, будзь у пошуку, не стой на месцы. Менавіта так я і стараюся рабіць ужо са сваімі студэнтамі і магістрантамі.
Наша даведка
У 2012 годзе Дар’я Шпак была адзначана стыпендыяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, у 2013 годзе — стыпендыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для аспірантаў. У гэтым жа годзе Дар’я Шпак стала навуковым кіраўніком гранта Міністэрства адукацыі для студэнтаў і аспірантаў, у 2011—2015 гадах была выканаўцам задання Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў “Канвергенцыя”. У 2014 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю і атрымала ступень кандыдата фізіка-матэматычных навук. У 2017 годзе Дар’і Шпак было прысвоена вучонае званне дацэнта па спецыяльнасцi “Матэматыка”. З’яўляецца аўтарам больш як 40 навуковых работ. Выкладае дысцыпліны “Вышэйшая матэматыка”, “Алгарытмы і структуры даных”, “Вылічальная практыка”.
Не трэба забываць заахвочваць студэнтаў. Нават простая пахвала з вуснаў кіраўніка і выкладчыка можа стаць тым стымулам, які падштурхне іх зрабіць наступны крок у вучобе, навуцы, самаразвіцці. Пераканана, што студэнтаў трэба ўсяляк падтрымліваць, садзейнічаць іх творчай самарэалізацыі, прыцягваць да розных відаў навуковай дзейнасці, паказваць разнастайныя формы работы, ухваляць ініцыятыўнасць і імкненне да практычнай творчасці.
На мой погляд, формула паспяховай навуковай дзейнасці — мэтанакіраванасць і велізарная працаздольнасць — з аднаго боку, плюс настаўніцтва і падтрымка — з другога (гэта і навуковы кіраўнік, і сям’я, і калектыў).
Выдатна разумею, што нічога гэтага не было б, калі б не Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Мы непарыўна звязаны з ім. Ужо ў школе ведала, што буду паступаць толькі ў ГрДУ, што хачу вучыцца менавіта там, дзе iснуюць i падтрымлiваюцца традыцыi матэматычнай адукацыi. Скончыўшы аспірантуру і абараніўшы кандыдацкую дысертацыю, займаючыся выкладчыцкай дзейнасцю, з упэўненасцю магу сказаць: займацца навуковай работай, шукаць новыя метады і спосабы рашэння задач, даследаваць нявывучаныя галіны матэматыкі, ведаць і адчуваць, што ты нешта можаш, нешта значыш, — гэта тое, да чаго я імкнуся, чаго хачу дасягнуць.
Чалавек, які дзеліцца сваімі ведамі з іншымі, атрымлівае ўдвая больш, калі бачыць, што яго намаганні не прайшлі дарма і кагосьці, хаця б на адну сотую, ён зрабіў разумнейшым. Якой бы цяжкай ні была выкладчыцкая дзейнасць, але тая аддача, якую можна ад яе атрымаць, служыць годнай узнагародай.
Калектыў універсітэта аказаў мне вялікі давер, выбраўшы дэлегатам ІІ з’езда вучоных Беларусі. З’езд стане адначасова і завяршальнай падзеяй, якая падводзіць вынікі Года навукі ў нашай краіне, і зыходнай кропкай, якая вызначае асноўныя актуальныя задачы і напрамкі развіцця навуковай сферы. Менавіта на такіх маштабных мерапрыемствах з удзелам вядомых вучоных нашай краіны, вядучых дзеячаў навукі СНД і замежных краін з’яўляюцца новыя ідэі і фарміруюцца дзелавыя сувязі для міжнароднага супрацоўніцтва. Упэўнена, што пленарнае пасяджэнне і секцыйныя сустрэчы стануць эфектыўнай пляцоўкай для абмеркавання такіх важных пытанняў, як павышэнне цікавасці моладзі да навукі і навуковай кар’еры, развіццё навукі і пашырэнне навуковай супольнасці ва ўмовах сацыяльных інавацый. Для сябе чакаю творчага натхнення, новых ідэй і інтэлектуальнага імпульсу.
Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.