Няскораны “Граніт”

- 10:42Навіны рэгіёнаў

З мэтай рознабаковага і гарманічнага развіцця вучняў, фарміравання ў іх лагічнага мыслення штогод на Камянеччыне праводзяцца розныя інтэлектуальныя гульні. Нядаўна на базе Дома культуры Камянца адбыўся раённы чэмпіянат па інтэлектуальных гульнях сярод ювеналаў “Свая гульня — 2016”.

Арганізавалі спаборніцтва раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму і Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Камянца. На працягу многіх гадоў вядучым чэмпіянату з’яўляецца дырэктар Вярховіцкай сярэдняй школы І.В.Ляшчук. Дзякуючы гэтаму цікаваму і неабыякаваму чалавеку гульні запамінаюцца і дзецям, і дарослым. У сёлетнім чэмпіянаце ўдзельнічалі 24 установы адукацыі. У кожнай камандзе гулялі наймацнейшыя юнакі і дзяўчаты са сваіх школ.
Па выніках спаборніцтваў 1-е месца заняла каманда “Граніт” з гімназіі Камянца (кіраўнік А.В.Рабякеўша), 2-е месца — каманда “Ювер” з сярэдняй школы № 1 Камянца (кіраўнік В.М.Тысляцкая), 3-е месца — каманда “Мазгі-шоу” са Свішчаўскай сярэдняй школы (кіраўнік В.П.Балановіч). Пераможцы атрымалі граматы раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму.

Алена ГРЫЦУК,
метадыст Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Камянца.