Новыя напрамкі супрацоўніцтва з БПЦ і дзейнасці рэсурсных цэнтраў вызначалі падчас круглага стала ў Акадэміі адукацыі

- 10:10Духовность и патриотизм, Новости

Да размовы былі запрошаны метадысты інстытутаў развіцця адукацыі ўсіх рэгіёнаў, кіраўнікі рэсурсных цэнтраў, дырэктары навучальных устаноў, педагогі. Асноўны вектар работы круглага стала задалі рэктар Акадэміі адукацыі Ірына Старавойтава і навуковы кіраўнік Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні навучэнцаў Галіна Нікалаенка, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Пры кіраўніцкім удзеле галіновага міністэрства Акадэмія адукацыі з’яўляецца арганізатарам і каардынатарам работы па духоўна-маральным выхаванні падрастаючага пакалення. Накоплены пэўны вопыт, а таксама ёсць навукова-метадычныя напрацоўкі, якія распаўсюджваюцца на рэгіёны.

– Мы наладзілі зваротную сувязь з рэсурснымі цэнтрамі і педагогамі на месцах, у тым ліку ў форме такіх сутрэч, як гэта. Атрымліваем у адказ прэзентацыі іх выніковай дзейнасці, новыя формы і метады работы ў супрацоўніцтве з Беларускай Праваслаўнай Царквой, – адзначыла І. Старавойтава. – Цяпер вядзецца ўдасканаленне праграмы сумеснай дзейнасці згодна з пагадненнем Міністэрства адукацыі і БПЦ.

Прыкладам таму стаў нядаўна зацверджаны галіновым ведамствам новы факультатыў для 8 (9) класа “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”. Ён распрацаваны Акадэміяй адукацыі пры непасрэдным удзеле Г. Нікалаенка, якая з’яўляецца адным з аўтараў і папярэдніх тэматычных факультатываў.

Рэктар падкрэсліла, што выхаванне навучэнцаў на аснове традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцей мае сістэмны падыход, наладжаны ўстойлівы і ўзаемавыгадны дыялог. Ад таго, якімі будуць формы гэтай работы, залежыць, якімі стануць юныя грамадзяне ў будучыні. Цяпер вядзецца метадычнае суправаджэнне дзейнасці рэсурсных цэнтраў, распрацаваны крытэрыі ацэнкі, вызначаюцца новыя падыходы.

Сёння мы імкнёмся не толькі да актывізацыі гэтай работы, – адзначыла І. Старавойтава. – Яе нельга весці фармальна, без асаблівага жадання з боку педагогаў і кіраўніцтва ўстаноў адукацыі. Трэба быць апантаным, удзяляць увагу кожнаму навучэнцу, каб кожнае слова настаўніка, святара западала ў душу, каб кожнае дзеянне запаміналася надоўга. Трэба пачынаць фарміраваць нормы высокай маралі, духоўнасці, патрыятызму ўжо ў дашкольным узросце і забяспечыць бесперапыннасць выхавання праз прафесійнае навучанне дзіцяці і ў далейшым у рабочым калектыве пры яго працаўладкаванні.

Старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі протаіерэй Фёдар Поўны звярнуў увагу на значнасць прафесіі настаўніка. На яго думку, працаваць у школе, з дзецьмі – вялікая адказнасць, якую можна параўнаць з подзвігам. Гэта не проста вучыць і выхоўваць чалавека, а аддаць сябе, сваю душу, любоў выхаванцам. Настаўніка, які ўсведамляе каштоўнасны сэнс сваёй дзейнасці, з’яўляецца прыкладам вышыні чалавечага духу, маральнасці і патрыятызму, самаадданасці Айчыне, народу, захоўвае памяць аб продках, дзеці будуць слухаць з вялікім задавальненнем, падкрэсліў протаіерэй. Сіла слова – у памкненнях душы педагога, шчырым стаўленні да таго, пра што ён расказвае вучням. Праваслаўныя каштоўнасці павінны стаць якасцямі чалавечай душы, быць галоўнымі рысамі характару, сярод якіх дабрыня, шчырасць, прыстойнасць, а таксама ўсёабдымнымі паняццямі, якія складаюць стрыжань жыцця кожнага з нас, – любоў да Радзімы, павага да яе мінуўшчыны, яе гісторыі.

Якімі навыкамі павінен валодаць педагог у маральным выхаванні школьнікаў, чым напоўніць іх сэрцы, які інструмент маюць настаўнікі ў гэтым напрамку – аб гэтым расказалі ўдзельнікі круглага стала. У кожнай вобласці, кожным раёне, кожнай навучальнай установе ствараецца свая мадэль духоўна-маральнага выхавання, напрацоўваюцца новыя, найбольш эфектыўныя, прыёмы выхаваўчай работы. Педагогі прадставілі ўласныя праекты, скарбонкі вопыту, новыя стратэгіі ўзаемадзеяння з БПЦ, закранулі найбольш запатрабаваныя напрамкі па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні школьнікаў.

– Духоўна-маральнае выхаванне магчыма тады, калі ў самой сям’і фарміруюцца духоўнасць і маральнасць, каштоўнасці, дзе пануе любоў і павага, – адзначыла дырэктар Добраўскай сярэдняй школы Горацкага раёна Марына Блахіна. – Нельга выхаваць у дзяцей любоў да Радзімы, калі яны не паважаюць бацькоў. Без гэтага немагчыма ўвогуле займацца выхаваўчай работай. Таму трэба імкнуцца, каб у навучальнай установе і ў сям’і было сфарміравана асаблівае духоўнае выхаваўчае асяроддзе, у якім з дзецьмі ўзаемадзейнічалі б педагогі, бацькі, святары. Толькі разам мы зможам дасягнуць высокіх вынікаў!

Наколькі атрымліваецца гэта ў Добраўскай школе, сведчыць перамога каманды яе навучэнцаў і настаўнікаў на абласным этапе I Рэспубліканскага конкурсу “Выхаваць чалавека” і магчымасць прадстаўляць Магілёўскую вобласць у суперфінале.

Настаўніца пачатковых класаў кіраўнік рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 3 Скідзеля Ала Іадкоўская расказала, як летам у аздараўленчым лагеры была арганізавана выхаваўчая работа малодшых школьнікаў. На яе думку, такія рысы, як дабрата, міласэрнасць, спагадлівасць, закладваюцца ў чалавеку з маленства. Прыярытэт – выхаванне душы на аснове багатай праваслаўнай культуры, далучэнне да сацыяльна значнай дабрачыннай работы, прывіццё духоўна-маральных хрысціянскіх каштоўнасцей. Тэма профільнай змены “Дарогамі дабра да святынь праваслаўя” развівалася ў кожным дні, праведзеным у лагеры. Дзеці ўдзельнічалі ў святах духоўнасці, спартыўных і забаўляльных мерапрыемствах, творчых майстэрнях, тэатральных прадстаўленнях, наведвалі храмы і іншыя знакамітыя месцы.

Начальнік цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Ніна Захожая прадставіла маштабную карціну развіцця рэсурснага руху ў сталіцы. Было вырашана ў хуткім часе прадэманстраваць калегам з усіх рэгіёнаў краіны панараму развіцця духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання сталічных навучэнцаў.

Ала КЛЮЙКО
Фота аўтара