Незабыўны ўрок

- 10:49Навіны рэгіёнаў

— Настаўнік павінен не толькі даваць веды дзецям, але і зацікаўліваць іх, выклікаць устойлівую матывацыю да вывучэння свайго прадмета, развіваць пазнавальную актыўнасць, — гаворыць настаўніца біялогіі А.К.Шыдлоўская з Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна. — Для гэтага выкарыстоўваю розныя методыкі навучання і формы работы, якія ўзмацняюць займальнасць вучэбнага матэрыялу і стымулююць цікавасць да яго зместу. Вялікую ўвагу ўдзяляю выхаваўчаму патэнцыялу прыроды. Яшчэ К.Д.Ушынскі гаварыў, што дзень, праведзены дзіцем на прыродзе, варты многіх тыдняў, праведзеных ім на вучэбнай лаўцы. Вучні неаднаразова бывалі ў Белавежскай пушчы, а нядаўна наведалі біялагічны музей у БрДУ імя А.С.Пушкіна.

Загадчык музея А.А.Сярбун з першых хвілін экскурсіі захапіў школьнікаў светам прыроды. Музейная экспазіцыя падзелена на некалькі тэматычных груп, якія знаёмяць наведвальнікаў з гісторыяй развіцця жыцця на Зямлі на працягу мільёнаў гадоў, флорай і фаўнай планеты, сучаснымі біяцэнозамі, характэрнымі для нашай мясцовасці. На іх прыкладзе паказана жыццё жывёл у натуральных умовах. Асаблівай увагі заслугоўваюць калекцыі сістэматычных груп жывёл — ад кішачнаполасцевых да млекакормячых. Выклікаюць цікавасць калекцыі малюскаў і насякомых. Большую частку музейных экспанатаў сабралі студэнты падчас падарожжаў, а таксама жыхары горада.

— Паколькі на працягу студзеня — красавіка ў нашай школе праходзіла экалагічная акцыя “Падтрымаем птушак”, вялікую ўвагу дзяцей выклікаў музейны раздзел пра птушак, падзеленых на групы ў залежнасці ад іх сістэматычнага становішча, месца пражывання і ладу жыцця, — расказвае А.К.Шыдлоўская. — Вучні ўбачылі не толькі рэдкіх і знікаючых птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, але і шырока распаўсюджаных. Асабліва спадабалася дзецям калекцыя атрада Дзятлападобных, дзе былі размешчаны ўсе 10 відаў яго прадстаўнікоў, і драпежных птушак. Школьнікі даведаліся, што, напрыклад, сава прыносіць шмат карысці: адна птушка зберагае ў год больш за тры тоны ўраджаю збожжавых культур, з’ядаючы іх асноўных шкоднікаў — мышэй.

Напрыканцы пазнавальнай экскурсіі А.А.Сярбун правёў для вучняў віктарыну, падчас якой патрабавалася пазнаць і знайсці жывёлу з фотаздымка ў музеі. Па знешніх прыкметах жывёл дзеці вызначалі іх лад жыцця, месца пражывання і іншыя асаблівасці.

— Падчас такіх экскурсій вучні не толькі атрымліваюць шмат станоўчых эмоцый, але і набываюць карысныя веды пра навакольны свет. Гэта вельмі дапамагае ў далейшай рабоце на ўроках біялогіі, — падагульняе А.К.Шыдлоўская.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.