Новыя прынцыпы харчавання ва ўстановах адукацыі: вопыт школ Гомельшчыны

- 9:00Главная, Образование

Якім чынам укараняць новыя прынцыпы харчавання ва ўстановах адукацыі? Вопыт школ Гомельшчыны, якія на працягу года ўдзельнічалі ў эксперыменце, абмеркавалі кіраўнікі ўсіх аддзелаў адукацыі, раённых цэнтраў па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”. 

— Першы блін атрымаўся не камяком, — упэўнены начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў. — Мы ў самым пачатку шляху па рэканструкцыі сістэмы харчавання.

Адходаў стала значна менш

Тры розныя школы Гомельс­кай вобласці сталі першапраходцамі ў арганізацыі новага варыянта харчавання: сярэднія школы № 74 Гомеля, № 4 Рэчыцы і Торфазаводская сярэдняя школа Гомельскага раёна.

Кіраўнік Гомельскага абласнога цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый у сферы адукацыі Алена Капа адзначае:

— У межах эксперымента ў Гомельскай вобласці распрацаваны і выкарыстоўваюцца ў рацыёнах харчавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі больш за 100 страў. Пры правядзенні эксперымента зменшылася коль­касць харчовых адходаў з 35—40% у студзені 2023 года да 12%—17% у красавіку. У Торфазаводскай школе Гомельскага раёна, дзе старшакласнікі самі заказвалі меню, адходаў стала менш за 7%. Колькасць адходаў знізілася за кошт памяншэння порцый і ўключэння ў рацыёны новых запатрабаваных страў. Назіраецца павелічэнне ахопу гарачым харчаваннем на 5—10%.

Патрэбна пераабсталяванне

У эксперыментальных установах адукацыі актыўна выкарыстоўвалася новае цеплавое абсталяванне — параканвектаматы. Акрамя таго, закупляліся больш прадукцыйныя пасудамыечныя машыны. Вопыт паспяховы, і ў перспектыве такую сістэму харчавання будуць уводзіць ва ўсіх школах, але па­этапна.

— У адзін момант пачаць пераабсталяванне ўсіх харчаблокаў і сталовых немагчыма, таму што працэс рэфармавання патрабуе немалых фінансавых уліванняў, аж да праектавання новых інжынерных сетак, — тлума­чыць Алена Мікалаеўна. — У цяперашні момант распаўсюдзіць эксперымент магчыма толькі ў тых установах адукацыі, дзе аб’екты харчавання маюць неабходны набор памяшканняў і дастатковую колькасць гандлёва-тэхналагічнага абсталявання з улікам магутнасці.

У тых школах, дзе ўжо прайшоў эксперымент, арганізоўваліся прэзентацыі з магчымасцю пакаштаваць стравы, праводзілася анкетаванне. Баць­кі ацанілі імкненне да паляпшэння якасці школьнага харчавання і сталі саюз­нікамі ўстаноў адукацыі.

— Узаемадзеянне з бацькамі пры ўкараненні новых правіл школьнага харчавання вельмі важнае, — упэўнена Алена Капа. — Яны павінны зразумець, што новы падыход да арганізацыі харчавання дазволіць палепшыць яго якасць і задаволіць усе патрабаванні да рэкамендуемай нормы прадуктаў. Варта таксама ведаць, што, арыентуючыся на запыты дзяцей, мы не пой­дзем слепа на повадзе у іх густаў, дапаўняючы меню сумніўнымі ў плане карысці для арга­нізма стравамі.

Вялікія аб’ёмы — вялікія намаганні

Самая вялікая ўстанова адукацыі, дзе эксперыментавалі з харчаваннем, — гомельская сярэдняя школа № 74. Больш за паўтары тысячы дзяцей станоўча ацанілі эксперыментальнае меню. Дырэктар Сяргей Конухаў адзначае, што ва ўстанове адукацыі быў арганізаваны складаны графік харчавання ў дзве змены:

— У прыкладных рацыёнах, акрамя страў са зборнікаў, гатавалі і з ліку 50 новых фірменных страў. Для выканання ўмоў эксперымента дадаткова былі набыты сталы і крэслы ў абедзенную залу, сталовы посуд, інфармацыйныя стэнды па арганізацыі харчавання. Усталяваны электрапатэльня, пасудамыечная машына большай магутнасці. Штодня пасля кожнага прыёму ежы аналізаваліся харчовыя адходы. Прыняўшы ўдзел у рэспубліканскім эксперыменце па арганізацыі харчавання, мы заклалі падмурак для змянення ўяўленняў дзяцей пра школьнае харчаванне, наблізіўшы меню да хатняй кухні. Гэта ў выніку прыво­дзіць да мінімізацыі харчовых адходаў і спрыяе рацыянальнаму выдаткаванню бюджэтных сродкаў.

Таварыства чыстых талерак

Пра асаблівасці эксперымента ў сярэдняй школе № 4 Рэчыцы, дзе 720 школьнікаў вучацца ў адну змену, расказала кіраўнік Рэчыцкага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый у сферы адукацыі Эльнара Кірыленкава:

— Пры распрацоўцы прыкладных рацыёнаў харчавання асартымент прапанаваных страў за месяц быў павялічаны з 23 да 35. З іх 17 — фірменныя. Меню было зменена. Стравы гатаваліся паводле пераваг вучняў і з улікам колькасці харчовых адходаў па кожнай страве. У пачатку пілотнага праекта ў 1—2 класах дзіця павінна было з’есці порцыю аб’ёмам 700—800 грамаў. Дзіця ў такім узросце не ў стане з’есці такую колькасць ежы, і мы скарацілі колькасць хлеба да 15 грамаў, салата — да 40 грамаў, гарніру — да 100 грамаў, першай стравы — да 150 грамаў. Цяпер аб’ём страў на адзін прыём ежы складае 500 грамаў. Практычна ўсе новыя фірменныя стравы дзецям спадабаліся, і нават новыя стравы з рыбы і печані зараз карыстаюцца попытам.

Харчавацца правільна малодшых школьнікаў матывавалі казачныя героі і акцыя “Чыстыя талеркі”. Сайт рэчыцкай школы № 4 і інфармацыйныя стэнды ў холе знаёмілі са штодзённым меню, меню на 10 дзён і стравамі тыдня. На харчаблоку неабходна было ўкараніць новае тэхналагічнае абсталяванне. Былі набыты параканвектамат, агароднінарэз­кі са спецыяльнымі насадкамі, стэлажы для сталовага посуду, цялежкі для абедзеннай залы, камплекты сталовага посуду.

Мітболы замест катлет

Торфазаводская сярэдняя школа — самая маленькая з тых, што ўдзельнічалі ў праекце. Тут вучыцца крыху больш за 450 вучняў. Дырэктар Алена Скуркоўская адзначае, што пры ўкараненні новаўвядзенняў вельмі важна працаваць як з бацькамі, так і з дзецьмі:

— На першапачатковым этапе мы правялі бацькоўскія сходы, дзе адказалі на ўсе пытанні. Былі сходы і для дзяцей. Паралельна праводзілася анкетаванне бацькоў і дзяцей па смакавых перавагах, удакладняліся пажаданні і рэкамендацыі, уключэнне/вык­лючэнне вызначаных страў. Мы прывучалі нашых школьнікаў да новых страў. Адміністрацыя стварыла ў групе Viber анлайн-анкету, дзе кожнае дзіця пасля прыёму ежы аддавала свой голас упадабанай страве.

Алена Канстанцінаўна адзначае, што некаторыя дзеці не ядуць тое, што ім не знаёма. Важна было пераканаць іх хаця б пакашта­ваць новую страву. Толькі пасля гэтага яны могуць зразумець, ці смачная яна, і прагаласаваць.

—  Рэзка зменшылася колькасць адходаў: з 50—60% да пілотнага праекта  і да 20% падчас яго правядзення. Да красавіка ў нас гатавалі ўжо 25 фірменных страў. Яны распрацоўваліся з улікам сучасных тэндэнцый харчавання: калі гэта рыба, то мы прапаноўвалі рыбныя нагетсы і “Рыбку залацістую ў сыры з яйкам”, не катлеты, а мітболы, птушку ператварылі ў фанфікі (маленькія тэфтэлі), шматкампанентныя салаты замянілі на парцыённую агародніну. І, вядома ж, частавалі нашых дзяцей смачнымі дэсертамі: запяканкамі, блінцамі і іншай выпечкай, — падагульніла Алена Скуркоўская.

Эканамічная мэтазгоднасць

— Два-тры гады назад адходы ад харчавання былі дастаткова вялікія. На адпаведныя грошы можна было набыць новую мэб­лю, абсталяванне, вучэбныя дапаможнікі. Праблемы з вялікай колькасцю адходаў узнікалі не толькі ў Гомельскай вобласці, а ўсюды, — нагадаў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў. — Менавіта таму паўстала гэтае пытанне з харчаваннем школьнікаў. Для мяне, як і для ўсіх кіраўнікоў, вельмі важная эканамічная мэтазгоднасць. Для таго каб працаваць далей ва ўмовах праведзенага эксперымента, у многіх установах трэба пераабсталяваць сталовыя, цалкам памяняць у іх энергетычныя сістэмы і водаадвядзенне. Паўсюдна спраектаваць і зрабіць энергетыку ці водаадвядзенне — гэта вельмі сур’ёзныя сумы. Таксама на харчаблоках патрэбны параканвектаматы, новыя патэльні і г.д. У нас ёсць праграма па набыцці параканвектаматаў — мы бачым, што за гэтым высокатэхналагічным абсталяваннем будучыня. Між тым на месцах трэба зразумець: зараз будзем рабіць самае неабходнае. Мы з вамі нічога не вырабляем, мы павінны за кожны рубель несці адказ­насць. Таму, паважаныя калегі, складайце планы на перспектыву і прапануйце, якія работы ў вашых раёнах трэба правесці і якое абсталяванне закупіць. Мы будзем разглядаць і выконваць усё паступова.

Руслан Іванавіч адзначыў, што на дэгустацыйным стале пакаштаваў усе стравы, якія падчас эксперымента распрацавалі тэхнолагі Гомельскага гарадскога камбіната школьнага харчавання для вучняў.

— Мне спадабалася абсалютна ўсё, — падвёў вынік начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама. — Таму адназначна будзем укара­няць эксперымент у жыццё. Я хачу падзякаваць усім удзельнікам: мы робім важную і карысную справу. Думаю, у нас усё атрымаецца.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара