Новы фармат настаўніка музыкі

Да пачатку V Рэспубліканскага чэмпіянату прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus яшчэ ёсць час, але падрыхтоўка да яго ўжо распачалася. Традыцыйным для гэтага конкурсу стане павелічэнне колькасці прафесійных кампетэнцый, па якіх будуць дэманстраваць сваё майстэрства яго ўдзельнікі. Вось і яшчэ адну такую кампетэнцыю плануецца дабавіць да агульнага спіса. Ёй стане “Музычная адукацыя”.

Установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дзе вядзецца навучанне па такой спецыяльнасці, выходзяць на новы этап сваёй дзейнасці, звязаны з падрыхтоўкай да рэспубліканскага чэмпіянату. Гэта дазволіць узняць на новы ўзровень падрыхтоўку настаўніка музыкі і музычнага кіраўніка ўстановы дашкольнай адукацыі згодна з патрабаваннямі адукацыйных стандартаў WorldSkills. Як паведаміла метадыст аддзела навукова-метадычнага забеспячэння спецыяльнасцей сацыяльна-эканамічнай сферы Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Н.В.Агеева (менеджар кампетэнцый WorldSkills Belarus “Дашкольная адукацыя”, “Пачатковая адукацыя”), з мэтай удзелу ў рэспубліканскім спаборніцтве па кампетэнцыі “Музычная адукацыя” сёння праводзіцца абмен вопытам паміж навучальнымі ўстановамі аднайменнага профілю, пашыраецца эксперыментальная работа, ствараюцца лабараторыі гэтай спецыяльнасці па падрыхтоўцы ўдзельнікаў чэмпіянату, фарміруецца экспертная супольнасць па кампетэнцыі, рыхтуюцца конкурсныя заданні, праграмы індывідуальнай падрыхтоўкі канкурсантаў, вядзецца адпрацоўка модуляў кампетэнцыі і адбіраюцца канкурсанты на паэтапныя спаборніцтвы. Плануецца правесці міні-чэмпіянат па кампетэнцыі “Музычная адукацыя” на ўзроўні рэгіёнаў, які дазволіць адабраць канкурсантаў для далейшых спаборніцтваў і вызначыць траекторыю падрыхтоўкі ўдзельнікаў да V Рэспубліканскага чэмпіянату прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus. На міні-чэмпіянаце плануецца прадэманстраваць модуль “Творчы батл”, які ўключае самапрэзентацыю, музычную віктарыну, выкананне народнай песні a capella, чытанне верша, мастацкія рухі, аніматарства. Удзел у спаборніцтвах прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus для будучага настаўніка музыкі — гэта павышэнне прэстыжу прафесіі, самавызначэнне, магчымасць прадэманстраваць унікальную спецыфіку прафесіі настаўніка музыкі, кар’ерны рост, ацэнка асабістага выступлення на фоне іншых удзельнікаў.

Адукацыйны стандарт сярэдняй спецыяльнай адукацыі спецыяльнасці “Музычная адукацыя” прадугледжвае высокія патрабаванні да ўзроўню і якасці прафесійнай падрыхтоўкі будучага настаўніка музыкі, музычнага кіраўніка ўстановы дашкольнай адукацыі. Як гэтае пытанне вырашаецца ў Полацкім каледжы ўстановы адукацыі “Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава”, расказала загадчык аддзялення па спецыяльнасцях “Музычная адукацыя”, “Турызм і гасціннасць” Алена Мікалаеўна Літвінава.

Ва ўстанове навучэнцаў па спецыяльнасці “Музычная адукацыя” рыхтуюць ужо 45 гадоў. За гэты працяглы перыяд часу ўстанова набыла багаты вопыт па падрыхтоўцы настаўнікаў музыкі, музычных кіраўнікоў дашкольных устаноў. Выпускнікі каледжа запатрабаваны не толькі ў Віцебскай вобласці, але і ў іншых рэгіёнах нашай краіны. Падрыхтоўку спецыялістаў ажыццяўляюць высокакваліфікаваныя выкладчыкі, многія з якіх маюць ступень магістра педагагічных навук у галіне музычнага мастацтва, з’яўляюцца дыпламантамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. Нядаўна выкладчыкі каледжа прайшлі навучанне ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава па праграме “Сучасныя падыходы да арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстанове адукацыі”. Вынікі прафесійнай працы выкладчыкаў аддзялення па спецыяльнасці “Музычная адукацыя” Полацкага каледжа адлюстраваны ў перамогах навучэнцаў каледжа ў шматлікіх конкурсах. У гэтым навучальным годзе выхаванцы каледжа прынялі ўдзел і занялі прызавыя месцы ў славутых музычных конкурсах, сярод якіх — Міжнародны фестываль мастацтваў Open Molo Fantasy — 2020, VII Рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў “Беларускія таленты”, Міжнародны фестываль-конкурс “АРТ-парад у Віцебску”, IV Міжнародны тэлепраект “Кубак дружбы — 2021”, абласны адборачны тур Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні “Маладзечна-2021”. Назвы гэтых музычных конкурсаў гавораць самі за сябе. Удзел у іх з’яўляецца вельмі прэстыжным, не гаворачы ўжо аб перамозе. У сувязі з увядзеннем новага вучэбнага плана спецыяльнасці і ўкараненнем музычна-камп’ютарных тэхналогій Полацкі каледж установы адукацыі ВДУ імя П.М.Машэрава імкнецца ўдасканаліць прафесійнае навучанне будучых музычных работнікаў, у тым ліку і за кошт павышэння прафесійнага майстэрства сваіх выкладчыкаў. Выкладчыца музычных дысцыплін Л.У.Крывец прайшла павышэнне кваліфікацыі ў Расійскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя А.І.Герцэна па тэме “Планшэтныя і воблачна арыентаваныя тэхналогіі ў музычнай адукацыі”, і атрыманыя веды знайшлі сваё адлюстраванне ў распрацаваным выкладчыцай прыкладным тэматычным плане, зацверджаным у далейшым Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі. Дзякуючы дырэктару каледжа Таццяне Генадзьеўне Палушкінай, ва ўстанове адукацыі абсталявана музычна-камп’ютарная лабараторыя, дзе навучэнцы набываюць тэарэтычныя і практычныя навыкі ў галіне новых інфармацыйных музычна-камп’ютарных тэхналогій, неабходных у прафесійнай дзейнасці настаўніка музыкі і музычнага кіраўніка ўстановы дашкольнай адукацыі. Будучыя спецыялісты вучацца разбірацца ў новых камп’ютарных праграмах і тэхнічных сродках, вывучаюць камп’ютарныя праграмы для работы з гукам і нотнай графікай, развіваюць навыкі падрыхтоўкі мультымедыйных матэрыялаў для вучэбнай і прафесійнай дзейнасці, вывучаюць асаблівасці работы на электронным музычным інструменце — клавішным сінтэзатары. Музычна-камп’ютарныя тэхналогіі шырока ўваходзяць у праграмы спецыяльных дысцыплін, выхаваўчых мерапрыемстваў музычнай накіраванасці, знаходзяць прымяненне ў музычных калектывах каледжа (аркестр “Рэнесанс”, народны ансамбль “Вясна”, эстрадная студыя “Серпанцін”, музычны тэатр “Фігаро”, вакальны ансамбль выкладчыкаў Music fly, народная харавая капэла выкладчыкаў імя У.А.Масленнікава).

Адным з крытэрыяў падрыхтоўкі навучэнцаў па спецыяльнасці “Музычная адукацыя” з’яўляецца конкурс прафесійнага майстэрства. У гэтым навучальным годзе выхаванцы Полацкага каледжа не толькі прадэманстравалі на конкурсе прафесійныя навыкі як выканаўцы-вакалісты, выканаўцы-інструменталісты, але і паказалі практычныя ўменні ў галіне музычна-камп’ютарных тэхналогій (аранжыроўка песні на клавішным сінтэзатары). Упершыню былі прадстаўлены конкурсныя заданні па кампетэнцыі “Музычная адукацыя” WorldSkills Belarus.

Такім чынам, у каледжы вядзецца вялікая работа па падрыхтоўцы кадраў самай высокай якасці, створаны ўсе ўмовы для навучэнцаў, каб яны маглі набыць не толькі прафесійныя ўменні і навыкі музычнага выканаўцы, але і засвоіць музычна-камп’ютарныя тэхналогіі ў сістэме сучаснай музычнай адукацыі.

У Пінскім каледжы УА “Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна” (дырэктар Святлана Андрэеўна Барчук) таксама адкрыта лабараторыя музычнай адукацыі для фарміравання ведаў і ўменняў падрыхтоўкі будучых настаўнікаў музыкі згодна з міжнароднымі стандартамі WorldSkills, развіцця прафесійных кампетэнцый будучага настаўніка музыкі і музычнага кіраўніка ўстановы дашкольнай адукацыі. Навучальная ўстанова мае высокія вынікі ў адукацыйнай дзейнасці, тут працуе выдатны калектыў прафесіяналаў. Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце каледжа Ала Мікалаеўна Дубінецкая, задачамі лабараторыі з’яўляюцца ажыццяўленне інфармацыйнай, метадычнай, кансультатыўнай падтрымкі навучэнцаў і выкладчыкаў у эфектыўнай арганізацыі адукацыйнага працэсу па выкарыстанні сучасных падыходаў у музычнай адукацыі. У лабараторыі створаны новыя месцы для вучэбнай работы, аснашчаныя сучаснай тэхнікай (навушнікі з мікрафонамі, камп’ютары для персанальнай работы, мультымедыйныя клавіятуры, сінтэзатары і г.д.). Некаторыя напрамкі дзейнасці лабараторыі сёння паспяхова рэалізуюцца. Выкарыстоўваюцца існуючыя педагагічныя, праграмна-метадычныя рэсурсы для падрыхтоўкі і правядзення семінараў, удзелу ў конкурсах, арганізацыі метадычных кансультацый, практыкумаў, адкрытых заняткаў, выхаваўчых і забаўляльных мерапрыемстваў. Аказваецца інфармацыйная падтрымка па выкарыстанні на практыцы інавацыйных тэхналогій, тэхнік і методык, якія прымяняюцца ў навучанні, выхаванні і развіцці дашкольнікаў на сучасным этапе развіцця педагагічнай навукі. Арганізоўваюцца і праводзяцца педагагічныя кансультацыі, семінары, практыкумы, заняткі, майстар-класы для педагогаў Пінскага каледжа, навучальных устаноў горада і раёна. Папаўняецца банк педагагічнай і метадычнай інфармацыі, бібліятэкі сучаснай вучэбна-метадычнай і педагагічнай літаратуры, электронных адукацыйных рэсурсаў. Распрацавана і зацверджана Праграма супрацоўніцтва з аддзелам адукацыі Пінскага гарадскога выканаўчага камітэта, а таксама заключаны дагавор аб супрацоўніцтве з Празароцкім дзіцячым садам — сярэдняй школай Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці.

Пад эгідай эксперыментальнай дзейнасці на базе Гуманітарнага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (дырэктар Наталля Аляксандраўна Валковіч) вядзецца распрацоўка новых падыходаў па падрыхтоўцы навучэнцаў па спецыяльнасці “Музычная адукацыя”, эксперыментальных вучэбных праграм у адпаведнасці з варыятыўнымі модулямі па развіцці інструментальна-выканальніцкай і вакальна-выканальніцкай культуры ў канцэртнай дзейнасці, фарміраванні інфармацыйна-тэхналагічнай кампетэнтнасці спецыяліста ў рабоце з гукам, фарміраванні пластычных і танцавальных навыкаў спецыяліста. Таксама рэалізуецца эксперыментальны вучэбны план па спецыяльнасці “Музычная адукацыя” з дадатковай кваліфікацыяй “гукааператар”.

Зусім нядаўна на базе Полацкага каледжа пры ўдзеле Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі прайшла анлайн-канферэнцыя па тэме “Інавацыйныя падыходы пры падрыхтоўцы навучэнцаў спецыяльнасці “Музычная адукацыя”. Выкладчыкі музычных дысцыплін з гэтага каледжа, а таксама з Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага, Пінскага каледжа Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, Гуманітарнага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы падзяліліся вопытам па ўкараненні музычна-камп’ютарных тэхналогій у адукацыйны працэс, вызначылі эфектыўныя шляхі па фарміраванні навыкаў практычнага выкарыстання сучасных тэхналогій у будучай прафесійнай дзейнасці навучэнцаў. На анлайн-канферэнцыі было агучана галоўнае пытанне — развіццё кампетэнцыі “Музычная адукацыя” згодна са стандартамі WorldSkills. Папярэднім мерапрыемствам, у якім часткова была закранута гэтая тэма, стала правядзенне ў рэжыме анлайн Рэспубліканскага семінара-практыкуму на базе Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага (дырэктар Ірына Раманаўна Казімірава). На семінары абмяркоўваліся шляхі фарміравання ключавых кампетэнцый на аснове стандартаў WorldSкills для павышэння якасці прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў і развіцця творчага патэнцыялу будучага спецыяліста. Трэба адзначыць, што ўдзел каледжа ў руху WorldSkills дае высокія вынікі. Яго навучэнцы — прызёры рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldsSkills Belarus па кампетэнцыях “Дашкольная адукацыя” і “Пачатковая адукацыя”. Навучэнкі каледжа Вольга Ляляўская і Вераніка Гунькова з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітых навучэнцаў і студэнтаў.

Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Л.С.Выгоцкага з’яўляецца адной з найстарэйшых навучальных устаноў педагагічнага профілю ў нашай краіне. Яму нядаўна споўнілася 105 гадоў. У каледжы праходзіць падрыхтоўка педагагічных кадраў па спецыяльнасцях “Пачатковая адукацыя”, “Дашкольная адукацыя”, “Музычная адукацыя”. На базе ўстановы адкрыты тры філіялы кафедр устаноў вышэйшай адукацыі. Ажыццяўляецца дапрафесійная падрыхтоўка навучэнцаў 10—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гомеля ў рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” па прафесіі памочніка выхавальніка.

Праграма семінара прадугледжвала практыка-арыентаваны падыход у прадстаўленні работы педагагічнага калектыву па фарміраванні прафесійных кампетэнцый спецыяліста на аснове стандартаў WorldSкills. Удзельнікі семінара азнаёміліся з сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базай установы адукацыі, рэсурсным метадычным цэнтрам. Была прадстаўлена панарама відэафрагментаў вучэбных і факультатыўных заняткаў, алімпіяды прафесійнага майстэрства “Мая прафесія — педагог!” на аддзяленні спецыяльнасці “Музычная адукацыя”. У ходзе іх было прадэманстравана ўменне навучэнцаў ажыццяўляць пазнавальнае развіццё дзяцей дашкольнага ўзросту з дапамогай выкарыстання разнастайных метадаў канструявання, інтэрактыўных тэхналогій пры арганізацыі вучэбнай дзейнасці малодшых школьнікаў, праводзіць урокі-даследаванні, арганізоўваць дыстанцыйнае навучанне. Выкладчыкі каледжа ў сваіх выступленнях прадставілі прафесійна-педагагічную кампетэнтнасць настаўніка музыкі, у якой сінтэзаваны асноўныя віды музычна-творчай дзейнасці. У цэлым сістэма работы педагагічнага калектыву па ўкараненні стандартаў WorldSкills у працэс прафесійнай падрыхтоўкі спецыяліста была прадстаўлена ўдзельнікам семінара-практыкуму найлепшым чынам, і вопыт каледжа стаў здабыткам іншых навучальных устаноў педагагічнага профілю.

Ала КЛЮЙКО.