На Міншчыне адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя “Першая сусветная вайна ў гістарычных лёсах Еўропы”.
Сёлета ўвесь свет адзначае сумную дату — стагоддзе з пачатку крывавай і бязлітаснай Першай сусветнай вайны. У нашай краіне праводзіцца мноства мерапрыемстваў для ўшанавання памяці загінуўшых, распаўсюджання ведаў пра Першую сусветную, зберажэння памяці пра трагічныя і гераічныя падзеі вайны. Канферэнцыя стала адным з такіх мерапрыемстваў.
Арганізатарамі выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Мінскі аблвыканкам, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Вілейскі райвыканкам і краязнаўчы музей.
Удзельнікаў канферэнцыі прымала Вілейка. Гэты край па праву заслужыў магчымасць правядзення мерапрыемства такога ўзроўню. На Вілейшчыне актыўна вядзецца работа па захаванні памяці аб Першай сусветнай вайне, яе героях. Пра гэта, вітаючы гасцей, расказаў Віктар Кот, старшыня Вілейскага райвыканкама. Упэўніцца ў гэтым навукоўцы маглі і падчас экскурсіі на месцы пахавання воінаў, на лазарэтныя брацкія могілкі, у мемарыяльны комплекс ля вёскі Рускае Сяло, у вёску Заброддзе, дзе знаходзіцца адзіны ў краіне музей Першай сусветнай вайны, створаны, дарэчы, намаганнямі Барыса Цітовіча — чалавека, які амаль усё жыццё прысвяціў гэтай справе.
Увазе ўдзельнікаў канферэнцыі была прадстаўлена выстаўка ўнікальных фотаздымкаў з калекцыі гісторыка, публіцыста, калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава. На здымках — рэальнае адлюстраванне падзей Першай сусветнай вайны, не толькі ваенных баталій, але і салдацкага быту. Экспазіцыя пабудавана так, што аднолькавыя або падобныя падзеі, з’явы глядач бачыць вачыма ваенных фатографаў нямецкай і рускай армій. Выстаўка ўжо экспанавалася ў Францыі, Германіі, Расіі. Паўсюль (і Вілейка не стала выключэннем) яна прываблівала вялікую ўвагу.
На канферэнцыю прыехалі дакладчыкі з Літвы, Расіі, Славакіі, Украіны, а таксама прадстаўнікі розных рэгіёнаў Беларусі. На адкрыцці ўдзельнікаў вітаў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. “Першая сусветная вайна — гэта канфлікт сусветнага ўзроўню, у які былі ўцягнуты амаль усе краіны і народы. Вайна змяніла лёсы мільёнаў людзей, лёсы краін, траекторыю цывілізацыйнага развіцця велізарных тэрыторый. Беларусь апынулася ў эпіцэнтры ваенных падзей, — сказаў у сваім выступленні Сяргей Аляксандравіч. — Дзякуй вам, гісторыкі, што робіце падзеі, якія адбываліся 100 гадоў назад, даступнымі для ўспрымання. Вы ўздзейнічаеце на фарміраванне палітыкі, светапогляду сённяшняй моладзі, каб былі зроблены правільныя высновы, бо змяніць гісторыю ўжо немагчыма, а паўтарыць трагічныя памылкі — злачынна”.
Тэма канферэнцыі актуальная не толькі з-за векавога юбілею, надзвычай важнай яна здаецца на фоне сённяшніх падзей у свеце. Гэтая думка не раз агучвалася на канферэнцыі. У сваёй вітальнай прамове намеснік старшыні Мінаблвыканкама Аляксандр Юшкевіч адзначыў: “Чалавек становіцца мудрым, калі ў яго ёсць вопыт. Народ становіцца вялікім, калі ў яго ёсць багатая гісторыя. Наша краіна вялікая і шматпакутная. Сёння на этапе глабалізацыі многія імкнуцца перапісаць гісторыю на свой лад. Справядліва і неабходна, каб нашы дзеці, нашы нашчадкі ведалі праўдзівую гісторыю”.
Распачалася канферэнцыя дакладам загадчыка кафедры гісторыі новага і навейшага часу БДУ, доктара гістарычных навук, прафесара Уладзіміра Сяргеевіча Кошалева. У сваёй рабоце “Першая сусветная вайна ў гістарычных лёсах свету” Уладзімір Сяргеевіч падняў важнае пытанне — хто нясе адказнасць за пачатак вайны, а таксама акрэсліў перспектыўныя тэмы для далейшага даследавання. Работа канферэнцыі ладзілася ў пяці секцыях: “Баявыя дзеянні на франтах Першай сусветнай вайны”, “Грамадзянскае насельніцтва ў гады Першай сусветнай вайны. Бежанцы і іх лёсы”, “Нацыянальны рух у перыяд Першай сусветнай вайны”, “Дыпламатыя і міжнародныя адносіны ў гады Першай сусветнай вайны”, “Першая сусветная вайна ў гістарычнай памяці народаў”. У кожнай секцыі былі цікавыя выступленні, вострыя пытанні і насычаныя дыскусіі. Удзельнікі адзначылі высокі ўзровень прадстаўленых работ. “Сёння мяне ўразіла глыбіня ведаў, — расказвае Юрыус Тракшаліс, старшыня Інстытута ваеннай спадчыны ў Вільнюсе, — я часта бываю на канферэнцыях у іншых краінах і нярэдка там чую ў выступленнях агульныя фразы, усім вядомую інфармацыю. Тут жа даследчыкі знаходзяць нешта новае, і кожны з іх расказвае пра канкрэтныя падзеі, людзей, з’явы і дэманструе надзвычай высокі ўзровень падрыхтаванасці”.
Канферэнцыя не толькі дае магчымасць абмяняцца інфармацыяй і даведацца пра нешта новае, яна мае вялікае выхаваўчае значэнне. Такія мерапрыемствы, як канферэнцыя ў Вілейцы, спрыяюць распаўсюджанню зацікаўленасці гісторыяй не толькі навукоўцаў, даследчыкаў, але і кожнага чалавека. Пра гэта добра сказаў удзельнік канферэнцыі даследчык з Санкт-Пецярбурга Аляксандр Карскі, праўнук знакамітага акадэміка Я.Карскага: “Сапраўдныя паважныя адносіны да продкаў, іх барацьбы і пакут, працы і болі, зберажэнне месцаў пахавання, паважанне памяці аб загінуўшых — гэта правільная місія, гэта правільна выхоўвае чалавека!”
Першую сусветную вайну нярэдка называюць забытай вайной, вайной малавядомай. Многія навукоўцы кажуць, што падзеі векавой даўнасці, на жаль, яшчэ недасканала вывучаны, што трэба актывізаваць работу ў гэтым кірунку. А гэта значыць, што ў даследчыкаў яшчэ многа работы наперадзе.
Фота аўтара.
Дар’я РЭВА.