Адправіцца па Нёмане да Балтыйскага мора? Тыдзень вандраваць па Нарвегіі і начаваць у палатцы? Даследаваць Беларусь сучасную і старажытную? Усяму гэтаму педагог дадатковай адукацыі Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі Антон Пацай кажа ўпэўненае і гучнае “так”. А што на сваіх занятках па турызме і спартыўным арыентаванні ён расказвае выхаванцам? Можам паслухаць.
Не сядзець на месцы
Антон Ігаравіч нарадзіўся ў Жабінцы, але хутка сям’я пераехала ў Брэст. Ужо многія гады штодзённая паездка на працу — асаблівы рытуал. А.І.Пацай працуе метадыстам, але амаль 3 гады назад яшчэ стварыў сваё аб’яднанне ў цэнтры — “Турызм і спартыўнае арыентаванне”. У гэтай тэме Антон Ігаравіч сапраўды разбіраецца: ён скончыў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць”. Яшчэ падчас студэнцтва педагог пачаў займацца на аматарскім узроўні спартыўным арыентаваннем. Ён прызнаецца, што калі б яму ў гадоў 10 прапанавалі такія трэніроўкі, то дакладна захапіўся б імі. “Мне падабаецца, што тут трэба выкарыстоўваць і свае фізічныя, і разумовыя здольнасці, плюс валодаць тэхнікай, умець чытаць карты. Бывае, мне сняцца сны, як я бегаю па лесе, збіраю пікеты, потым прачынаюся і адчуваю, быццам гэта было на самай справе, бо ніякіх сіл няма, — смяецца педагог. — У нас рэгулярна праходзяць дні адкрытых дзвярэй, прыходзілі групы дзяцей з розных школ. Я ім расказваў, чым мы будзем займацца, паказваў фотаздымкі са сваіх паходаў, зрабіў інсцэніроўку (паставіў палатку ў кабінеце, штучнае вогнішча). Дзеці цікавіліся, адразу прасілі запісацца. Некаторыя пахадзілі толькі на першыя два заняткі і зразумелі, што гэта не іх, але касцяк хлопцаў, якім было цікава, застаўся. Навучанне ў маім аб’яднанні разлічана на 3 гады. Зараз будзе выпуск, і буду набіраць новых выхаванцаў”.
У адпаведнасці з назвай аб’яднання — “Турызм і спартыўнае арыентаванне” — Антон Ігаравіч стараецца развіваць дзяцей у розных напрамках: прысутнічаюць элементы скалалажання, у планах паспрабаваць сплавы на байдарках. Зараз у гурток запісана 10 чалавек. Дзеці ўсе мясцовыя, з Жабінкі. Сустракаемся 2 разы на тыдзень. “Спачатку я праводзіў уводныя заняткі, высвятляў, што цікава самім дзецям. Потым мы вучылі адмысловыя вузлы для турызму (самыя асноўныя, штук 20). Працавалі з альпінісцкай вяроўкай, вывучаем, як прайсці праз пераправу, даставіць груз. Для паходаў трэба трэніраваць валявыя якасці, бо першых 5—10 кіламетраў ісці нармальна, а потым становіцца больш складана. Спачатку дзеці не маглі і палатку паставіць. Я ім першы час не дапамагаў, дык гэта магло і гадзіну заняць, а цяпер робяць гэта на аўтамаце за пару хвілін. У паходзе трэба быць хуткім, бо часу ў нас звычайна няшмат. Мая галоўная мэта — каб дзеці зацікавіліся турызмам і ў больш дарослым жыцці шанавалі свой край, любілі рухацца, а не сядзець на месцы. Яшчэ ў нас ёсць спартыўнае арыентаванне. У гэтым напрамку я хачу навучыць выхаванцаў карыстацца картай і компасам, каб яны не згубіліся ў незнаёмай мясцовасці”. На жаль, няма тапаграфічнай карты Жабінкаўскага раёна, таму прыходзіцца паказваць, як на іншых картах абазначаецца, напрыклад узгорак, і як ён выглядае ўжывую ў лесе. Калі педагог расказвае тэорыю, то гурткоўцы збіраюцца ў кабінеце, а калі патрэбна практыка, то ўсе выходзяць на двор. Асноўнае абсталяванне — дрэвы. На іх можна і скалалажаннем пазаймацца, і пераправу арганізаваць.
Раз, два, тры
Пасля першага года навучання дзеці павінны ўмець выйсці ў лес, паставіць палаткі, раскласці вогнішча, прыгатаваць ежу і правесці так хаця б дзень. Улічваючы, што выхаванцам Антона Пацая на той момант было 10 гадоў, усе гэтыя рэчы сталі для іх сапраўдным дасягненнем. У канцы навучальнага года гурткоўцы разам з педагогам адправіліся ў паход, прычым ён патлумачыў ім маршрут на карце, а далей яны ішлі самі, самі рабілі выбар. Антон Ігаравіч толькі пры ўзнікненні складанасцей мог нешта падказаць. Справіліся. Другі год скончыўся паходам з начоўкай. За два дні кампанія прайшла каля 25 кіламетраў. “Гэта было ўжо больш цікава, таму што трэба было не проста паставіць палатку, а паставіць палатку, у якой мы будзем начаваць, гатаваць ежу не адзін раз, а некалькі. Яшчэ мы арганізавалі трэніроўку навясной пераправы праз яр”, — прыгадвае Антон Пацай. Падчас гэтага паходу дзеці знайшлі для сябе новы цікавы занятак — слухаць лес. Яны любяць узяць з сабой калонкі, але педагог з імі дамаўляецца: пэўны час можна ісці з музыкай, а потым уся тэхніка выключаецца і застаюцца толькі навакольныя гукі. У канцы трэцяга года гурткоўцы павінны адправіцца ў шматдзённы паход, на 3—4 начоўкі. Там ужо на першы план выходзяць не тэхнічная падкаванасць, а маральныя якасці кожнага, уменне доўгі час знаходзіцца разам і знаходзіць агульную мову.
Як сабрацца ў паход?
“Трэба вызначыцца, колькі дзён ён будзе доўжыцца. Калі мы ведаем, што паход невялікі (адна начоўка), можна ўзяць з сабой самы мінімум, асабліва, калі гэта лета: турыстычны дыванок, спальны мяшок, ежу, посуд і прылады для гатавання ежы, тэлефон, у якім ёсць ліхтарык і навігатар. Калі мы ідзём у паход на некалькі дзён, то трэба мець з сабой зменнае адзенне: у чым ты будзеш спаць, у чым ісці і ў чым хадзіць у лагеры. Трэба прадумаць, што вы будзеце есці. Звычайна за дзень робяцца 3 перакусы і 1—2 асноўныя прыёмы ежы, напрыклад, снеданне і абед. Важна, каб заплечнік не важыў занадта шмат: лішні кілаграм на кожны з 10 кіламетраў — гэта ўжо 10 лішніх кілаграмаў. Трэба таксама вывучыць карту, вызначыцца, дзе бра ць ваду, дзе разбіць лагер і г.д.”, — расказвае Антон Пацай.
Спаборніцтвы — адзін з тых метадаў, якія дазваляюць педагогу праверыць навыкі сваіх выхаванцаў. Часам дзеці прыходзяць да нечаканых вынікаў. Напрыклад, выхаванка Антона Ігаравіча на абласных спаборніцтвах па скалалажанні ў Пінску заняла 2-е месца і выканала ўмовы для прысваення юнацкага разраду. Іншым разам выхаванец ужо выканаў гэтыя ўмовы, але ў лік прызёраў не трапіў. “Дзеці вельмі добрыя, думаю, маглі б і чэмпіёнамі стаць, але без дасканалых умоў гэта немагчыма”, — разважае педагог. Таксама дзеці ў першы год навучання ўдзельнічалі ў адкрытым абласным першынстве па спартыўным арыентаванні “Брэсцкая пралеска”. Яны не занялі прызавых месцаў, але галоўнае, як лічыць Антон Пацай, паспрабавалі, што гэта такое, самі знайшлі ўсе пікеты і цяпер будуць у лесе адчуваць сябе больш упэўнена.
Дарэчы, не толькі выхаванцы спаборнічаюць паміж сабой. Антон Ігаравіч таксама час ад часу “пераапранаецца” ва ўдзельніка. Штогод у канцы снежня праводзіцца закрыццё сезона па спартыўным арыентаванні — арыентаванне ў зале. Усіх прымае сярэдняя школа № 33 Брэста. “Ёсць тапаграфічная карта, усе 3 паверхі — наша тэрыторыя, спартыўныя залы ператвараюцца ў лабірынты. Трэба бегаць, збіраць пікеты. У мінулым годзе ў сваёй узроставай групе я заняў 3-е месца. Звычайна, калі ездзіш на нейкія спаборніцтвы, то няма часу паўдзельнічаць самому, бо ў лесе трэба за ўсімі вельмі ўважліва сачыць,” — расказвае Антон Ігаравіч.
Літва, Нарвегія, гістарычная рэканструкцыя
Ёсць у Антона Пацая вопыт захапляючых паходаў не толькі з дзецьмі, але і з дарослымі, бо яго хобі — гістарычная рэканструкцыя IX—XI стагоддзяў. Са сваімі аднадумцамі ён збіраецца ў клубе “Ойра”, дзе яны дзеляцца новай інфармацыяй і планамі. “Гісторыя заўсёды мяне цікавіла. У мяне быў сябар, які займаўся гістарычнай рэканструкцыяй, а потым прапанаваў і мне. Звычайна ты сам выбіраеш сабе тэму. Напрыклад, мне падабаецца рэгіён Палессе, я там нарадзіўся. Некаторыя цікавяцца не сваёй краінай, а чымсьці зусім іншым, напрыклад вікінгамі”. Сярод такіх — адзін з сяброў Антона Ігаравіча. Аднойчы ён пабудаваў ладдзю “Яцвяг”, падобную на дракар вікінгаў. Усё было зроблена па тых тэхніках і з тых матэрыялаў, якія выкарыстоўваліся раней. На гэтай ладдзі сябры прайшлі па Нёмане ад Гродна да Балтыйскага мора — гэта каля 600 км. Водны паход працягваўся амаль 3 тыдні. Было ўсякае: і цікавае, і страшнае, і цяжкае. Амаль увесь час яны ішлі на вёслах, 6—7 гадзін штодзень. Елі на караблі і толькі на ноч разбівалі лагер. Адзін выпадак, які мог камусьці прынесці сур’ёзныя праблемы, Антон Ігаравіч ніколі не забудзе. “Мы праходзілі літоўскі горад Алітус, у ім было 3 масты праз Нёман. Кожны мост — гэта выпрабаванне, бо на караблі стаяла мачта на метры чатыры ў вышыню. Звычайна масты робяць вышэйшымі за 4 метры, таму мы ўсюды спакойна праходзілі. Пайшоў дождж, вада паднялася, было важна не зачапіцца. Калі падышлі бліжэй, то ўбачылі, што пад мостам яшчэ быў нацягнуты металічны трос. Заўважылі позна, таму мачта зачапіла трос, ладдзя вось-вось павінна была перавярнуцца, але нам пашчасціла: трос парваўся. Праўда, было небяспечна: ён быў такі нацягнуты, што калі разарваўся на дзве часткі, моцна ўдарыў па дракары і вадзе. На шчасце, нікога не зачапіла”. Пасля выхаду ў Балтыйскае мора “Яцвяг” павярнуў і прыпыніў свой доўгі шлях у порце Клайпеды. Дарэчы, відэа воднага паходу можна паглядзець на YouTube, назва — “На ладье Ятвяг из Гродно в Балтийское море”.
Іншая запамінальная вандроўка — паход па Нарвегіі. Педагог заўсёды марыў туды папасці, і вось у 2015 годзе выдалася такая магчымасць. Знаёміцца з краінай фіёрдаў паехалі 5 сяброў, якія ў запасе мелі каля тыдня. Яны арандавалі аўтамабіль, ездзілі і хадзілі па Нарвегіі, начавалі ў палатках. “Ёсць там такі папулярны турыстычны аб’ект — Язык Троля. У нас была мара паставіць палатку прама там і пераначаваць. Пад’ём быў невялікі, каля 12 кіламетраў. Звычайна туды ідуць раніцай і ўвечары вяртаюцца, а мы пачалі позна падымацца. У пэўны момант зразумелі, што ў прыцемках не бачым таблічак, на якіх указаны маршрут. Знайшлі як мага больш зручнае месца, паставілі палатку. Раніцай прачнуліся, аказалася, што мы былі зусім недалёка ад патрэбнага месца. Для нас было неспадзяванкай, што калі мы падняліся на сам Язык, там ужо стаяла чарга з людзей: яны ўсе чакалі, каб зрабіць фотаздымак”.
У спісе паходаў Антона Пацая ёсць і рэканструктарскія, калі з сабой не бяруць ніякіх сучасных прылад. Напрыклад, вогнішча раскладваюць з дапамогай крэсіва.
З такой падрыхтоўкай і вопытам вучыць дзяцей, як паводзіць сябе ў паходах, як здабываць агонь, як не заблукаць у новай мясцовасці, становіцца прасцей. Да таго ж, у запасе заўсёды ёсць гісторыя, якая выкліча яшчэ большую цікавасць да знаёмства з навакольным светам.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва А.І.Пацая.