«Некаторыя нашы ініцыятывы сталі агульнарэспубліканскімі праектамі». Беларускаму дзіцячаму фонду – 35 гадоў

- 10:50Интервью

Беларускаму дзіцячаму фонду надоечы споўнілася 35 гадоў. Аб знакавых праектах аднаго са старэйшых грамадскіх аб’яднанняў краіны, супрацоўніцтве з установамі адукацыі і ініцыятывах у Год міру і стварэння карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» пагаварыла са старшынёй праўлення БДФ Людмілай Кандрашовай. 

Цёплы дом

— Перанясёмся думкамі на 35 гадоў назад. Дзеля чаго ствараўся Беларускі дзіцячы фонд?

— Ён бярэ вытокі з савецкіх часоў, калі ў 1987 годзе быў арганізаваны Савецкі дзіцячы фонд імя У.І.Леніна. У Савецкім Саюзе для дзяцей рабілася шмат, але некаторыя пытанні патрабавалі дадатковай увагі ўлад і грамадства. У першую чаргу гэта тычылася дзяцей-сірот, якія ў тыя часы выхоўваліся ў інтэрнатах, што не садзейнічала іх нармальнай сацыялізацыі. Новы фонд быў прызваны дапамагчы вырашыць існуючыя праблемы.

27 лютага 1988 года ў Мінску прайшла ўстановачная канферэнцыя Беларускага аддзялення Савецкага дзіцячага фонду. Гэтую дату мы лічым нашым днём нараджэння. Пасля таго як Беларусь стала незалежнай, у якасці правапераемніка аб’яднання быў зарэгістраваны Беларускі дзіцячы фонд.

З 1 сакавіка БДФ даў старт марафону міру, дзяцінства, стварэння, дабрыні і міласэрнасці. Ён працягнецца да канца года.

Ён стаў ініцыятарам многіх пачынанняў, акцый, калі грамадства быццам спыняецца на хвіліну цішыні, каб прыслухацца да праблем самых маленькіх сваіх членаў. Некаторыя з такіх ініцыятыў з цягам часу сталі агульнарэспубліканскімі. Нас шмат, мы дружныя, актыўныя. На сённяшні дзень налічваем 6 абласных і 85 раённых аддзя­ленняў, больш за 20 тысяч членаў, тысячы валанцёраў.

— Адной з катэгорый дзяцей, якая ахоплена вашай асаблівай увагай, з’яўляюцца сіроты. Фонд стаяў ля вытокаў стварэння дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Як будуецца гэтая работа зараз? 

— Сапраўды, заснаванне дзіцячых дамоў сямейнага тыпу як больш эфектыўнай альтэрнатывы інтэрнатам было ініцыятывай яшчэ Савецкага дзіцячага фонду. Прыемна адзначыць, што менавіта ў Беларусі яна набыла найбольшую папулярнасць — на сёння функцыянуе ўжо больш як 300 такіх устаноў. Напачатку іх ствараў і забяспечваў жыллём, абсталяваннем Беларускі дзіцячы фонд сумесна з органамі адукацыі і выканкамамі. 36 катэджаў набылі, 7 дапамаглі дабудаваць. А потым была прынята адпаведная дзяржаўная праграма. Цяпер мы дзіцячыя дамы сямейнага тыпу ўжо не будуем, гэта паспяхова робіць наша дзяржава. Але мы не пакінулі іх без увагі. Дапамагаем адрасна — вопраткай, абуткам, дыдактычным і спартыўным інвентаром, мэбляй, бытавой тэхнікай ці аплатай медыцынскіх паслуг.

Рэалізуем шмат ініцыятыў у падтрымку дзяцей-сірот. Так, да 1 верасня уручаем школьнікам з ліку выхаванцаў дамоў сямейнага тыпу новыя камплекты школьнай формы, рукзакі з канцылярскімі таварамі. На Новы год і Каляды ладзім цікавыя святы, паездкі, дорым падарункі. Падчас летніх канікул імкнёмся дапамагчы ў пытаннях аздараўлення, арганізоўваем вандроўкі па краіне. Так, у Год гістарычнай памяці ажыццявілі праект “Шляхамі памяці”. Ра­зам з Міністэрствам адукацыі і Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства право­дзім акцыю “Кветкі даб­ра”, падчас якой дамы сямейнага тыпу атрымліваюць дапамогу ў азеляненні прысядзібнай тэрыторыі.

Не застаюцца па-за ўвагай фонду і выпускнікі. Так, два гады назад разам з Міністэрствам адукацыі і кампаніяй Masterсard ажыццявілі праект “Першакурснік-2021” па падтрымцы хлопцаў і дзяўчат з ліку дзяцей-сірот, якія паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі краіны. А ў маі мінулага года былая выхаванка дзіцячага дома сямейнага тыпу з Кіраўска ра­зам з мужам стварылі прыёмную сям’ю, і БДФ перадаў ім у бязвыплатнае карыстанне добраўпарадкаваны катэдж, аказаў матэрыяльную дапамогу, набыў бытавую тэхніку.

Вясёлыя сэрцайкі 

— Яшчэ адзін важны кірунак вашай дзейнасці — дапамога дзецям з інваліднасцю. У нашай краіне яны ахоплены шырокім спектрам сацыяльнай падтрымкі. На што робіце акцэнт у сваёй рабоце вы?

— Ужо шмат гадоў дапамагаем дзецям, якія маюць цяжкія сардэчна-сасудзістыя паталогіі. У 90-я гады пачыналі з таго, што адпраўлялі такіх хворых лячыцца за мяжу, потым на працягу 7 гадоў запрашалі замежных кардыёлагаў у Беларусь. Цяпер у гэтым патрэбы няма, нашы медыкі самі робяць складаныя аперацыі на сэрцы. Таму наш фонд сканцэнтраваны на дапамозе РНПЦ дзіцячай хірургіі, дзіцячым бальніцам і аддзяленням ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы. А яшчэ кожнае лета арганізоўваем рэабілітацыйна-аздараўленчыя змены “Вясёлыя сэрцайкі” для дзетак, якія перанеслі складаныя аперацыі на сэрцы, і “Вясёлка надзеі” для анкалагічна хворых у стадыі рэмісіі. Акрамя нас, гэтага не робіць ніхто. 

У рамках рэспубліканскай акцыі “Кветкі дабра” на прысядзібных тэрыторыях шэрага дзіцячых дамоў сямейнага тыпу будуць высаджаны яблыневыя сады і прысады.

Рэалізуем таксама праграмы па развіцці творчых талентаў дзяцей. Размова ідзе пра адукацыйную падтрымку, арганізацыю канцэртаў, выстаў, конкурсаў, набыццё музычных інструментаў і г.д. Адзін з яскравых прыкладаў удзельнікаў такой праграмы — інвалід-калясачнік Эдуард Клуйша, які змог дасягнуць сваёй мэты — стаў прафесійным фатографам і цяпер вучыць майстэрству фатаграфавання дзяцей з інваліднасцю.

БДФ аказвае адрасную дапамогу сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў з цяжкімі захворваннямі, падтрымлівае цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Так, падчас сёлетняй навагодняй акцыі брэсцкаму ЦКРНіР перадалі 7 тысяч рублёў для абсталявання сенсорнага пакоя рэабілітацыі.

Віцебскае аддзяленне фонду з 2019 года ў рамках дзяржаўнага сацыяльнага заказу ўзяло на сябе аказанне пагадзінных паслуг нянек для дзяцей-інвалідаў.

— Каму яшчэ дапамагаеце?

— У полі нашага зроку — дзеці з малазабяспечаных мнагадзетных і няпоўных сем’яў. Увогуле імкнёмся падтрымлі­ваць усіх, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуа­цыі. Напрыклад, сутыкнуўся з сямейным насіллем. Падтрымліваем дзетак бежанцаў з Украіны.   

З выхаванцаў — у настаўнікі

— Як складваецца ўзаемадзеянне з установамі адукацыі? Ці шмат сярод членаў і валанцёраў фонду прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці? 

— Мы вельмі цесна ўзаема­дзейнічаем на ўсіх узроўнях: Міністэрства адукацыі, абласных і раённых ўпраўленняў і аддзелаў адукацыі, школ, дзіцячых садоў, ЦКРНіР і іншых. Праводзім шмат сумесных мерапрыемстваў. Акрамя ўжо названых, гэта таксама такія акцыі, як “Нашы дзеці”, “Збіраем дзіця ў школу”, “Цёплы дом”, “Юныя таленты”.

Моцнымі валанцёрскімі сувязямі звязаны з установамі вышэйшай адукацыі і каледжамі краіны — валанцёрскімі клубамі БДПУ, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа і іншымі. 

У складзе праўлення БДФ — 43 працэнты прадстаўнікоў сістэмы адукацыі, а сярод кіраўнікоў раённых аддзяленняў фонду — 85 працэнтаў. Старшынёй Брэсцкага абласнога аддзялення фонду з’яўляецца дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання, Гродзенскага абласнога аддзя­лення — першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама.

— А ці часта падапечныя вашага фонду робяць прафесійны выбар на карысць педагогікі? 

— Такіх прыкладаў нямала. У бацькоў-выхавальнікаў дзіцячага дома сямейнага тыпу Клічава Кундзікавых з 46 прыёмных дзяцей 6 сталі педагогамі. Выпускніца такога дома з Дрыбінскага раёна вучыцца зараз у педагагічным каледжы ў Магілёве, з Бабруйска — у БДПУ.  

85 працэнтаў кіраўнікоў раённых аддзяленняў БДФ — прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці.

Нас вельмі радуе, што паспяховыя педагогі ёсць сярод нашых былых падапечных, якім у дзяцінстве зрабілі складаныя аперацыі на сэрцы. Адна з іх, напрыклад, выкладчыца Гомельскага медуніверсітэта, другі — дырэктар школы ў Полацку, дарэчы, член раённага аддзялення БДФ. 

— 2023 год — Год міру і стварэння. Падзяліцеся, калі ласка, планамі.

— З 1 сакавіка стартаваў марафон міру, дзяцінства, стварэння, дабрыні і міласэрнасці. Сабраныя сродкі будуць накіраваны на дапамогу дзецям, якія апынуліся ў складаных жыццёвых сітуацыях, а таксама на закупку абсталявання для дзіцячых устаноў.

Запланавана правядзенне патрыятычнай акцыі “Мы памятаем. Мы шануем. Мы паважаем”. Выхаванцы дзіцячых дамоў сямейнага тыпу будуць наведваць знакавыя гістарычныя месцы ў сваіх рэгіёнах, удзельнічаць у добраўпарадкаванні воінскіх мемарыялаў. Яскравы працяг атрымае ў гэтым годзе рэспубліканская акцыя “Кветкі дабра”. На прысядзібных тэрыто­рыях шэрага дзіцячых дамоў сямейнага тыпу будуць высаджаны яблыневыя сады і прысады.

Аксана МЫЦЬКО
Фота прадастаўлена
Беларускім дзіцячым фондам