Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагаварыла з шэф-кухарам дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Лагойска “Лясная казка” Марынай Бараноўскай аб тым, што любяць есці сучасныя дзеці і як зрабіць так, каб яны заўсёды пакідалі чыстыя талеркі.
Недзіцячыя аб’ёмы
Каб ацаніць маштаб работы, з якім прыходзіцца сутыкацца супрацоўнікам харчаблока дашкольнага цэнтра, трэба зазірнуць на кухню. Тут, сярод вялізных каструль і патэльняў, дзясяткаў кілаграмаў самых розных прадуктаў праходзіць працоўны дзень нашых герояў: разам з Марынай Бараноўскай з гэтымі недзіцячымі аб’ёмамі спрытна спраўляюцца Натаэла Калодзіна і Ірына Пазняк.
Час — самы каштоўны рэсурс у справе кухара. Харчаванне дзяцей ідзе па строгім графіку: снеданне, абед, падвячорак. Трэба ўсё спланаваць, згатаваць, падаць, прыбраць — і так па крузе. Але нават не гэта самае цяжкае.
— Адказнасць — вось што самае важнае, — заўважае Марына Іосіфаўна. — Неабходна шмат чаго ў галаве трымаць, і расслабіцца тут не атрымаецца. Разлічыць колькасць прадуктаў, праверыць іх стан, згатаваць усё ў адпаведнасці з высокімі стандартамі, якія ў нашай краіне існуюць для дзіцячага харчавання. Спецыі забаронены літаральна ўсе — нават лаўровы ліст. Ежу на пліце не смажаць — гатуюць у параканвектамаце.
Вечная класіка
Пах, які адчуваеш у садку падчас снедання ці абеду, не пераблытаць ні з чым — гэта тая самая класіка, што кожны з нас памятае з дзяцінства. Адразу ўяўляюцца смачныя катлеты, наварысты боршч. А як жа без сырнікаў і запяканкі?
— Па сутнасці, меню нашага дзяцінства ў харчаванні дашкольнікаў амаль цалкам захавалася, — гаворыць Марына Бараноўская. — Малышы любяць катлеты, асабліва курыныя — мяккія, сочныя. Калі раней дазвалялася прапаноўваць курыныя ножкі, то зараз курыцу падаём толькі ў выглядзе філе — так дзеці ядуць значна ахвотней! На талерцы ўсё стараемся прыгожа аформіць. Нашы дзеткі на апетыт не скардзяцца, даспадобы ім галубцы, рыбныя шніцалі.
Сёння, напрыклад, на снеданне былі варэнікі, а на абед выхаванцаў пачастуюць гарохавым супам, курынымі катлетамі, салатам з буракоў, кампотам з сухафруктаў. Усё меню складае прафесійны тэхнолаг.
У “Лясной казцы” працую ўжо 11 гадоў, а да таго 14 гадоў шчыравала ў лагойскім дзіцячым садзе № 3. Давялося папрацаваць і ў рэстаране, але хутка вярнулася назад у сад. Зразумела, што люблю гатаваць менавіта здаровую ежу для дзетак.
На пытанне, на што патрабуецца больш за ўсё часу, кухар без сумнення адказвае: на абіранне агародніны. Каб згатаваць, напрыклад, пюрэ ці дранікі, неабходна каля 150 кілаграмаў бульбы. На салат з капусты і морквы ідзе каля 12 кілаграмаў агародніны. У боршч — мінімум 6 кілаграмаў буракоў і 5 — бульбы. Усё, акрамя бульбы, абіраюць уручную.
“Нехачухаў” тут няма
— Калі дзіця капрызнічае, бывае, што ў малодшых групах яго дакормліваюць з лыжкі, — галоднымі малых не пакідаюць, — падкрэслівае шэф-кухар. — Але такое бывае рэдка, у асноўным тады, калі страва для дзяцей новая, нязвыклая. Як рассмакуюць — ядуць з ахвотай.
Часта бацькі просяць рэцэпты ў кухараў, каб гатаваць дзецям дома. Бо страў, лепшых за садаўскія, — карысных і адначасова простых — існуе няшмат. А ў многіх з нас, дарослых, цяга да іх захоўваецца з дзяцінства падсвядома.
— Работу сваю вельмі люблю, — падкрэслівае Марына Бараноўская. — Часам, калі стамлюся, думаю, пайду ўжо на пенсію, але нешта стрымлівае. У гэтам дашкольным цэнтры я, дарэчы, працую з самага яго заснавання. Умовы тут выдатныя — вялізны харчаблок, сучаснае абсталяванне. На работу заўсёды прыходжу з радасцю. Ведаю: дзеткі чакаюць нашых смачных страў.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара і прадастаўлена ДЦРД Лагойска