Непакоіцца ці чакаць?

- 10:44Спецыяльная адукацыя

Як убачыць парушэнне ў дзіцяці ранняга ўзросту

З дзецьмі ранняга ўзросту, якія маюць камбінаваныя парушэнні і парушэнні маўленчага развіцця, Таццяна Іванаўна Кулашчык працуе каля 10 гадоў. Яна настаўнік-дэфектолаг цэнтра карэкцыйна–развіццёвага навучання і рэабілітацыі Маскоўскага раёна Мінска і старшы выкладчык кафедры андрагогікі факультэта дадатковай прафесійнай адукацыі інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка. Наша размова са спецыялістам аб актуальных пытаннях ранняга дзяцінства.

У пачатку сустрэчы Таццяна Іванаўна расказала, што ў школьныя гады яна імкнулася адначасова да медыцыны і педагогікі. Аптымальным рашэннем, кампрамісам, які яна для сябе знайшла, стала спецыяльная адукацыя. Яна атрымала спецыяльнасць “Аліга­фрэнапедагог. Лагапед” у БДПУ імя Максіма Танка. З 3 курса працавала выхавальнікам у дапаможнай школе-інтэрнаце № 11 Мінска. Пасля заканчэння ўніверсітэта — у ЦКРНіР Маскоўскага раёна Мінска, дзе і працягвае сваю прафесійную дзейнасць.

— Таццяна Іванаўна, якія асноўныя сучасныя тэндэнцыі вы можаце адзначыц­ь у рабоце з дзецьмі ранняга ўзросту?

— Хацелася б адзначыць тэндэнцыю пашырэння магчымасцей і даступнасці карэкцыйнай дапамогі дзецям ранняга ўзросту. На жаль, колькасць дзяцей, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, не змяншаецца. Раней бацькі і некаторыя спецыялісты (педыятры, лагапеды паліклінікі) лічылі, што нічога страшнага, калі да 3 гадоў дзіця не гаворыць. Але з пашырэннем інфармацыйнай даступнасці ў грамадстве мяняюцца ўстаноўкі ў дачыненні да развіцця дзяцей ранняга ўзросту і ўсё больш бацькоў звяртаюцца па дапамогу ў ЦКРНіР па ўласным жаданні, а не па накіраванні спецыялістаў. Задача такіх цэнтраў — праводзіць дыягнастычную і карэкцыйную работу з дзецьмі, а таксама метадычную і кансультацыйную работу са спецыялістамі і бацькамі.

У нашай краіне існуе дзяржаўная праграма па выяўленні і аказанні дзецям ранняй карэкцыйнай дапамогі, у рамках якой нала­джана су­працоўніцтва з медустановамі. Ёсць устаноўка выйсці на стапрацэнтны ахоп такой дапамогай. Даныя аб дзецях з інваліднасцю ранняга ўзросту паступаюць у ЦКРНіР з паліклінік. У сваю чаргу, спецыялісты цэнтра адпраўляюц­ь бацькам такіх дзяцей ліст, дзе запрашаюць прайсці абследаванне ў рамках псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі. Малышу ў выніку прапаноўваецца адэкватная яго парушэнню карэкцыйная дапамога спецыялістаў. Мы імкнёмся максімальна хутка выявіць праблему ў дзіцяці і своечасова аказаць яму дапамогу або накіраваць у іншую ўстанову за прафесійнай падтрымкай. Дзеці дашкольнага ўзросту з цяжкімі маўленчымі парушэннямі (агульным недаразвіццём маўлення 1, 2, 3 узроўню, алаліяй, афазіяй і камбінацыямі парушэнняў, калі, напрыклад, агульнае недаразвіццё маўлення спалучаецца з заіканнем, дызартрыяй, рыналаліяй) займаюцца ў спецыяльных групах для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення (лагапедычных групах). Дзеці з нязначнымі маўленчымі парушэннямі залічваюцца ў пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі ўстаноў. Сёння ў сістэме спецыяльнай адукацыі назіраецца тэндэнцыя да павелічэння колькасці такіх груп і пунктаў. Было б вельмі добра, калі б у дзіцячых садах адкрываліся адначасова і лагапедычныя групы, і пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Тады дзеці атрымлівалі б доступ да розных відаў дапамогі ў сваёй установе.

— З якімі пытаннямі бацькі прыходзяць да вас на кансультацыі? Чым занепакоены? Чым гэта абумоўлена?

—Часцей за ўсё бацькі выказваюць занепакоенасць тым, што іх дзіця дрэнна гаворыц­ь ці не гаворыць наогул. Яны бачаць праблему, але не заўсёды разумеюць яе ступень, таму што маўленне можа быць парушана першасна ці ў структуры дэфекту, калі мае месца парушэнне ўсіх пазнавальных працэсаў, а маўленне выступае як адзін з іх. Даволі часта мы выяўляем тэмпавую затрымку ў развіцці маўлення (маўленчы дэфіцыт), калі дзіця не паспявае развівацца па ўзросце, але арганічных праблем, якія выклікалі гэтае парушэнне, у яго няма. Прычына такой сітуацыі — адсутнасць паўнавартаснага маўленчага асяроддзя для развіцця малога. Занятасць бацькоў, час, які яны праводзяць у сацыяльных сетках, і недастатковае ўсведамленне таго, што з дзіцем трэба даволі шмат размаўляць на працягу дня і што толькі ў такім выпадку яго маўленне бу­дзе развівацца паступальна.

Часам бацькі звяртаюцца да спецыялістаў пад уплывам інфармацыі ў інтэрнэце, якая не заўсёды носіць прыкладны характар і не ўключае дыферэнцыяльную дыягностыку. Бацькам здаецца, што амаль усё, што напісана ў інтэрнэт-крыніцы, падыходзіць да іх сітуацыі. Напрыклад, малыш раптам не паглядзеў у вочы і не адгукнуўся на сваё імя, значыць, гэта ўказвае на аўтыстычнае парушэнне. Уражваюцца часам звыш меры і прыходзяць да спецыя­лістаў занадта перапалоханыя. Пераканаўча прашу бацькоў не рабіць заключэнне самастойна, не раіцца з інтэрнэтам і іншымі бацькамі, якія выхоўваюць дзяцей такога ж узросту. Трэба звяртацца да спецыялістаў па ўсіх фактах і прычынах затрымкі развіцця. Толькі яны прапануюць сістэмную і структурную дапамогу. Калі да мяне трапляе дзіця з парушэннямі маўлення, паводзін, пазнавальных працэсаў, я маю магчымасць далучаць да дэферэнцыяльнай дыягностыкі іншых спецыялістаў. Мы назіраем за дзіцем у дынаміцы. Час — гэта таксама а­дзін з дыягнастычных крытэрыяў. Калі дапамога, якую атрымлівае дзіця, працуе, яна дзейсная, значыць, мы на правільным шляху.

Некаторыя бацькі маюць занадта аптымістычныя ўяўленні аб парушэнні ў іх дзіцяці. Яны ўпэўнены, што з іх праблемай дапаможа справіцца настаўнік-дэфектолаг, які працуе ў групе для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення (лагапедычнай групе). Але, калі пачынаем разбірацца дэталёва, сітуацыя аказваецца не такой перспектыўнай у карэкцыйным плане, паколькі першасна ў малыша парушана пазнавальная сфера, а не маўленне. Яму прапануецца наведваць інтэграваную або спецыяльную групу для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю, цяжкасцямі ў навучанні, дзе створана спецыяльнае адукацыйнае асяроддзе, узгоднена працуюць некалькі спецыялістаў.

—Раскажыце аб асноўных формах аказання карэкцыйнай дапамогі дзецям ранняга ўзросту. У чым перавага такой дапамогі?

— Такую дапамогу на бясплатнай аснове аказваюць у кабінетах ранняй комплекснай дапамогі пры ЦКРНіР, а таксама ў цэнтрах ранняга ўмяшання пры паліклініках. Можна гаварыць толькі пра плюсы такой дапамогі. З кожным малышом працуе каманда спецыялістаў. У карэкцыйным цэнтры гэта настаўнік-дэфектолаг, псіхолаг, калі парушэнне камбінаванае, то яшчэ масажыст і інструктар ЛФК. Спецыялісты па максімуме выкарыстоўваюць кампенсаторныя магчымасці дзіцяці, якія ў раннім узросце вельмі моцныя. Падчас заняткаў са спецыялістамі, асабліва ў групах, фарміруюцца сацыяльныя сувязі і ўзаемасувязі паміж рознымі мамамі і іх дзецьмі. Прысутнасць на занятках бацькоў таксама дапамагае навучац­ь іх методыцы карэкцыйнай работы, прыёмам работы па развіцці маўлення.

—Наколькі эфектыўна вам удаецца сумяшчаць работу ў цэнтры і выкладанне ва ўніверсітэце?

— У БДПУ імя Максіма Танка я працую 7 гадоў. Паколькі тут існуе ўстаноўка на фарміраванне ў студэнтаў практыкаарыентаваных ведаў, мяне запрасілі сюды як прадстаўніка ЦКРНіР праводзіць практычныя заняткі і чытаць курс лекцый “Ранняя карэкцыйная работа з дзецьмі з фактарам рызыкі ў маўленчым развіцці”. Зараз гэта лекцыі і практычныя заняткі па лагапедыі. Аб’ём заняткаў, якія я праводжу ва ўніверсітэце, залежыць ад размеркавання нагрузкі выкладчыкаў у штаце кафедры і ад набору слухачоў на курс навучання. Колькасць гадзін па лагапедыі на факультэце дадатковай прафесійнай адукацыі інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі  БДПУ імя Максіма Танка нават большая, чым на завочнай форме навучання. Добра прадуманы падбор вучэбных дысцыплін, дастатковая колькасць гадзін на практычныя заняткі, а таксама ёсць магчымасць наведваць спецыяль­ныя ўстановы адукацыі, каб слухачы ўяўлялі сабе сістэму атрымання спецыяльнай адукацыі дзецьмі з рознымі асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Я займаюся з дарослымі людзьмі, у якіх ужо ёсць педагагічная адукацыя і якія вырашылі атрымаць на платнай аснове другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці настаўніка-дэфектолага (лагапеда). Працавац­ь з такой матываванай аўдыторыяй — адно задавальненне. Пытанні, якія мы абмяркоўваем, цікавыя, дэталёвыя, часта практычнага характару. Педагогі жадаюць навучыцца “бачыць” парушэнне, зразумець  яго механізм, ацаніць ступень праблемы, каб падабраць комплекс педагагічных мерапрыемстваў па карэкцыі. Таму на сваіх занятках я імкнуся спалучыць тэорыю і  практыку, падмацоўваць яе канкрэтнымі сітуацыямі і гісторыямі, візуалізаваць веды. У мяне вельмі шмат вучэбнага відэа, якое я здымаю ў цэнтры падчас заняткаў з дзецьмі з дазволу іх бацькоў. Таму я маю магчымасць фарміраваць у маіх студэнтаў уяўленні аб асаблівасцях работы з дзецьмі з рознымі парушэннямі.

Мая работа ва ўніверсітэце пазітыўна ўплывае на практычную дзейнасць у ЦКРНіР, спрыяе больш глыбокаму і дэталёваму вывучэнню розных маўленчых парушэнняў, дазваляе сістэматызаваць і структурыравац­ь тэарэтычныя веды. У сваю чаргу, работа ў цэнтры дапамагае мне як выкладчыку ацаніць запыт спецыялістаў у рамках метадычных аб’яднанняў, у якіх я прымаю ўдзел, убачыц­ь, якой інфармацыі ім не хапае, каб потым трансліраваць гэтыя веды сваім слухачам ва ўніверсітэце. Такім чынам, у мяне ёсць магчымасць фарміраваць у слухачоў і сістэму ведаў, і канкрэтныя прыкладныя ўменні і навыкі. Імкнуся навучыць слухачоў ацэньвац­ь усе бакі фізічнага, псіхічнага і маўленчага развіцця дзіцяці, праводзіць дыферэнцыяльную дыягностыку, каб потым распрацавац­ь індывідуальны план карэкцыйнай работы. Таксама я з’яўляюся ўдзельнікам псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі ЦКРНіР Маскоўскага раёна і маю магчымасць назірац­ь прафесійную дзейнасць некаторых сваіх слухачоў ужо ў якасці настаўнікаў-дэфектолагаў. Бачу, як яны рэалізуюць свае веды на практыцы, калі ў канцы карэкцыйнага перыяду дзеці пры­ходзяць на паўторную дыягностыку і, такім чынам, іх настаўнікі таксама трымаюць экзамен. З вялікай гордасцю назіраю за поспехамі ўжо маіх калег, радуюся, што прымала ў­дзел у іх прафесійным станаўленні.

—Таццяна Іванаўна, як вы працуеце над павышэннем свайго прафесійнага ўзроўню?

— Перш за ўсё, гэта чытанне артыкулаў, у тым ліку з інтэрнэту, і знаёмства з вэбінарамі, якія часта праводзяць расійскія калегі. Гэта дазваляе даведвацца аб новых тэхналогіях, зменах у сістэме карэкцыйнай работы, якія абмяркоўваюцца ў прафесійных супольнасцях. Напрыклад, зараз у Расіі развіваецца такі напрамак, як нейрагімнастыка, распрацоўваюцца комплексы рухальных практыкаванняў, з дапамогай якіх можна палепшыц­ь работу тых глыбінных структур мозга, якія адказва­юць за рэалізацыю рухальных праграм. Нейрагімнастыку можна разглядаць як дадатковую методыку ў карэкцыйнай рабоце з дзецьмі ранняга ўзросту з рознымі маўленчымі парушэннямі, у першую чаргу, з дызартрыяй, алаліяй, бо ў структуру гэтых парушэнняў уваходзіць дыспраксія (рухальныя парушэнні).

—Ці ёсць тэма ці праект, над якім вы зараз працуеце?

— Мной распрацавана карта ацэнкі сфарміраванасці ўменняў для дзяцей з цяжкімі множнымі парушэннямі ў развіцці. Яна вырашае дзве задачы: дазваляе ацаніць сфарміраванасць уменняў, пачынаючы з самых элементарных, і служыць планам па фарміраванні ўменняў, ад простых да больш складаных. Таксама я ствараю дапаможнікі па аўтаматызацыі гукаў ранняга антагенезу (гукаў в (в’), к (к‘)).Пішу артыкулы для бацькоў, зыходзячы з запытаў, з якімі яны часцей за ўсё звяртаюцца да мяне на кансультацыях. Ёсць тэмы і для калег, напрыклад, як уплывае кароткая пад’язычная звязка на вымаўленне гука “р”. Трэба адзначыць, што на будову артыкуляцыйнага апарату звяртаюць увагу адразу некалькі спецыялістаў: педыятры, артадонты і лагапеды. Яшчэ ў радзільным доме неанатолаг аглядае нованаро­джанага і інфармуе бацькоў, калі звязка ў яго вельмі кароткая. Ад гэтага залежыць магчымасць дзіцяці смактаць малако маці. Акрамя таго, менавіта звязка ўплывае на развіццё ніжняй сківіцы і зубоў, таму за дзіцем у больш дарослым узросце назіраюць ужо артадонты і вырашаюць, якая стратэгія дапамогі падыходзіць у кожным канкрэтным выпадку. Настаўнікі-дэфектолагі ацэньваюць таўшчыню пад’язычнай звязкі, яе эластычнасць, месца мацавання. Гэта неабходна ўлічваць пры рабоце па карэкцыі гукавымаўлення. Калі пад’ём языка недастатковы, то нават калі і атрымліваецца дасягнуць дрыгацення кончыка языка, то гук “р” атрымліваецца глухі, рэзкі, утрыраваны. Звязка трымае язык, нібы канат, няма паступовай дынамікі ў аўтаматызацыі гэтага гуку. У такім выпадку патрэбна хірургічная карэкцыя асаблівасцей будовы артыкуляцыйнага апарату. Таму, каб прыняц­ь узважанае рашэнне наконт пад’язычнай звязкі, неабходна кансультацыя некалькіх спецыялістаў. Некаторыя бацькі лічаць, што менавіта кароткая звязка з’яўляецца прычынай таго, што малы пазней пачынае гаварыць. Але ж механізм затрымкі развіцця маўлення зусім іншы.

Наступная тэма, якую я задумала: “Чаму дзіця не любіць жаваць? Катлета або адбіўная?”. Зазірнём у глыбокае дзяцінства і пагля­дзім, як дзіця смокча матчыны гру­дзі, бутэлечку, ці не праліваецца ў яго малако. Праблемы парушэння артыкуляцыйнай маторыкі — трывожныя званочкі, якія можна заўважыць, назіраючы за тым, як дзіця жуе. Таму яшчэ да таго, як гэтая праблема стала відавочнай, можна рэалізаваць комплекс прапедэўтычных мерапрыемстваў і прадухіліць яе.

Усё большая колькасць бацькоў выказвае запыт на тое, каб ацэнка маўленчага і псіхічнага развіцця іх дзіцяці падчас псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі праводзілася на беларускай мове. Гэта актуальнае пытанне для ўсіх ЦКРНіР, якія ажыццяўляюць дыягнастычную дзейнасць. Такі вопыт у краіне ўжо ёсць. У прыватнасці, старшы выкладчык кафедры тэорыі і методыкі спецыяльнай адукацыі Гро­дзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Зоя Іванаўна Ахрэмава распрацавала дапаможнік па лагапедычным абследаванні дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту на беларускай мове. Спецыялісты Мінскага гарадскога ЦКРНіР стварылі дыягнастычны матэрыял па абследаванні гукавымаўлення ў дзяцей на беларускай мове. Карэкцыйныя цэнтры Мінска таксама прымаюць удзел у распрацоўцы падобнага дыягнастычнага матэрыялу з улікам развіцця граматычнага ладу маўлення ў антагенезе, таго, якія і на якім узроставым этапе ў дзіцяці павінны з’яўляцца граматычныя формы, навыкі дапасавання, словазмянення, словаўтварэння. У Маскоўскім раёне Мінска ёсць групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, якія рэалізуюць праграму спецыяльнай адукацыі на беларускай мове.

Надзея ЦЕРАХАВА.