Новыя магчымасці фізічнага факультэта

- 7:53Навіны рэгіёнаў

На фізічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны на гэтым тыдні адкрылася лабараторыя сучасных камп’ютарных сістэм і сетак. Гэта стала магчымым дзякуючы супрацоўніцтву вядучай УВА Гомельшчыны з прадстаўніцтвам кампаніі D-Link у Рэспубліцы Беларусь.

Лабараторыя атрымала статус першага на тэрыторыі нашай краіны афіцыйнага аўтарызаванага вучэбнага цэнтра кампаніі D-Link — лідара ў вытворчасці сеткавага абсталявання спажывецкага класа і прылад для разумнага дома.

Атрыманне статусу аўтарызаванага вучэбнага цэнтра D-Link на базе фізічнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны дазволіць павысіць якасць прафесійнай падрыхтоўкі студэнтаў фізічнага факультэта ў галіне ўкаранення і выкарыстання карпаратыўных сетак перадачы даных з наступнай сертыфікацыяй падрыхтаваных спецыялістаў.

Весці заняткі па спецыяльнай праграме ў лабараторыі сучасных камп’ютарных сістэм і сетак будуць тры старшыя выкладчыкі кафедры агульнай фізікі. Віталь Грышчанка, Сяргей Сакалоў і Аляксандр Пабіяха ў снежні мінулага года прайшлі стажыроўку ў вучэбным цэнтры прадстаўніцтва кампаніі D-Link у Рэспубліцы Беларусь, паспяхова здалі сертыфікацыйныя экзамены і атрымалі статус сертыфікаваных выкладчыкаў курсаў “Асновы перадачы і камутацыі даных у камп’ютарных сетках” і “Тэхналогіі камутацыі і маршрутызацыі сучасных сетак Ethernet”. Якраз на адкрыцці лабараторыі прадстаўнік замежнай кампаніі ўручыў маладым выкладчыкам сертыфікаты і пажадаў плённай працы ў новым кірунку.

Акрамя таго, паміж кіраўніцтвам універсітэта і прадстаўніцтвам D-Link была дасягнута дамоўленасць аб удзеле вядучых спецыялістаў тайваньскай кампаніі ў правядзенні ўсебаковых практычных семінараў, кансультацый і майстар-класаў для студэнтаў факультэта. Таксама бакі абмеркавалі магчымасць фарміравання тэматык курсавых і дыпломных праектаў спецыялістамі кампаніі D-Link. Для студэнтаў гэта добрая падтрымка і вялікі стымул. Мяркуецца, што тыя, хто паспяхова прайшоў навучанне ў створаным аўтарызаваным вучэбным цэнтры, атрымаюць магчымасць удзелу ў праектах, што выконваюцца прадстаўніцтвам кампаніі D-Link на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Кампанія D-Link была заснавана ў Тайвані ў 1986 годзе і сёння з’яўляецца вядучым сусветным вытворцам сеткавага абсталявання карпаратыўнага ўзроўню і прафесійнага тэлекамунікацыйнага абсталявання на аснове тэхналогій Metro Ethernet, PON, xDSL, Wi-Fi. Супрацоўніцтва ўніверсітэта з вядучымі ў свеце ІТ-кампаніямі наладжана даўно. Зараз юнакі і дзяўчаты паспяхова засвойваюць сучасныя тэхналогіі ў лабараторыі, якая была адкрыта раней пры падтрымцы кампаніі СІSСО, а цяпер для іх ёсць яшчэ большыя магчымасці.

— Адкрыццё на фізічным факультэце лабараторыі сучасных камп’ютарных сістэм і сетак — гэта вельмі важная падзея як для факультэта, так і ўніверсітэта ў цэлым, — адзначыў прарэктар па вучэбнай рабоце, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Ігар Валянцінавіч Семчанка. — Маючы ў сябе такі аўтарызаваны вучэбны цэнтр, мы набліжаемся да заказчыка, паколькі можам рыхтаваць спецыялістаў згодна з патрабаваннямі пэўнай кампаніі. Калі да дыплома аб вышэйшай адукацыі маладыя людзі прыкладуць яшчэ і сертыфікат аб праходжанні навучання па праграме сусветна вядомай ІТ-кампаніі, іх канкурэнтаздольнасць на рынку працы адразу павысіцца.

Варта адзначыць, што супрацоўніцтва Гомельскага дзяржуніверсітэта з D-Link пачалося не ўчора. У цэнтры прадстаўніцтва кампаніі створаны і паспяхова працуе філіял кафедры агульнай фізікі фізічнага факультэта. Гэта дазваляе зрабіць больш цікавай і змястоўнай вытворчую практыку студэнтаў непасрэдна ў гэтай кампаніі ці па яе рэкамендацыі ў іншых вядомых айцішных структурах. Акрамя таго, дзейнасць філіяла кафедры падмацоўваецца метадычнай дапамогай, распрацоўкамі і выкарыстаннем спецыяльнай літаратуры, якія прадастаўляюцца арганізацыяй.

— Мы пастаянна пашыраем спектр нашых спецыяльнасцей, якія арыентаваны на ІТ-сферу, — расказвае дэкан фізічнага факультэта Дзмітрый Леанідавіч Каваленка. — За апошнія гады мы адкрылі такія спецыяльнасці, як “Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання”, “Электронныя сістэмы бяспекі”, “Праграмуемыя мабільныя сістэмы”, даўно паспяхова вядзецца падрыхтоўка па спецыяльнасцях “Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі” і “Фізічная электроніка”. Гэта сучасныя напрамкі, якія дазваляюць маладому чалавеку быць запатрабаваным на рынку працы. Але сёння мы не можам проста тлумачыць на пальцах, сёння патрэбен спецыяліст, які прыходзіць на працу з добрым багажом практычных ведаў. Даваць яму гэтыя веды якраз і дазваляюць лабараторыі з сучасным абсталяваннем.

У дзень адкрыцця лабараторыі прадстаўнік кампаніі D-Link у Беларусі адказаў на шматлікія пытанні студэнтаў. Маладых людзей цікавілі праграмы навучання па спецыяльнай праграме, працаўладкаванне, развіццё кампаніі і многае іншае. Было відаць, што атрымліваць сучасныя прафесіі на фізічны факультэт гэтыя юнакі і дзяўчаты прыйшлі не выпадкова, яны па-сапраўднаму зацікаўлены і бачаць сябе паспяховымі прафесіяналамі. Прадстаўніцтва замежнай ІТ-кампаніі прадаставіла фізічнаму факультэту неабходную для навучання літаратуру “Пабудова камуціруемых камп’ютарных сетак”, “ІР-тэлефанія ў камп’ютарных сетках”, “Асновы сеткавай бяспекі”. Дэкан факультэта Дзмітрый Каваленка пажартаваў наконт гэтага: “Бачыце, усё пра сеткі. Як у старыя часы казалі: “Сеткі мы вам дадзім, а вось рыбу лавіце самі”. Веды і навыкі будучыя спецыялісты атрымаюць, а вось як яны змогуць скарыстацца імі ў жыцці — залежыць толькі ад іх.

Наталля ЛУТЧАНКА.