Нясумная субота

- 10:25Выхаванне, Выхаваўчая работа

У чым сутнасць новага фармата арганізацыі шостага школьнага дня.

Праект “Нясумная субота” распрацавала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 4 Віцебска Таццяна Леанідаўна Булыга. З пачатку гэтага навучальнага года кожная субота ў гімназіі — тэматычная і ўлічвае перавагі розных узроставых груп.

— На практыцы гэта выглядае наступным чынам, — расказала Таццяна Леанідаўна. — Першую суботу прысвячаем маральнаму выхаванню, наступную — прафілактыцы правапарушэнняў, затым арганізуем дзень здароўя і спорту. Атрымліваецца, што кожны выхадны прысвечаны актуальнай тэме, цікавай для навучэнцаў. Сюды ж уваходзяць мерапрыемствы, прымеркаваныя да ўрачыстых дат. Напрыклад, калі святкуем дзень нараджэння піянерыі, запрашаем самых актыўных прадстаўнікоў дружыны для абмену вопытам.

Таццяна Леанідаўна ўпэўнена: калі гаворка ідзе аб арганізацыі вольнага часу дзяцей і падлеткаў, трэба падумаць і пра сэнсавы складнік, і пра “смачную” падачу. Таму кожны шосты дзень у віцебскай гімназіі № 4 пачынаецца з народнай мудрасці або з тэматычнага верша.

“Вельмі эмацыянальна і маляўніча прайшла субота, прысвечаная Дню маці. Мы арганізавалі сямейную спартландыю, у якой удзельнічалі навучэнцы і іх бацькі”.

— Большасць дзяцей праводзяць раніцу суботы ў гарадскіх установах дадатковай адукацыі, — падзялілася педагог. — Да нядаўняга часу сабраць іх на базе школы было вельмі цяжка. Але цяпер многія паспяваюць і займацца сваімі хобі, і прымаць удзе­л у нашых мерапрыемствах. Усё залежыць ад стаўлення педагогаў да сваёй справы. Калі ім бу­дзе нецікава арганізоў­ваць шосты дзень, то і ад дзяцей бескарысна чакаць уцягнутасці. Нашы “нясумныя суботы” вучні вельмі любяць. На іх падлеткі атрымліваюць магутны імпульс да творчасці і потым самі пачынаюць развівацца і ства­раць нешта новае. Дзецям падабаецца тварыць, а калі гэта яшчэ і атрымліваецца — за вушы не адцягнуць!

Новы фармат удалося рэалізаваць дзякуючы нашай дружнай камандзе педагогаў і навучэнцаў. Старшакласнікі бралі адказ­насць на сябе і заўсёды спраўляліся з ускладзенымі на іх абавязкамі. Разам з педагогамі-арганізатарамі ўстановы адукацыі яны ўвасобілі гэтую ідэю ў жыццё.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.