Новыя факты аб арганізацыі сусвету адкрыюцца вучоным

- 11:24Навука і інавацыі

Прынамсі, вучоныя на гэта вельмі спадзяюцца. І не беспадстаўна. Іх аптымізм падтрымліваюць вынікі аналізу даных, атрыманых з дэтэктараў Вялікага адроннага калайдара — наймагутнейшага ў свеце паскаральніка зараджаных часціц. Па самых пазітыўных прагнозах, вучоным удасца адкрыць невядомыя дагэтуль часціцы і энергіі, якія наблізяць нас да разумення такіх таямніц сусвету, як, напрыклад, існаванне цёмнай матэрыі і чорных дзірак. Праўда, галоўная задача Вялікага адроннага калайдара — пацвердзіць так званую Стандартную мадэль (мадэль, якая апісвае, з якіх часціц складаецца наш свет) ці знайсці адхіленні ад яе.
Аналізам сігналаў, атрыманых на дэтэктары ATLAS, разам з замежнымі калегамі займаецца і беларус Аляксей Грыневіч, які ўжо стаў членам калабарацыі ATLAS. Яго навуковы ўклад быў прызнаны і ў нашай краіне. За распрацоўкі ў гэтай галіне малодшаму навуковаму супрацоўніку Інстытута ядзерных праблем БДУ была назначана стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2016 год.

Фізікай элементарных часціц малады чалавек стаў цікавіцца яшчэ на першым курсе фізічнага факультэта. Якраз тады, а гэта быў 2008 год, навіна аб запуску Вялікага адроннага калайдара займала лідзіруючыя пазіцыі ў топе самых папулярных. Хлопец адчуў, што работа на Вялікім адронным калайдары будзе знаходзіцца на вяршыні сусветных даследаванняў. Студэнтам стаў наведваць дадатковыя заняткі па фізіцы часціц і тэорыі поля.
Зараз навуковы інтарэс Аляксея Грыневіча выклікаюць сутыкненні адронных струменяў і ўзаемадзеянні элементарных часціц. Вучоны вымярае энергіі, імпульсы, адхіленні часціц гэтых струменяў. Інакш кажучы, займаецца каліброўкай сігналаў, што дазваляе ідэнтыфікаваць часціцы. Разам з ім над гэтым доўгі час працавалі два беларускія вучоныя, сярод якіх яго навуковы кіраўнік Павел Старавойтаў. Як расказаў Аляксей, аб’ём даных, які ён атрымлівае для аналізу, каласальны. Каб гэтыя даныя рэальна было прааналізаваць, вучоны распрацаваў новыя алгарытмы вылічэнняў. Гэтыя алгарытмы разбіваюцца на падзадачы і адпраўляюцца на вялікі віртуальны суперкамп’ютар — аб’яднаныя агульнай інфраструктурай камп’ютары Еўропы, ЗША, Расіі і іншых краін. Гэтыя камп’ютары ўяўляюць сабой адзіны вылічальны цэнтр, які часта называюць камп’ютарнай сеткай GRID або камп’ютарнай фермай.
“Распрацоўка алгарытму — тэхнічная работа. Самае цікавае — выяўляць, якія часціцы з’яўляюцца пры сутыкненні. Магчыма, сярод ужо вядомых з’явіцца і штосьці новае”, — расказаў Аляксей Грыневіч.
Як патлумачыў Аляксей, пратоны ў калайдары разганяюцца амаль да хуткасці свету. Менавіта з сутыкненнямі часціц з вялікай энергіяй звязваюць адкрыццё не вядомых нам дагэтуль часціц.
“З кожным чарговым запускам калайдара іх энергія павялічваецца. Падчас апошняга яна дасягнула 13 ТэВ, непараўнальна вялізнай велічыні ў маштабах мікрасвету. Пры наступным запуску калайдара энергію плануецца павялічыць да 14 ТэВ”, — удакладніў Аляксей Грыневіч.
Дзякуючы Вялікаму адроннаму калайдару, вучоныя ўжо адкрылі так званы базон Хігса, што надзяляе элементарныя часціцы масай. Матэматычна пралічаны яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя, базон ідэальна ўпісваецца ў існуючую Стандартную мадэль, аднак пацвердзіць яго наяўнасць эксперыментальна ўдалося толькі ў 2012 годзе.
Аляксей адчувае важнасць работы ўсіх вучоных калабарацыі для сваіх даследаванняў. “Без папярэдняй работы немагчыма было б рабіць вымярэнні адронных струменяў — тое, чым я займаюся зараз. Ужо хаця б таму, што я выкарыстоўваю саму ўстаноўку, якую праектавалі і манціравалі іншыя. Уявіце: фізікай часціц на навуковым узроўні я пачаў займацца тры гады назад, а праект калайдара і дэтэктараў быў падпісаны ў пачатку 90-х гадоў”, — патлумачыў Аляксей Грыневіч.
Дарэчы, удзел ва ўстаноўцы дэтэктара ATLAS, яго каліброўцы, каб вучоныя маглі правільна інтэрпрэтаваць сігналы, бралі і беларускія вучоныя.
Як расказаў Аляксей Грыневіч, работа, якая праводзіцца ім, ужо стала прыносіць грошы Інстытуту ядзерных праблем БДУ. 14 тысяч еўра — менавіта на такую суму заключаны кантракт з Аб’яднаным інстытутам ядзерных даследаванняў (Дубна, Расія). Да гэтага дадаюцца гранты на камандзіроўкі, напрыклад, у Жэневу, каля якой на мяжы Швейцарыі і Францыі размешчаны Вялікі адронны калайдар. Там малады вучоны пабываў ужо тройчы.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.