У жыцці кожнага выпускніка сярэдняй школы № 8 Ваўкавыска з польскай мовай навучання ёсць падзея, якую ён чакае ўсе 11 гадоў. Гэта самы цудоўны вечар, у якім вучні 11 класа, ператвараючыся ў прынцаў і прынцэс, трапляюць на казачны баль. Адбываецца гэта роўна за 100 дзён да экзаменаў.
Сёлета выпускны клас падрыхтаваў шыкоўнае двухгадзіннае прадстаўленне на тэму “Вакол свету за адну ноч”. Арыгінальнае ўпрыгажэнне залы і памяшкання школы адлюстроўвала тэматыку свята. Значнасць мерапрыемства пацвярджаецца тым, што кожны год на ім прысутнічае шмат шаноўных гасцей. Гэты год не стаў выключэннем. На свяце пабывалі старшыня Ваўкавыскага раённага выканаўчага камітэта М.М.Сіцько, намеснік старшыні Ваўкавыскага раённага выканаўчага камітэта І.А.Кашкевіч, загадчык сектара выхаваўчай і сацыяльнай работы аддзела адукацыі, спорту і турызму С.І.Стачук, метадыст Ваўкавыскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Л.Д.Рачкоўская, прадстаўнікі Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне, а таксама дэлегацыя з горада-пабраціма Седльцы. Традыцыйна свята пачалося старапольскім урачыстым танцам “Паланэз”. Любы баль XVIII стагоддзя пачынаўся менавіта з гэтага танца. Тым самым падкрэсліваўся ўзвышаны характар свята. А затым гасцей чакала захапляльнае віртуальнае падарожжа па найбуйнейшых краінах свету. Першапачатковым пунктам адпраўлення стала культурная сталіца нашай Радзімы — Віцебск. Менавіта тут праходзіць самая значная музычная падзея краіны — “Славянскі базар”, які збірае найлепшых маладых музыкантаў, адкрываючы новыя таленты. Нашы юныя артысты накіраваліся на міжнародны конкурс, дзе паспяхова прадэманстравалі свае музычныя здольнасці.
Пасля ўсіх прысутных чакаў цягнік на Варшаву, дзе госці бліжэй пазнаёміліся з Рэспублікай Польшча, яе багатай і непаўторнай прыродай, людзьмі, якiя любяць і ўмеюць спяваць і весяліцца.
Любое падарожжа па Еўропе немагчыма без наведвання самага рамантычнага горада — Парыжа. Сталіцы кахання была прысвечана прыгожая і меладычная песня “Цяпер ты…”.
Затым госці акунуліся ў загадкавую і непаўторную атмасферу Лондана. Гэты горад напоўнены духам таямнічай гісторыі і высокай культуры. Усе прысутныя пабывалі на канцэртнай пляцоўцы ў Лондане дзякуючы выступленню вядомай брытанскай спявачкі Jessie J.
З прыбыццём лайнера ў ЗША ўсіх чакала ўрачыстая цырымонія ўручэння прэміі “Оскар” у Галівудзе. Памятныя сувеніры настаўнікі і шаноўныя госці ў розных намінацыях атрымалі з рук Мэры Попінс, Максіма Мірнага, Дар’і Домрачавай, Мікалая Баскава, Ванэсы Мэй, Мэрылін Манро і групы The Beatles.
А знаходзячыся ў гарачай Аўстраліі, усе акунуліся ў атмасферу запальных рытмаў дыскатэкі 80-х. Вучні разам з бацькамі і гасцямі ўспомнілі рухі самых папулярных танцавальных кампазіцый: рок-н-рола, ламбады і г.д.
Наведаўшы Расію, успомнілі самыя вядомыя культурныя дасягненні гэтай краіны: Вялікі тэатр, Крэмль, Траццякоўскую галерэю. А затым усіх чакаў рамантычны зімні вечар у Расіі дзякуючы пяшчотным чароўным матывам вальса “Зімняя фантазія”.
Скончылася падарожжа вакол свету прыездам у родны горад Ваўкавыск. Прыгожых мясцін шмат, але нідзе не адчуваеш сябе так утульна, як дома. Песня на беларускай мове “Ластаўка”, якую так натхнёна спявала Соф’я Пакачайла, абудзіла шчырыя эмоцыі, у многіх на вачах з’явіліся слёзы.
Шмат добрых, цёплых слоў прагучала ў адрас бацькоў, якія ўклалі часцінку душы ў выхаванне сваіх дзяцей. У якасці падзякі за любоў, пяшчоту, чуйнасць і разуменне дзеці падарылі сваім самым блізкім людзям кветкі і прыгожую песню “Гэта дзякуючы вам”.
Напрыканцы вечара словы падзякі і захаплення ў адрас юных артыстаў выказалі госці і дырэктар школы Г.А.Булай. На думку ўсіх прысутных, свой першы экзамен вучні здалі на выдатна. Яшчэ доўгі час ніхто не спяшаўся дадому. Цёплая і па-сапраўднаму таварыская атмасфера панавала вакол. А выпускнікам застаецца пажадаць паспяхова здаць выпускныя экзамены і правільна выбраць свой жыццёвы шлях.
Ганна ПЯНЬКОЎСКАЯ,
класны кiраўнiк 11 класа сярэдняй школы № 8 Ваўкавыска з польскай мовай навучання.