Няма лепшага падарунка, чым шчаслівыя вочы і ўсмешкі на тварах дзяцей

- 10:16Актуально, Апошнія запісы, Нашы дзеці

“Як для любых бацькоў, яго дзіця самае прыгожае, разумнае, адоранае, так і для прэзідэнта — дзеці яго краіны самыя лепшыя. Вы ўсе мае дзеці, за якіх я адказваю. І я ганаруся гэтым”, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да ўдзельнікаў дабрачыннага навагодняга свята, якое прайшло 28 снежня ў Палацы Рэспублікі ў межах акцыі “Нашы дзеці” і сабрала 2370 дзяцей з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што, збіраючыся на гэтую пераднавагоднюю сустрэчу, успамінаў свае дзіцячыя гады. “Яны былі шчаслівымі, як і ваша дзяцінства. Многія праблемы, цяжкасці, якія дзеці тады адчувалі, мы ўбачылі толькі на адлегласці, пражыўшы шмат гадоў. Было шмат недзіцячых клопатаў, была цяжкая праца — такі час быў. Але ў нас і ў вас было адно агульнае — мы заўсёды з заміраннем сэрца чакалі гэтае свята, Дзеда Мароза, які абавязкова павінен прыйсці і прынесці падарункі”, — расказаў прэзідэнт.

Канечне, заўважыў ён, падарункі, якія дарылі дзецям у тыя гады, адрозніваюцца ад сучасных. “Але гавораць, што не важна, які падарунак, галоўнае — увага. І сёння мы, дарослыя, вы гэта бачыце, наколькі можам, спрабуем падарыць вам падарункі, асабліва напярэдадні Новага года. Так, мы жылі ў іншы час, сёння час змяніўся, змяніліся і цацкі. Тады былі простыя, не ўсім даступныя, сёння гэта добрыя, дыхтоўныя цацкі, якія развіваюць дзяцей. Мы ганарымся, што змаглі сваім дзецям стварыць такое жыццё, калі яны могуць мець такія выдатныя цацкі”, — засведчыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што сёння дзеці захоплены гаджэтамі і гэта непазбежна для сучаснага чалавека. Але прэзідэнт параіў дзецям часцей адрывацца ад камп’ютараў, бываць на свежым паветры, каб бачыць усё, што адбываецца вакол, не толькі праз інтэрнэт. “Так вы будзеце багацейшымі, прыгажэйшымі, больш сучаснымі. Так вы не страціце сваёй ідэнтычнасці. Вы — людзі і павінны валодаць чалавечымі эмоцыямі. На жаль, усяго гэтага камп’ютар даць не можа”, — звярнуў увагу прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што для дарослых няма лепшага падарунка, чым шчаслівыя вочы і ўсмешкі на тварах дзяцей. “Мы жывём і працуем дзеля гэтага. Верым, што, калі прыйдзе час, вы таксама будзеце цешыцца шчаслівымі вачамі сваіх дзяцей”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі разлічвае, што маладое пакаленне зберажэ і прымножыць сённяшнія дасягненні. “Ведаю, вы разумныя, назіральныя і разумееце, што на Зямлі не ўсе вашы аднагодкі могуць вось так прыйсці да прэзідэнта на ёлку, пабываць на школьнай ёлцы, у бацькоў на прадпрыемствах атрымаць падарункі. Далёка не ўсе. Ёсць шмат месцаў на нашай планеце, дзе дзеці не проста галадаюць, а паміраюць ад голаду. Я пра гэта гавару, каб мы з вамі пра гэта памяталі. Калі мы гэта будзем памятаць, мы будзем цаніць і мінулае, і сучаснасць, будзем ствараць лепшую будучыню. Гэта вельмі важна, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы стараемся, каб вы не толькі ганарыліся сваёй Радзімай, але і збераглі яе, прымножылі тыя дасягненні, якія дастануцца вам ад цяперашніх пакаленняў. Гэта самая вялікая мая мара, і я думаю, вы абавязкова яе рэалізуеце”.

У 2018 годзе ў Беларусі павінны правесці сур’ёзнае мерапрыемства па ўдасканаленні адукацыі. “Надыходзячы год будзе самым сур’ёзным у плане адукацыі. Тут мы павінны правесці сур’ёзнае мерапрыемства па ўдасканаленні нашай адукацыі, зрабіць яе нармальнай і адаптаванай да сучаснага жыцця і жыцця ў будучыні”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Па словах прэзідэнта, школьная праграма вельмі насычаная і складаная. “Канечне, важна гэты этап прайсці годна, атрымаць веды, таму што (вы, напэўна, таксама заўважылі) ісці ў будучыню без ведаў, асабліва цяпер, немагчыма. Жыццё стала складаней, і вам трэба гэта ўсё асвоіць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

З іншага боку, зазначыў ён, у Беларусі пастаянна праводзіцца работа па адаптацыі школьнай праграмы, робіцца ўсё, каб яна была даступнай і аптымальнай. “Каб настаўнікі і бацькі не насаджалі вам лішняга, каб вы, акрамя вучобы, у школьныя гады маглі займацца спортам, маглі пераключыцца на любімае мерапрыемства. І мы ў гэтым кірунку нямала зрабілі”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў маленькіх гледачоў з надыходзячым Новым годам і пажадаў ім захаваць веру ў дабро, чысціню душы і шчырае стаўленне да людзей, а таксама выканання ўсіх жаданняў. У час свята дзецям паказалі яркае казачнае музычна-сцэнічнае шоу “Выкрадальнікі часу, або Як выратаваць Новы год” у выкананні лепшых творчых калектываў краіны. Дзецям уручылі навагоднія падарункі ад Прэзідэнта Беларусі.

На Галоўную ёлку краіны былі запрошаны хлопчыкі і дзяўчынкі 8—14 гадоў з усіх рэгіёнаў Беларусі. У іх ліку — дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці, якія выхоўваюцца ў апякунскіх сем’ях, выхаванцы кадэцкіх вучылішчаў, дзеці з сем’яў бежанцаў, навучэнцы — пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных алімпіяд, творчых конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў, навучэнцы, якія дасягнулі поспехаў у грамадскай работе.

Навучэнец 8 класа гімназіі Буда-Кашалёва Гомельскай вобласці Цімафей Казакоў, пераможца Абласной алімпіяды па англійскай мове, уваходзіць у зборныя гімназіі па валейболе, футболе, з’яўляецца прызёрам абласных спаборніцтваў па гэтых відах спорту. Яшчэ Цімафей займаецца ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі ў авіямадэльным гуртку, дзе таксама дасягнуў пэўных поспехаў. А вучаніца 7 класа сярэдняй школы № 8 Брэста Стэфанія Вярцінская актыўна займаецца ў тэатры маляваннем, штогод дэманструючы ўсё лепшыя і лепшыя поспехі, якія адзначаюцца грамадскім і прафесійным прызнаннем. З маленства ўдзельнічае ў конкурсах, у тым ліку і навукова-даследчых, дзе таксама перамагала. Любімы прадмет— англійская мова, таму перамога на алімпіядзе па гэтым прадмеце заканамерная.

Пасля навагодняга паказу ад імя ўсіх дзяцей Беларусі прэзідэнту ўручылі навагоднія сувеніры, зробленыя сваімі рукамі. Адзін з падарункаў — пано “Зімовыя забавы”, аўтарамі якога сталі навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Плафо” Жлобінскага гарадскога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка” (педагог Ірына Міхайлаўна Рудэнка). Другі сувенір, уручаны прэзідэнту, — арт-аб’ект “Казачніца”. Гэта навагодняя ёлка, выкананая ў стылі стымпанк у выглядзе паўмесяца з дрэва і скуры. Работа выканана навучэнцамі Лідскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя меліярацыйнага будаўніцтва (педагог Таццяна Васільеўна Козел).

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота БелТА.