Праект “Нямецкая мова з зайчыкам Гансам” стартаваў у сталіцы ў 2012 годзе пры падтрымцы Інстытута імя Гётэ ў Мінску. Навучанне дзяцей мове праходзіла на працягу двух гадоў у мінскіх яслях-садзе № 18 санаторнага тыпу і яслях-садзе № 314. Яго вынікі аказаліся паспяховымі. У 2014 годзе колькасць дашкольных устаноў, якія далучыліся да праекта (пры садзейнічанні Міністэрства адукацыі нашай краіны), павялічылася да 10. Нямецкую мову дашкольнікам выкладаюць студэнты 4—5 курсаў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, якія прайшлі спецыяльную падрыхтоўку.
Вопытам удзелу ў праекце падзяліліся педагогі ясляў-сада № 203 Мінска.
Дзеці адкрыты да ўсяго новага
— Калі малышы спазнаюць мову, якую раней не ведалі, развіваюцца іх эмацыянальныя, творчыя, сацыяльныя і пазнавальныя здольнасці, — гаворыць загадчык ясляў-сада № 203 Мінска Алена Іосіфаўна Цурыкава. — Менавіта такія мэты акрэслены ў праграме “Ранняе вывучэнне замежнай мовы / Нямецкая мова з зайчыкам Гансам у дзіцячым садзе”, прызначанай для дзяцей ва ўзросце ад 4 да 6 гадоў. Курс для дашкольнікаў разлічаны на 30 заняткаў у год (1 раз на тыдзень па 30 хвілін), з іх 20 — тэматычных, 4 — на паўтарэнне і 6 заняткаў, прысвечаных нямецкім святам. Курс бясплатны для ўсіх жадаючых.
У раннім узросце вывучэнне замежнай мовы даецца лёгка. Дзеці адкрыты да ўсяго новага, у іх хутка развіваецца пачуццё мовы і з’яўляецца жаданне вучыць яе. Малышы спазнаюць новыя словы падчас забаўляльных гульняў, танцаў, спеваў, калі развучваюць рыфмоўкі, майструюць вырабы, малююць, слухаюць цікавыя аповеды і гісторыі, якія расказвае педагог. На занятках прымяняюцца элементы тэатральнай педагогікі. Іх галоўны герой маленькі зайчык Ганс — пальчаткавая лялька. Ён прыходзіць у дашкольную ўстанову — з’яўляецца ў звыклым для дзяцей асяроддзі, і гуляе з імі, суправаджае на шляху ў свет незнаёмай мовы. Ганс становіцца сябрам малышоў і асацыіруецца ў іх свядомасці з нямецкай мовай.
Методыка работы з зайчыкам Гансам заснавана на найноўшых даследаваннях у галіне ранняга навучання замежным мовам. Выкарыстоўваецца метад поўнага фізічнага рэагавання (Total Physical Response): такі ж, як і пры засваенні дзецьмі роднай мовы, калі акцэнт робіцца на развіццё здольнасці разумець мову на слых і рэагаваць на пачутае, адчуваць радасць ад знаёмства з новым. Неабходна пры гэтым, каб маўленне спалучалася з іншымі відамі дзейнасці — з гульнямі і танцамі, спевамі і заняткамі творчасцю. Важнымі элементамі методыкі з’яўляюцца маляванне і размалёўванне, выраб плакатаў. Разам з дзецьмі педагогі малююць сітуацыі, якія пасля служаць апорай пры расказах гісторый.
“Ура, у нас будзе нямецкая мова!”
Нямецкую мову ў яслях-садзе № 203 Мінска выкладаюць студэнткі 5 курса МДЛУ Юлія Шакаль і Ганна Сергіенка. Яны расказалі, што факультэт нямецкай мовы, на якім яны вучацца, удзельнічае ў праекце “Нямецкая мова з зайчыкам Гансам”, што дазволіла ім атрымаць дадатковую кваліфікацыю і практычныя веды па раннім вывучэнні замежнай мовы.
— Інстытут імя Гётэ прадаставіў нам усё неабходнае для работы: цацачнага зайчыка Ганса, метадычны дапаможнік для настаўнікаў з падрабязным апісаннем заняткаў, аўдыядыскі з песнямі і фанаграмамі, раздатачны матэрыял, нарыхтоўкі для вырабаў і размалёвак, плакаты, каляровыя малюнкі розных памераў, — расказалі дзяўчаты. — Ёсць і дадатковы матэрыял, які можна адшукаць у інтэрнэце. Каардынатары праекта навучылі нас тонкасцям методыкі выкладання для дашкольнікаў. Дзеля гэтага мы нават пераўвасабляліся ў маленькіх дзяцей. Самае галоўнае правіла, якога мы павінны прытрымлівацца ў рабоце з выхаванцамі, — нельга прымушаць іх гаварыць на замежнай мове. Заняткі павінны выклікаць толькі станоўчыя эмоцыі, праходзіць у свабоднай атмасферы. Стамляльныя практыкаванні на паўтарэнне адмоўна ўплываюць на жаданне дзяцей займацца. Тэмп навучання ў малышоў індывідуальны, свае першыя фразы на нямецкай мове кожны вымаўляе ў свой час.
Дзеці не стамляюцца на занятках, бо ім ніколі не бывае сумна. Калі Юлія і Ганна прыходзяць у групу, малышы з радасцю крычаць: “Ура, у нас будзе нямецкая мова!” Заняткі звычайна праводзяцца па падгрупах. Пачынаюцца яны з таго, што зайчык Ганс вітаецца з кожным малышом. Усе разам спяваюць нямецкую песеньку і бяруцца за вывучэнне новай тэмы або паўтараюць папярэдні матэрыял. Сярод тэм, якія даспадобы дзецям, наступныя: “Мяне завуць…”, “Мой дом”, “Мне падабаецца…”, “Мае сябры”, “Мае цацкі”, “Жывёлы”, “Мая сям’я”, “Маё адзенне”, “Раз, два, тры… — падлічы” і інш. Лексічны запас па кожнай тэме складае 8—10 слоў.
— Мы не выкладаем дзецям моўныя правілы, асаблівасці вымаўлення і правапісу, — гаворыць Ганна. — Наша мэта — навучыць іх не баяцца вымаўляць першыя словы па-нямецку. На ўсе дзеянні і выказванні дзяцей зайчык Ганс рэагуе з усмешкай, абдымае іх, падтрымлівае словамі: “Цудоўна!”, “Выдатна!”, “Добра!”. Але ж размаўляе зайчык толькі па-нямецку, што, зразумела, матывуе і выхаванцаў гаварыць на гэтай мове. Калі ж малышы чагосьці не ведаюць ці адказваюць няправільна, педагогі не крытыкуюць іх, а проста разумна падказваюць, выпраўляюць памылкі.
На занятках ладзяцца пазнавальныя гульні. Напрыклад, дзеці становяцца ў круг, а педагогі паказваюць карцінкі з выявамі жывёл, якія малышам трэба назваць. Прадугледжаны і сюрпрызы ад зайчыка Ганса — дзеці атрымліваюць алоўкі, фламастары, расфарбоўкі або матэрыял для творчасці. Зайчык можа прапанаваць малышам размаляваць карцінку пэўным колерам. У працэсе стварэння свайго маляўнічага шэдэўра маленькія мастакі адказваюць па-нямецку на пытанні Ганса. Ёсць гульні на замацаванне тэмы, напрыклад, гульні-перайманні. У канцы кожных заняткаў заўсёды спяваецца традыцыйная развітальная песня, дзе сабраны асноўныя словазлучэнні, якія неабходна ведаць дзецям: “Добры дзень!”, “Прывітанне!”, “Як справы?”, “Да пабачэння!”. Малышы на памяць ведаюць словы гэтай забаўнай песні.
— Заняткі па нямецкай мове пачаліся ў лютым бягучага года, калі да нас прыйшлі дзеці 5—6 гадоў, — адзначыла Юлія. — Пасля завяршэння курса яны навучыліся вымаўляць асобныя словы і будаваць простыя сказы ў тых тэматычных кірунках, якія ім падабаюцца; рэагаваць на знаёмыя выказванні мовай жэстаў, сігналізуючы зайчыку, што яго разумеюць; спяваць песні і паўтараць рыфмоўкі; паказваць сцэнку з групай.
У нашых выхаванцаў хутка выпускны ранішнік. Мяркуем, што бацькам будзе вельмі прыемна пачуць песню на замежнай мове ў выкананні сваіх дзяцей.
Водзывы бацькоў
Важна, каб дзіцячы інтарэс да замежнай мовы падтрымліваўся ў сям’і. Дома бацькі заўсёды могуць пацікавіцца, што дзеці рабілі на занятках, аб чым новым даведаліся. У сваіх лістах-водзывах яны пішуць: “…Асаблівая падзяка выкладчыкам гэтага курса. Утрымаць увагу малыша — вельмі складаная задача, але ў іх цудоўна атрымліваецца спалучаць гульню і навучанне, зацікавіць кожнае дзіця. Сын прыходзіць дадому натхнёны, з мноствам пытанняў. І мы разам з ім пачынаем цікавіцца, чытаць, шукаць…”, — гавораць у сям’і Пахабавых.
“…Калі Ілья запамінае добра нейкае слова, заўсёды пытаецца, ці ведае яго старэйшы брат, што гэтае слова абазначае, і з гонарам яго перакладае”, — піша мама хлопчыка Алена Бабкова.
“…Арцём з задавальненнем ходзіць на заняткі, таму што яны праходзяць у форме гульні. Напрыклад, дзеці надзяваюць маскі жывёл, назвы якіх ім неабходна загадзя даведацца. Напярэдадні Вялікадня дзеці размалёўвалі велікодныя яйкі і адначасова вывучалі назвы колераў. У нашай сям’і нямецкую мову ніхто не вывучаў, таму ўсім цікава паслухаць уражанні Арцёма, новыя словы, якія ён запомніў. На жаль, выкладаць нямецкую мову ў дзіцячым садзе пачалі, калі сын наведваў выпускную групу. Я б яго аддала ў групу па вывучэнні нямецкай мовы яшчэ тры гады назад”, — кажа Таццяна Лаўроўская.
Бацькоў цікавіць і пытанне захавання пераемнасці ў вывучэнні замежнай мовы. Такой праблемы не ўзнікае. Побач з яслямі-садам № 203 Мінска знаходзіцца сярэдняя школа № 73, дзе існуюць добрыя і даўнія традыцыі ў выкладанні нямецкай мовы. Многія выпускнікі сада працягваюць навучанне ў гэтай установе.
Праект “Нямецкая мова з зайчыкам Гансам” з поспехам рэалізаваны ў 203 садзе, але будзе мець працяг. Юлія і Ганна запрашаюць выхаванцаў запісацца да іх у гурток нямецкай мовы ў наступным навучальным годзе.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.