Новае хобі ў новым навучальным годзе

- 9:20Дадатковая адукацыя

Рэспубліканскі тыдзень дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі праходзіць з 7 па 13 верасня. На жаль, устройства для тэлепартацыі пакуль не стварылі, таму пабываць на ўсіх запланаваных мерапрыемствах не атрымалася. Але адчуць атмасферу некаторых з іх усё ж пашчасціла. Час стварае трэнды, таму сёлета многія сустрэчы, семінары, майстар-класы, экскурсіі прайшлі анлайн.

Галіна Навіцкая правярае шыншылу.

У іншым фармаце

На сайце Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі размясцілі матэрыялы, якія адлюстроўваюць сучасны стан дадатковай адукацыі вобласці, новыя ідэі і творчыя ініцыятывы дзяцей і педагогаў. Кожны дзень быў тэматычным і прысвячаўся якому-небудзь напрамку дзейнасці.

7 верасня можна было паглядзець мультымедыйную прэзентацыю, відэаролік і віртуальны альбом пра дадатковую адукацыю Віцебшчыны, дзякуючы метадычнай службе пазнаёміцца з новымі практыкамі развіцця дадатковай адукацыі.

8 верасня было прысвечана мастацкай творчасці. На сайце размясцілі відэафільм пра этнакультурнае выхаванне, віртуальны зборнік-прэзентацыю ўзорных калектываў вобласці, відэафільм-прэзентацыю творчых калектываў Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Таксама на сайце можна знайсці майстар-класы: як зрабіць тэатр ценяў дома, ляльку “Беларусачка”, незвычайны грым, дэкаратыўнае пано “Вячэрні горад” у тэхніцы “гарачы батык” і інш. Можна пагля­дзець трансляцыю спектакляў узорнага дзіцяча-юнацкага тэатра “Мара” — “Выкраданне цыбулін” (М.Машаду) ці “Дом майго сэрца” (А.Котляра).

Меню на сайце Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі.

9 верасня — дзень экалагічнага напрамку. На сайце быў размешчаны відэаролік пра дзейнасць экалагічнага аддзела палаца, некалькі відэаўрокаў, віртуальнае падарожжа ў куток жывой прыроды, майстар-клас па сучаснай фларыстыцы і інш.

Наступны дзень пагрузіў у свет інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. Сваю аўдыторыю знайшлі майстар-класы па стварэнні абароннага шчытка для медработніка і рачнога буксіра з рухавіком, прэзентацыя творчага праекта “Краіна драўлянай цацкі”, анімацыйныя фільмы ўзорнай студыі “МультыСтудыя”.

11 верасня прайшло пад знакам турызму і краязнаўства. Педагогі знайшлі новыя формы работы, а заадно і натхненне дзякуючы медыя-даведніку па адукацыйных экскурсіях па Віцебскай вобласці, відэапрэзентацыям пра народныя музеі ўстаноў адукацыі вобласці — удзельнікаў Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі” і пра інавацыйна-культурныя праекты рэгіёна, відэаролікам і прэзентацыям пра развіццё турызму і краязнаўства ў Браславе, Наваполацку, Дуброўне, Оршы, Полацку і Талачыне.

12 верасня прысвечаны сацыяльным праектам і маладзёжным ініцыятывам. У гэты дзень Аршанскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі прэзентуе праект Playground, а Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі — праект “Полацк памятае пра па­дзеі і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны”. Да таго ж даступныя відэаагляды, мультымедыйныя прэзентацыі, прэзентацыйныя відэаролікі розных турніраў і конкурсаў. Зручна, што матэрыялы ўсіх дзён застаюцца на сайце і да іх можна звярнуцца ў любы момант.

Узорны хор “Радасць”.

Бліжэй да прыроды

Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаў­ства вырашыў большасць мерапрыемстваў правесці анлайн, але некаторыя пакінуць для зносін ужывую. У праграме Skype ла­дзілі трэнінгі. На адным з іх — “Арганізацыя работы куткоў жывой прыроды: змест і методыкі правядзення даследчай і эксперыментальнай работы з навучэнцамі” — абмеркавалі, якія санітарныя нормы і правілы павінны выконвацца, адкуль у куткі могуць трапляць жывёлы, як іх набы­ваць, ці можна іх б­раць з дзікай прыроды і адаптаваць да жыцця ў жывым кутку. Знаёміліся з тым, якія павінны быць рацыёны кармоў, як правільна іх разлічваць на кожную жывёлу, як павінна быць абсталявана памяшканне жывога кутка, як размяшчаць клеткі, расліны, акварыумы. “Падчас трэнінгу ўдзель­нікі маглі задаваць свае пытанні, тут жа атрымлівалі адказы. Калі на нейкія пытанні мы не паспелі адказаць, то дашлём іх на электронную пошту або пракансультуем па тэлефоне ці ўжывую”, — кажа метадыст аддзела экалагічнай адукацыі і сацыякультурнай дзейнасці Галіна Навіцкая.

Семінар па арганізацыі работы экалагічнага напрамку з дзецьмі дашкольнага ўзросту пазнаёміў з вопытам работы школы ранняга развіцця “Эказнайка”. Педагогі расказалі, як функцыянуе школа, якія напрамкі плануюць стварыць у гэтым го­дзе, якія патрабаванні прад’яўляюцца да работы з дзецьмі дашкольнага ўзро­сту, колькі гадзін у тыдзень дазволена праводзіць і г.д.

Педагогі аддзела турызму і спартыўнага арыентавання сустрэліся са школьнікамі і іх бацькамі афлайн. Пазнаёмілі з дзейнасцю гуртка “Скалалажанне”, правялі экскурсійна-адукацыйную праграму “Гісторыя развіцця турызму ў Беларусі”, віктарыну “Ці ведаеце вы Беларусь?”. На Дні адкрытых дзвярэй прапанавалі прайсці па “Турысцкай сцежцы”: пераадолець навясную пераправу, розныя перашкоды, завязаць турысцкі вузел і адпачыць у са­праўднай туры­стычнай палатцы.

Увогуле на Дні адкрытых дзвярэй працавала 15 лакацый, якія прадставілі амаль усе напрамкі дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах. “Мы арганізавалі майстар-класы, інтэрактыўныя пляцоўкі, паказалі ўсе цікавыя месцы нашага цэнтра: аранжарэю, дэманстрацыйную пляцоўку па вывучэнні альтэрнатыўных крыніц энергіі, куток жывой прыроды, акварыумны клас і інш. Вучні дзяліліся на групы па 10 чалавек і на працягу 1,5 гадзіны наведвалі ўсе лакацыі. Напрыклад, у акварыумным класе ім расказалі пра розных рыбак, а потым праверылі, наколькі добра яны ўсё запомнілі; на стаянцы “Цуды мікрасвету” вучні з дапамогай мікраскопа паглядзелі на пылок, галінку, кроў жабы і інш.; на майстар-класе “Белару­скі арнамент як мова зносін” зрабілі паштоўку сваімі рукамі. У канцы іх чакаў невялікі сюрпрыз: розыгрыш сертыфікатаў на наведванне пробных заняткаў з выкарыстаннем сучаснага лабараторнага абсталявання, майстар-класа і адукацыйнай экскурсіі цэнтра”, — расказвае загадчык аддзела экалагічнай адукацыі і сацыякультурнай дзейнасці Галіна Савельева.

На пошукі прыгажосці

У Нацыянальным цэнтры мастацкай т­ворчасці дзяцей і моладзі прайшло шмат мерапрыемстваў для педагогаў і метадыстаў. Падтрымлівалі сувязі і наладжванлі дыялог праз праграму ZOOM (спасылку можна было знайсці на сайце цэнтра). Таму паслухаць пра дасягненні і планы ўстаноў дадатковай адукацыі маглі калегі і з іншых краін.

Больш лёгкім і забаўляльным атрымаўся тыдзень мастацтваў “Межы нашых талентаў”, дзе аб’яднанні прэзентавалі сваю дзейнасць. Дні былі тэматычнымі: 9 верасня свае дасягненні дэманстравалі вакальныя і харэаграфічныя аб’яднанні, 10 верасня — народныя і ўзорныя студыі выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, 11 верасня — тэатральныя калектывы, 13 верасня адбудзецца прэзентацыя заслужанага аматарскага калектыву Беларусі ўзорнага ансамбля песні і танца “Зорачка”.

Выступаць у першы дзень першымі — справа вельмі адказная. Яе даверылі ўзорнаму хору “Радасць”. У ім займаюцца дзеці ва ўзрос­це ад 5 да 14 гадоў. Большасць з іх — без музычнай адукацыі, але гэтым дзеткам вельмі хочацца спяваць. Дапамагаюць у развіцці іх здольнасцей кіраўнік Таісія Церашчук і хормайстар Арына Цуба. “Рэпертуар у нас, канечне, дзіцячы: пра чараўнікоў, сяброўства, дабрату. Дзеці павінны разумець, пра што спяваюць, бо тады яны могуць гэтую думку данесці слухачам, — кажа Арына Андрэеўна. — Перад канцэртам мы праслухоўваем выхаванцаў. Калі дзіця добра ведае праграму, мы ставім яго на выступленне, калі дрэнна, то і самому дзіцяці будзе непрыемна стаяць на сцэне, і нам будзе няёмка. Але стараемся браць на выступленне як мага больш выхаванцаў, бо канцэртны вопыт вельмі карысны”.

Калегі па цэху, творчая майстэрня “Трыумф” (якая ўжо з’яўлялася на старонках нашай газеты), таксама прывіталі ўсіх прысутных цудоўнымі кампазіцыямі. Першая — “Школа — час адкрыццяў”. Кіраўнік майстэрні Марына Куцко лічыць, што такая песня павінна была прагучаць, бо дзеці з нецярпеннем чакалі новага навучальнага года. Другі нумар — джазавая кампазіцыя “Ноч, месяц і джаз”. Яна з’явілася ў рэпертуары салісткі майстэрні Веры Чынушы зусім нядаўна, але дзяўчына ўжо паспела атрымаць з ёй Гран-пры конкурсу ў Растове-на-Дану.

Сваёй хуткасцю, гібкасцю і вытрымкай здзівіла выхаванка аб’яднання “Аэробіка спартыўная”. Дзяўчынка паказала практыкаванні, з якімі выступае на спаборніцтвах: танцавальныя рухі, сілавыя элементы, элементы на гібкасць і расцяжку. “У нашым аб’яднанні займаюцца дзяўчынкі ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў. У прынцыпе, мы бяром усіх дзяцей, нават у 12, для таго каб яны маглі выправіць сваю паставу, палепшыць мышачны тонус і навучыцца рухацца”, — дзеліцца Інеса Сафронава.

Закрываў канцэрт узорны харэаграфічны ансамбль “Дзіця свету”, якім кіруе Таццяна Быстрова. Назва ансамбля адлюстроўвае яго творчае крэда — тонкае разуменне культур народаў свету і нацыянальнага каларыту ў дзіцячым танцы. Рэпертуар уключае танцы-гульні, беларускія народна-сцэнічныя, рускія, нямецкія, яўрэйскія, грэчаскія, ірландскія і іншыя танцы. Гэтым разам гледачы ўбачылі танцы “Ляскаўкі” і “Каза”. Дарэчы, ансамбль з танцам “Каза” прадставіць Беларусь на 51-й Міжнароднай сустрэчы дзяцей Еўропы “Радасць Еўропы” ў Бялградзе 5 кастрычніка. Сёлета фестываль пройдзе ў анлайн-фармаце: калектывы запісваюць відэа, дасылаюць іх і такім чынам прадстаўляюць сваю краіну.


Новы навучальны год — час знайсці для сябе новы занятак па душы. Зацікаўленых дзяцей, акрамя пералічаных вышэй устаноў дадатковай адукацыі, чакаюць і ў Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, і ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі, і ў шматлікіх абласных, раённых, гарадскіх установах дадатковай адукацыі. Месцаў шмат, справа за жаданнем.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.