Не страчваць аптымізму

- 14:21Людзі адукацыі

Як захаваць маладосць у 80 гадоў? Чаму важна заставацца аптымістам у любым узросце? Чым займаюцца педагогі пасля выхаду на заслужаны адпачынак? Адказы атрымаем з першых вуснаў.

“Аптымісту” — амаль 40

З усіх куткоў сталіцы раз на тыдзень сябры клуба ветэранаў педагагічнай працы “Аптыміст” з’язджаюцца ў філіял Палаца дзяцей і моладзі “Золак”, што на вул. Ангарскай, 22. Днямі і мне пашчасціла пабываць на іх сустрэчы. Большасці ўдзельнікаў клуба каля 80 гадоў, аднак іх энергічнасці, запалу, аптымізму, жыццялюбству пазайздросцяць і маладыя. Яны так спяваюць, іграюць на музычных інструментах, танцуюць і чытаюць вершы, што дзіву даешся!

Клуб ветэранаў педагагічнай працы “Аптыміст” быў створаны ў лістападзе 1983 года пры Мінскім гарадскім доме настаўніка па ініцыятыве педагогаў, што выйшлі на заслужаны адпачынак. З часам з’явіўся і хор настаўнікаў на чале з Алісай Уладзіміраўнай Лапідус, які стаў асаблівай гордасцю клуба. З 1988 года і па сённяшні дзень мастацкі кіраўнік хору — вопытны педагог-музыкант Сярго Сяргеевіч Стрыбульскі. У сярэдзіне 90-х гадоў “Аптыміст” пераехаў у філіял “Золака”.

Сам жа клуб апошнія 7 гадоў узначальвае Валянціна Паўлаўна Баброўская — выкладчык хіміі, кандыдат навук, ветэран працы БДУ. Яна — асноўны каардынатар дзейнасці ўсяго калектыву, пры гэтым не проста арганізоўвае мерапрыемствы клуба, але і сама актыўна ўдзельнічае ў іх. Увогуле, Валянціна Паўлаўна вельмі камунікабельны, чулы і клапатлівы чалавек, які прыкладае шмат намаганняў, каб у калектыве панавала атмасфера павагі, паразумення і таварыскай узаемадапамогі. А добры маральна-псіхалагічны клімат станоўча ўздзейнічае на душэўны стан і здароўе ўсіх без выключэння. “Наш клуб — гэта другая сям’я. Мы збіраемся разам, каб не толькі парэпеціраваць, але і пагаварыць, абмеркаваць планы, часам нават паскардзіцца на штосьці і падзяліцца праблемамі, выслухаць адно аднаго і дапамагчы як словам, так і справай”, — падкрэсліла В.П.Баброўская.

Душа калектыву

Больш за 35 гадоў кіраўніком хору з’яўляецца Сярго Сяргеевіч Стрыбульскі — былы настаўнік музыкі і спеваў сталічнай школы-інтэрната № 4, сярэдніх школ №№ 133 і 101, які пасля выхаду на заслужаны адпачынак шмат гадоў быў настаўнікам працоўнага навучання ў сярэдніх школах №№190 і 196. Дарэчы, ён прадаўжальнік сямейнай дынастыі педагогаў, якія прысвяцілі выхаванню падрастаючага пакалення ў сукупнасці больш за 300 гадоў.

Валянціна Баброўская: “Наш клуб — гэта другая сям’я. Мы збіраемся разам, каб не толькі парэпеціраваць, але і выслухаць адно аднаго”.

“За педагагічную дзейнасць наша сям’я мае шмат узнагарод. Бацька і маці былі адзначаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі “Знак Пашаны”, і я маю медаль за педагагічную працу, — не без гордасці расказаў С.С.Стрыбульскі. — Аднойчы ў маёй маці карэспандэнт спытаў, у чым заключаецца сакрэт таленавітага педагога, на што яна адказала: “Настаўнік павінен быць не столькі перадатчыкам фактаў, колькі логікам і канструктарам, інжынерам мыслення дзіцяці. Можна дзясяткі гадоў праслужыць настаўнікам — спраўна хадзіць на работу, тлумачыць на ўроках, як і чаму круціцца зямля, правяраць сшыткі і г.д., аднак пры гэтым не адчуваць ніякага натхнення. Раўнадушнымі будуць і вучні ў адносінах да такога педагога, ды і сам ён апынецца ў ролі выконваючага абавязкі, які мае дыплом і прафесію, але не прызванне”. Гэтыя словы захаваліся ў маёй памяці назаўсёды, і калі я сам стаў педагогам, пастаянна прыгадваў іх”.

Менавіта Сярго Сяргеевіч — абаяльны, энергічны, пазітыўны, пачцівы, з выдатным пачуццём гумару чалавек — душа калектыву. Высокі прафесіяналізм, выдатныя арганізатарскія здольнасці, працавітасць, самааддача — рысы, уласцівыя яму як мастацкаму кіраўніку. Ён шмат гадоў адказвае за падрыхтоўку і правядзенне канцэртных выступленняў і музычна-літаратурных вечарын. Больш за 500 мерапрыемстваў і дабрачынных канцэртаў падрыхтавана ім.

“Наш хор не прапусціў ніводнага агляду-конкурсу “Не старэюць душой ветэраны”. У нашым рэпертуары ў асноўным патрыятычныя песні. Мы вельмі любім у канцы любога канцэрта разам з залай праспяваць якую-небудзь песню. Са старымі людзьмі цікава працаваць, у нашым калектыве амаль усім каля 80 гадоў. Мне 28 лютага споўніцца 85, а яшчэ двум удзельнікам у хуткім часе будзе 97 гадоў, —  прызнаўся кіраўнік хору. — У нас багата планаў. Так, сёлета плануем паўдзельнічаць у аглядзе самадзейнасці Заводскага раёна і абавязкова зробім канцэрт, прысвечаны жаночаму святу. Прынамсі, я самастойна магу правесці гадзінны канцэрт, чытаючы розныя вершы — і патрыятычныя, і сатырычныя, і пра адносіны паміж жанчынай і мужчынам. Прыемна, што я яшчэ выступаю разам з калектывам сталічнай школы № 196 і мы перыядычна наведваем Рэспубліканскі інтэрнат ветэранаў вайны і працы”.

Паўсотні творчых і апантаных

Сёння ў склад “Аптыміста” ўваходзяць каля 50 таленавітых, творчых, рознабаковых, апантаных музыкай і спевамі людзей. Усе яны — прадстаўнікі розных узроўняў сістэмы адукацыі. “Педагогі, выкладчыкі, настаўнікі, ад дзіцячага сада і пачатковай школы да ўніверсітэта, а гэта значыць, пачатковая, сярэдняя і вышэйшая школы разам у адным месцы, — патлумачыла В.П.Баброўская. — І хоць у кожнага быў свой шлях у “Аптыміст”, сёння яны аб’яднаны агульнай справай і мэтай — быць пазітыўнымі, бадзёрымі і проста шчаслівымі праз творчасць і сяброўства”.

Так, былая настаўніца біялогіі сталічнай школы № 109 Галіна Рыгораўна Выбранец стала адным з “аптымістаў” 14 гадоў назад: “Клуб арганізаваў раённае восеньскае свята, і наша школа стала яго ўдзельніцай. На ім Валянціна Паўлаўна падышла да мяне і прапанавала прыйсці да іх. У клубе мяне моцна ўразіла атмасфера добразычлівасці, цеплыні і гасціннасці. Дарэчы, Валянціна Паўлаўна і Сярго Сяргеевіч — людзі, якія сапраўды да кожнага ставяцца з любоўю. Усе мы ідзём у клуб з упэўненасцю, што цябе тут чакаюць, паважаюць, што ніхто не пакрыўдзіць і не абразіць. А яшчэ ў нашым узросце часам і падняцца складана, і думаеш, ісці ці не ісці ў клуб, але калі прымусіш сябе, то дамоў вяртаешся ў пазітыўным настроі, які дапамагае жыць і зберагаць сваё здароўе”.

Многія даведваюцца пра існаванне клуба менавіта пасля выхаду на пенсію, бо якраз на заслужаным адпачынку з’яўляецца час і магчымасці ажыццявіць мары сваёй маладосці. Так атрымалася і ў жыцці былой загадчыцы дзіцячага сада № 368 Фрунзенскага раёна сталіцы Людмілы Феліксаўны Падчашы. У свой час яна скончыла БДУКіМ, але па волі лёсу трапіла не ў сферу культуры, а ў сістэму адукацыі. “Калі мне споўнілася 60 гадоў у 2019 годзе, якраз аб’явілі конкурс “Песні Перамогі”, і я падумала: “Пайду і спяю на ім”. Пасля майго выступлення мяне запрасілі ў хор, дзе я цяпер і салістка, і вядучая канцэртаў, і сама сабе сцэнарыст. І я ўжо дакладна ведаю, што мары павінны здзяйсняцца незалежна ад узросту”.

Кожны канцэрт “Аптыміста” яркі і запамінальны, дзякуючы ў тым ліку канцэртмайстру Галіне Зіноўеўне Пасцярнацкай, былой настаўніцы сярэдняй школы № 53 Мінска. “Амаль да 75 гадоў я працавала ў школе, дзе ў мяне быў і ансамбль гітарыстаў, і вакальная група дзяўчынак з добрым рэпертуарам і жаданнем займацца. Але, на жаль, калі пачалі скарачаць гадзіны ў школе, прыйшлося расстацца з імі. Доўгі час я моцна перажывала, аднак на гарадскім конкурсе “Песні Перамогі” спаткала Валянціну Паўлаўну, і маё жыццё перамянілася. Ужо трэці год іграю  на фартэпіяна і на акардэоне разам з “аптымістамі”, — расказала канцэртмайстар.

Альбіне Іванаўне Пажаевай — 82 гады, 52 з якіх яна прысвяціла педагогіцы: “Калі мне споўнілася 72, я перажыла складаную аперацыю. Пасля яе вырашыла пачаць жыццё спачатку: занялася танцамі, валанцёрствам, спевамі і ігрой на гітары. Валянціна Паўлаўна і Сярго Сяргеевіч — неверагодныя, таленавітыя і разумныя, вялікае шчасце, што ёсць такія людзі!”

Многія члены клуба маюць літаратурны талент. Некаторыя з іх нават выдаюць свае паэтычныя і празаічныя творы. Так, былы настаўнік нямецкай і французскай мовы Занарацкай сярэдняй школы, што ў Мядзельскім раёне, Аляксандр Васільевіч Семяновіч і вершы піша, і пераклады робіць. Ён прызнаўся, што да выхаду на пенсію не адчуваў у сабе аніякіх творчых памкненняў. Аднак за чатыры гады ў “Аптымісце” яго жыццё перавярнулася: “Спачатку я прыглядаўся, а пасля пачаў і песні спяваць, і вершы чытаць. Дзякуючы гэтаму, мяне запрасілі  ў тэатральны гурток “Падмосткі” сталічнай бібліятэкі № 11, пасля я трапіў у фотагурток “Пазітыў” Цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы, а затым яшчэ і ў літаратурнае аб’яднанне “Літэра”. Вось якім насычаным і творчым можа быць жыццё на пенсіі!”

Такім чынам, клуб “Аптыміст” дапамагае былым настаўнікам весці актыўны лад жыцця. Разам яны наведваюць музеі і тэатры, ладзяць пікнікі, праводзяць канцэрты і літаратурныя вечарыны. Дарэчы, і дэвіз у клуба адпаведны: “Старость меня дома не застанет, я в дороге, я в пути”.

“Актыўны лад жыцця вельмі важны для чалавека, які ўсё жыццё сеяў разумнае, добрае, вечнае. Бо для настаўніка самае галоўнае — заставацца неабходным і пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Кожны з нас валодае вялікім жыццёвым, прафесійным і творчым вопытам і гатовы падзяліцца ім з калегамі”, — акцэнтавала ўвагу В.П.Баброўская. А С.С.Стрыбульскі дадаў, што да іх можа прыйсці любы жадаючы, асабліва яны будуць рады педагогам ва ўзросте 60+, якія змогуць прадоўжыць іх справу: “Адбору ў нас няма, галоўнае — жаданне працаваць, заставацца бадзёрым і аптымістычным! І паверце, сумна ў нас не будзе нікому!”

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.