На зімовых канікулах у нашай школе працаваў лагер “Снегавічок”. Прыярытэтныя напрамкі: аздараўленчая, адукацыйная і забаўляльная дзейнасці, знаходжанне на свежым паветры, правядзенне аздараўленчых, спартыўных, культурна-масавых мерапрыемстваў, арганізацыя экскурсіі ў бібліятэку, заняткаў па інтарэсах.
Дзецям неабходна змена дзейнасці, змена ўражанняў. Зімовы лагер — месца цікавага правядзення часу, свабодных зносін з сябрамі, педагогамі, якія іх разумеюць, удзельнічаюць разам з імі ў розных мерапрыемствах, не патрабуюць ад іх невыканальнага і не ставяць ацэнак. Гэтымі зімовымі канікуламі наша школа расчыніла дзверы для 10 дзетак ад 6 да 10 гадоў. Лагер пачаў працаваць 26 снежня. Школа ператварылася ў маленькую краіну са сваімі клопатамі, праблемамі і радасцямі.
Нягледзячы на невялікую колькасць дзяцей, вучні пажадалі размеркавацца на 2 атрады: “Белыя мішкі” і “Сняжынкі”. Праца адразу закіпела, бо права кіраваць атрадамі было даверана таленавітым, непаўторным і адданым сваёй справе педагогам, якія ўмела вялі сваіх выхаванцаў па сцяжынках дабрыні, запальваючы ў іх трапяткіх сэрцах агеньчык дапытлівасці і веры ў сябе. Атрады спаборнічалі паміж сабой, атрымліваючы бонусы за свае старанні, удзельнічалі ў гульнях і мерапрыемствах. З невялікай перавагай перамог атрад “Белыя мішкі”. Але дзеці настолькі пасябравалі ў лагеры, што перамогу аддалі дружбе. Падрыхтоўку мы пачалі задоўга да адкрыцця. Быў прадуманы і складзены план работы, распрацаваны мерапрыемствы, праведзена вялікая праца па афармленні памяшкання.
За ўсю змену ў лагеры праведзена нямала мерапрыемстваў. Дзеці прымалі актыўны ўдзел у шматлікіх спартыўных і пазнавальных спаборніцтвах, развучылі шмат новых песень, устанаўлівалі свае маленькія рэкорды, вывучалі правілы дарожнага руху і бяспекі, удзельнічалі ў конкурсах малюнкаў і плакатаў, а таксама сустрэлі ў школе Новы год. Кожны дзень праходзіў пад сваёй назвай: “Пазнаёмімся бліжэй”, “Добра здаровым быць!”, “Дзень МНС”, “Прывітанне, Новы год”, “Горад майстроў”, “Да пабачэння, “Снегавічок”!”.
Як ні дзіўна, але вучні з вялікім задавальненнем выконвалі практыкаванні ранішняй зарадкі, пасля чаго прыходзілі ў клас бадзёрыя, вясёлыя. Актыўна прымалі ўдзел у мерапрыемствах, гутарках, гульнях. І яшчэ было шмат чаго цікавага. Самым незабыўным для дзетак стаў ранішнік “Навагодняя прыгода казачных герояў”, дзе вучні акунуліся ў казку, разам са Снягуркай знайшлі Дзеда Мароза, навучылі Кікімару, Бабу Ягу і Ката Баюна добрым манерам. А ў канцы свята дзеці атрымалі доўгачаканыя падарункі.
Кожны дзень было паўнавартаснае, разнастайнае харчаванне. У рацыёне прысутнічалі садавіна, духмяныя сокі, ёгурты, салаты з свежай гародніны.
Час прайшоў хутка. Трэба развітвацца. Усе сабраліся ля святочнай ёлкі, дзяліліся ўспамінамі. Многія сумавалі. І каб падняць дзецям настрой і суняць сум, ім былі ўручаны памятныя падарункі. Напрыканцы для хлопчыкаў і дзяўчынак зладзілі дыскабаль.
Марына ПРЫЛЕНСКАЯ,
дырэктар лагера “Снегавічок” Пархімаўскай базавай школы Бераставіцкага раёна.