Ніводнага дня без беларускага слова

- 12:25Дашкольная адукацыя

У нашай краіне рэалізоўваецца план мерапрыемстваў па папулярызацыі беларускай мовы, таму ва ўстановах адукацыі вялікая ўвага ўдзяляецца пашырэнню адукацыйных паслуг на роднай мове. Далучэнне дзяцей да нацыянальнай спадчыны з’яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі Гродзенскай вобласці. Аб гэтым расказала галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Анжаліка Леанідаўна Кухта.

Лепшы паказчык па рэспубліцы

“У Гродзенскай вобласці вядзецца мэтанакіраваная дзейнасць па адкрыцці беларускамоўных груп, — адзначыла Анжаліка Леанідаўна. — Так, у аддзелах адукацыі, спорту і турызму ў дні прыёму па пытаннях уладкавання дзяцей ва ўстановы дашкольнай адукацыі праводзіцца экспрэс-апытанне бацькоў наконт пажаданняў адносна мовы навучання іх дзіцяці. Пры гэтым робіцца рэклама, раздаюцца візіткі дзіцячых садкоў, дзе ёсць беларускамоўныя групы. Падобнае апытанне праводзіцца і ў дашкольных установах. Акрамя таго, у грамадскім транспарце Гродна да пачатку навучальнага года даецца гукавая рэклама аб наборы дзяцей у групы з беларускай мовай навучання. На вэб-сайтах аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, устаноў дашкольнай адукацыі таксама размяшчаецца даведачная інфармацыя аб існаванні выбару мовы навучання. Усе прыкладзеныя намаганні даюць вынікі: у вобласці адкрыты 533 беларускамоўныя групы, якія наведваюць звыш 7,7 тысячы выхаванцаў. Колькасць такіх груп паступова расце ў гарадской мясцовасці: на сёння дзейнічае 162 групы (3031 дзіця), а гэта лепшы паказчык па рэспубліцы. Найбольшая колькасць беларускамоўных груп прадстаўлена ў Лідскім (56, з іх у горадзе — 23, 461 дзіця), Смаргонскім (53, з іх у горадзе — 29, 590 дзяцей), Навагрудскім (37, з іх у горадзе — 19, 336 дзяцей), Ваўкавыскім (38, з іх у горадзе — 11, 217 дзяцей) раёнах. Асобна хочацца адзначыць вопыт работы Зэльвенскага раёна, дзе ўсе ўстановы дашкольнай адукацыі працуюць на беларускай мове. Адукацыйны працэс у такіх групах будуецца на аснове вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі і накіраваны на фарміраванне ўстойлівай цікавасці да роднай мовы, традыцый беларускага народа, на стварэнне беларускамоўнага асяроддзя”.

Педагогі Гродзеншчыны далучаюць выхаванцаў да этнакультурнай спадчыны беларускага народа, супрацоўнічаюць з этнаграфічнымі музеямі, у прыватнасці, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеем. Супрацоўнікі музеяў выязджаюць у дзіцячыя сады з выставамі, праводзяць тэматычныя заняткі. Стала добрай традыцыяй ладзіць з выхаванцамі фальклорныя святы, кірмашы, тэатралізаваныя паказы. Заслугоўвае ўвагі вопыт работы ясляў-сада № 84 Гродна, калектыў якога з 2004 года працуе ў названым кірунку: спачатку як інавацыйная пляцоўка па ўкараненні аўтарскай праграмы “Этнасад”, а пасля абагульнення адпаведнага вопыту работы — у статусе раённага рэсурснага цэнтра па тэме “Далучэнне да родных вытокаў праз этнічную спадчыну”. Эфектыўна па гэтай жа тэме працуюць калектывы ясляў-сада № 54 Гродна, ДЦРД вёскі Елкі Зэльвенскага раёна і інш.

Цікавы вопыт (у межах правядзення Міжнароднага дня роднай мовы) назапашаны ў Кастрычніцкім раёне Гродна, дзе арганізаваны раённы конкурс сярод устаноў адукацыі на лепшую праграму мерапрыемстваў, а таксама на лепшую творчую работу, прысвечаную гэтаму дню. Педагагічныя калектывы ясляў-садоў №№ 65, 70, 80, 84, 86, 92, ДЦРД №№ 58, 98 былі дыпламантамі конкурсу, а сумесная творчая работа (верш пра родную мову) педагога і выхаванца ясляў-сада № 20 Гродна атрымала дыплом ІІ ступені.

Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі для слухачоў павышэння кваліфікацыі праводзяцца вучэбныя заняткі, трансліруецца лепшы вопыт педагагічных работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі па гэтым кірунку, а ў бягучым годзе праводзіўся Абласны конкурс—віктарына знаўцаў беларускай культуры, пераможцамі якога сярод устаноў дашкольнай адукацыі сталі яслі-сад № 63 Гродна і яслі-сад Міра Карэліцкага раёна. Усе мерапрыемствы падпарадкаваны адной ідэі — прыцягнуць увагу дзяцей і дарослых да нацыянальных каштоўнасцей, беларускай мовы, культуры свайго народа.

Запрашаем у Дзятлаўскі раён

Цікавы вопыт па далучэнні выхаванцаў да роднай мовы атрыманы ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці. У дашкольных установах раёна функцыянуюць 22 групы з беларускай мовай навучання (што складае амаль 38 працэнтаў ад усёй колькасці груп), якія наведваюць 235 дзяцей. У гэтую колькасць груп уваходзяць і 3 групы ў трох установах дашкольнай адукацыі, якія размешчаны ў гарадской мясцовасці (50 дзяцей).

“Сістэма дашкольнай адукацыі раёна прадстаўлена 17 установамі розных відаў, з іх 13 знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, 4 — у гарадской, — адзначыла метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Кацярына Аляксандраўна Гайдук. — Мы сістэматычна інфармуем бацькоў нашых выхаванцаў аб асаблівасцях арганізацыі адукацыйнага працэсу на беларускай мове ва ўстановах дашкольнай адукацыі з рускай мовай навучання. З гэтай мэтай запрашаем іх на мерапрыемствы з удзелам дзяцей, якія праходзяць на беларускай мове, прапагандуем дасягненні выхаванцаў у сродках масавай інфармацыі, а таксама праз афіцыйныя крыніцы-сайты. Штогод праводзім апытанні сярод бацькоў аб тым, на якой мове яны хочуць вучыць сваіх дзяцей. У афармленні візуальнай інфармацыі ў аддзеле адукацыі і дашкольных установах беларуская і руская мова выкарыстоўваюцца ў аднолькавай прапорцыі. Хачу адзначыць, што ў раёне назіраецца тэндэнцыя пашырэння выкарыстання беларускай мовы ў вядзенні справаводства, службовай перапісцы, выхаваўчай рабоце з дзецьмі.

Галоўнай умовай паспяховага спасціжэння роднай мовы выхаванцамі з’яўляецца прафесіяналізм педагогаў. У планы раённых метадычных аб’яднанняў уключаны мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне кампетэнтнасці педагогаў у гэтым кірунку. Праводзяцца праблемныя семінары для выхавальнікаў, майстар-класы, педагагічныя марафоны і г.д. Педагогі раёна забяспечаны неабходнымі вучэбнымі нагляднымі і вучэбна-метадычнымі дапаможнікамі. Па выніках супрацоўніцтва з выдавецтвамі ва ўстановы дадаткова была набыта значная колькасць літаратуры, у тым ліку на беларускай мове. Так, за першы квартал 2017 года паступіла 150 экзэмпляраў вучэбных выданняў (ВМК “Я мову родную люблю”)”.

Беларуская мова сістэматычна ўключаецца ў разнастайныя мерапрыемствы ва ўстановах дашкольнай адукацыі з рускай мовай навучання. Прымяненне яе не абмяжоўваецца толькі адным абавязковым днём беларускай мовы ў тыдзень. Акрамя таго, у змест усіх адукацыйных мерапрыемстваў, конкурсаў, якія праходзяць у раёне, таксама ўключаны рэгіянальны і нацыянальны кампанент. Напрыклад, тут ладзіліся завочны фестываль сюжэтна-гульнявых праграм з элементамі беларускіх народных гульняў “Забава”, педагагічны марафон “І завітала ў госці беларуская народная казка”, мерапрыемства “Яе Вялікасць Сям’я”, агляд-конкурс юных чытачоў “Вясёлка дзяцінства”, падчас якога былі відавочны вынікі дзейнасці педагогаў па развіцці ў дзяцей навыкаў вуснага беларускага маўлення. Дзеці старшага дашкольнага ўзросту кожны год прымаюць удзел у інтэлектуальна-творчым конкурсе “Любазнайка”. Конкурс даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту “Я — даследчык” у раёне праводзіцца з 2012 года. У працэсе падрыхтоўкі да конкурсу малышы даследавалі якасці і ўласцівасці матэрыялаў з ільну (ДЦРД № 2 Дзятлава), гісторыю ўзнікнення беларускіх народных лялек (Таркачоўскі дзіцяцы сад — базавая школа), даказвалі мэтазгоднасць вядзення сельскай гаспадаркі (Раклевіцкі дзіцячы сад — базавая школа).

Варта адзначыць паспяховую дзейнасць па ўкараненні і ўдасканаленні адукацыйных паслуг на беларускай мове ў Дварэцкім, Казлоўшчынскім, Новаяльнянскім яслях-садах, Міроўшчынскім дзіцячым садзе, а таксама ў яслях-садзе № 1 і ДЦРД Дзятлава. У гэтых установах ствараецца беларускамоўнае асяроддзе, абсталёўваюцца этнаграфічныя музейныя куткі, афармляюцца зменныя экспазіцыі аб беларускіх народных святах, аб славутых земляках, куткі дзяржаўнай сімволікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У адпаведнасці з тэматыкай пэўнага тыдня ў беларускамоўных групах афармляюцца кніжныя выставы, у тым ліку прысвечаныя творчасці пісьменнікаў, падбіраецца адпаведны матэрыял, гульнявыя дапаможнікі. У штодзённую практыку педагогаў увайшло правядзенне моўных хвілінак (“Кожны дзень — беларуская народная казка (верш, апавяданне)”, “Кожны дзень — беларуская гульня”, “Кожны дзень — беларуская прыказка (прымаўка)”.

На сайтах ясляў-садоў з’явіліся старонкі “Вучым дзяцей размаўляць па-беларуску”, на якой размяшчаюцца кансультацыі і рэкамендацыі (“Развіццё маўленчага голасу і інтанацыйнай выразнасці маўлення дзяцей дашкольнага ўзросту”, “Развіваем пальчыкі — развіваем маўленне” і г.д.). Справаводства, у тым ліку кадравае, у некаторых установах Дзятлаўскага раёна поўнасцю ажыццяўляецца на беларускай мове. Спецыялісты забяспечаны Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, матэрыялам па іх тлумачэнні, вучэбна-метадычнымі дапаможнікамі, рэкамендаванымі Міністэрствам адукацыі і НІА, дыдактычнымі дапаможнікамі, перыядычнымі і літаратурнымі выданнямі на беларускай мове.

Добрай традыцыяй стала правядзенне ў верасні Дня беларускага пісьменства, у лютым — тыдня беларускай мовы, прысвечанага Міжнароднаму дню роднай мовы. Падчас гэтых мерапрыемстваў ладзяцца конкурсы малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў, тэатралізаваныя пастаноўкі па матывах беларускіх народных казак, конкурсы сумесных творчых работ бацькоў і дзяцей, акцыі для бацькоў “Гавары са мной па-беларуску”. Шырока выкарыстоўваюцца ў рабоце з дзецьмі літаратурныя віктарыны (“З якой казкі гэты герой?” і інш.), конкурсы на лепшае выкананне твораў на беларускай мове. Праводзяцца фальклорныя святы Калядкі, Гуканне вясны, Купалле, Масленіца, Багач, тэматычныя тыдні роднай вёскі, беларускай казкі, падчас якіх дзеці разам з бацькамі прымаюць удзел у народных абрадах, вырабе беларускіх народных цацак з ільну, саломы, гліны.

“Сёння мы адзначаем рост прафесійнага ўзроўню педагогаў, якія выкарыстоўваюць беларускую мову ў сваёй дзейнасці. Іх выхаванцы не толькі разумеюць беларускую мову, але і ўмеюць размаўляць на ёй. У адукацыйны працэс усё актыўней уключаюцца бацькі, — падкрэслівае Кацярына Аляксандраўна. — Мы бачым і перспектыўныя для сябе кірункі. Актуальнымі для нас застаюцца задачы пашырэння колькасці адукацыйных паслуг на беларускай мове, удасканалення іх якасці, забеспячэння ў поўным аб’ёме навукова-метадычнай літаратурай беларускамоўных груп, далейшае развіццё дадатковых адукацыйных паслуг і сістэмы метадычнага суправаджэння педагогаў”.

Надзея ЦЕРАХАВА.