Па экалагічнай сцяжынцы да горада-сада

Стварыць стабільны педагагічны калектыў і здароўезберагальнае адукацыйнае асяроддзе, сфарміраваць станоўчы імідж установы адукацыі — такія асноўныя задачы акрэсліла перад сабой загадчыца ясляў-сада № 137 Мінска Алена Мікалаеўна Бухарцава 9 гадоў назад, калі заняла сваю пасаду. Кіраўніку ўдалося многае ўвасобіць у жыццё. Установа з’яўляецца брэндам дашкольнай адукацыі Ленінскага раёна сталіцы, рэсурсным цэнтрам па “зялёных школах” і філіялам кафедры БДПУ імя Максіма Танка. 

Алена Мікалаеўна вывела для сябе формулу паспяховага кіраўніцтва: быць упэўненым, але не самаўпэўненым чалавекам, стрэсаўстойлівым, але не абыякавым, добра ведаць справу, якую робіш, але не прымаць адказныя рашэнні, не параіўшыся з калегамі, а яшчэ пастаянна павышаць асабісты прафесійны ўзровень і педагагічнае майстэрства калектыву, своечасова даведвацца пра ўсё новае, што адбываецца ў сістэме адукацыі.

“Яслі-сад № 137 Мінска я ўзначаліла на этапе яго будаўніцтва, — адзначыла Алена Мікалаеўна. — Запусціць адукацыйны працэс было няпроста, але вельмі цікава, бо многае ўдалося зрабіць так, як лічыла патрэбным, як падказваў уласны густ і педагагічны вопыт — ад колеравай гамы пры афармленні памяшканняў да падбору супрацоўнікаў. Большасць педагогаў, якія працу­юць зараз у садзе, уладкаваліся з моманту яго адкрыцця. Некаторыя з іх у прафесійным плане выраслі на маіх вачах: атрымалі вышэйшую педагагічную адукацыю, павысілі кваліфікацыю, прайшлі курсавую падрыхтоўку,  асвоілі новыя адукацыйныя тэхналогіі, праявілі сабе ў конкурсах і цікавых праектах. Дзякуючы стабільнаму і накіраванаму на поспех калектыву, наша ўстанова на працягу 2 апошніх гадоў атрымлівае званне “Брэнд дашкольнай адукацыі Ленінскага раёна Мінска”. Да таго ж сёлета яслі-сад № 137 быў занесены на раённую Дошку гонару. Сёння я ўпэўнена ў сваіх супрацоўніках і гатова ўкладваць у развіццё і адукацыю кожнага з іх і сілы, і сродкі”.

Заваяваць давер не толькі выхаванцаў, але і іх бацькоў — яшчэ адна важная для кіраўніка задача. Для гэтага трэба паклапаціцца пра імідж установы, сфарміраваць належнае прадметна-прасторавае асяроддзе, каб у кожным куточку сада было прыгожа і ўтульна. Зараз, напрыклад, творчая група педагогаў установы займаецца распрацоўкай канцэпцыі і плана-схемы экалагічнай сцяжынкі, дзе акрамя традыцыйных насаджэнняў будуць штучныя гняздоўі для птушак, клумба для матылькоў, месца для назірання за птушкамі, “атэль” для насякомых, метэастанцыя, зялёная аптэка, фітанцыдны куток і сцяжынка здароўя. Гаспадаром экасцяжынкі стане вожык Пых — герой аднайменнай беларускай народнай казкі.

Аб якасці адукацыйнага працэсу ў дзіцячым садзе бацькі мяркуюць па яго змястоўным напаўненні і высокім узроўні развіцця здольнасцей сваіх дзяцей, па сацыяльных партнёрах, з якімі ўстанова супрацоўнічае, па псіхалагічным клімаце ў калектыве і традыцыях, якія ў ім склаліся.

З 2013 года яслі-сад № 137 Мінска з’яўляецца філіялам кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі факультэта дашкольнай адукацыi БДПУ імя Максіма Танка. На базе філіяла кафедры арганізоўваюцца вучэбныя і навукова-даследчыя лабараторыі, метадычныя кабінеты, працуе, у прыватнасці, студэнцкая лабараторыя “Фарміраванне асноў культуры бяспекі ў дашкольнікаў”. Ва ўстанове ажыццяўляюцца інавацыйныя, эксперыментальныя і сацыяльна значныя праекты кафедры, тут праходзяць апрабацыю курсавыя і дыпломныя работы, магістарскія дысертацыі. Студэнты факультэта дашкольнай адукацыі праходзяць розныя віды практыкі. Па выніках сумеснай навукова-даследчай дзейнасці супрацоўнікі кафедры і ясляў-сада рыхтуюць публікацыі, праводзяцца семінары, канферэнцыі, круглыя сталы, педагагічныя саветы.

Педагогі 137-га сада выкарыстоўваюць на занятках з выхаванцамі тэхналогію развіццёвых гульняў Васкабовіча, кубікі Зайцава, методыку Мантэсоры, ТРВЗ, прымаюць удзел у навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах. Так, практычны ўрок Марыны Аляксандраўны Холад “Захаваем клімат з дапамогай простых энергетычных рашэнняў” атрымаў дыплом на гарадскім этапе конкурсу “Энергамара­фон – 2017” у намінацыі “Педагагічная распрацоўка”. На Міжнародным фестывалі педагагічнага майстэрства “Хрустальнае зубраня” Людміла Аляксееўна Макарава атрымала ў 2017 годзе дыплом за праект “Мультфільмы сваімі рукамі”.

Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ўстановы Ірына Віктараўна Кузіна была ўзнагароджана дыпломам І ступені на XVIII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі за распрацоўку матэрыялаў “Брэйн-рынг” для выхаванцаў старэйшага дашкольнага ўзросту “Мая малая Радзіма — Беларусь”. Метадычная распрацоўка Ірыны Віктараўны ўключае сучасныя эфектыўныя формы работы па арганізацыі турыстычна-краязнаўчай і эколага-біялагічнай работы з выхаванцамі старэйшага дашкольнага ўзросту — інтэрактыўны планшэт, ІКТ (мультыборд, інтэрактыўную дошку), ЭСН (сэрвіс LearningApps.org — дадатак Web 2.0 для падтрымкі навучання з дапамогай інтэрактыўных модуляў, якія можна мяняць або на аснове якіх ствараць новыя ў аператыўным рэжыме).

Сёлета на гарадскім этапе Рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў “Зялёная школа” Ірына Віктараўна атрымала дыплом у намінацыі “Метадычная распрацоўка “Зялёны дзень” за праект “Пазнавальна-практычная дзейнасць па вывучэнні разнастайнасці птушак на тэрыторыі, прылеглай да тэрыторыі сада, як сродак фарміравання прыродаахоўных паводзін выхаванцаў старэйшага дашкольнага ўзросту”.

З 2018 года яслі-сад № 137 Мінска з’яўляецца рэсурсным цэнтрам па “зялёных школах” у рамках праекта “Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэння кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні” (“Экаманіторынг”). Праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізоўваецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь у 2018—2022 гг. Агульны бюджэт праекта — 3 500 000 еўра. Ён накіраваны на эфектыўнае інклюзіўнае кіраванне навакольным асяроддзем на мясцовым узроўні, на маніторынг экалагічных рызык, абмен экалагічнай інфармацыяй, у прыватнасці ў галіне якасці атмасфернага паветра. Мэта праекта — падтрымка прыярытэтаў Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2030 года, а таксама выкананне міжнародных абавязацельстваў краіны ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Праект “Экаманіторынг” накіраваны на развіццё ўсіх відаў экалагічнага маніторынгу з удзелам грамадзянскай супольнасці. Вялікае значэнне надаецца маніторынгу якасці атмасфернага паветра.

“У Беларусі 50 устаноў адукацыі маюць статус “зялёная школа”, а ў гэты рух па ўсёй краіне ўцягнута каля 200 устаноў. Упершыню да ініцыятывы пры падтрымцы Міністэр­ства адукацыі далучылася і дашкольная ўстанова, — гаворыць Алена Мікалаеўна. — Навукова-метадычнае суправаджэнне “зяленых школ” ажыццяўляе АПА, спецыялісты якой распрацавалі для нас метадычныя рэкамендацыі па рэалізацыі гэтага праекта з улікам пераемнасці паміж установай дашкольнай адукацыі і першай ступенню агульнай сярэдняй адукацыі. Вучэбны матэрыял з году ў год ­ускладняецца і пашыраецца. Удзел у праекце “Экаманіторынг” дазволіў нам атрымаць дарагое абсталяванне — інтэрактыўны стол для заняткаў па экалогіі, мультыборд, электронныя адукацыйныя рэсурсы, якія размясціліся ў асобным “зялёным пакоі” сада”. 

Удзельнікам праекта прапаноўваецца выканаць набор заданняў, падзеленых на 5 кірункаў: вывучыць відавую разнастайнасць як раслін, так і жывёл прыроднага асяроддзя ўстановы і спосабы яе пашырэння; вывучыць працэсы энергазберажэння і энергаспажывання дома і ва ўстанове адукацыі і прапанаваць спосабы іх скарачэння; даведацца пра спосабы водазберажэння; прааналізаваць крыніцы ўтварэння адходаў і вызначыць спосабы іх мінімізацыі, перапрацоўкі і другаснага выкарыстання; выканаць інфармацыйна-экалагічную работу (паў­дзельнічаць у святах, акцыях, бацькоўскіх сходах, выставах, конкурсах, экалагічных ініцыятывах, садзейнічаць экалагічнай асвеце мясцовага насельніцтва). Калі заданні будуць выкананы, установа адукацыі можа прэтэндаваць на атрыманне статусу “зялёная школа”.

“Наш калектыў знаходзіцца ў пачатку гэтага шляху. Мы вывучаем вопыт работы падобных рэсурсных цэнтраў за мяжой, напрацоўкі беларускіх калег з агульнаадукацыйных устаноў, самыя цікавыя з якіх укараняем. У рэалізацыі праекта “Экаманіторынг” наш дзіцячы сад узаемадзейнічае з Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і края­знаўства. Ініцыятыва разлічана на выхаванцаў 5—7 гадоў, якія павінны на­быць практычныя навыкі ў эка­лагічным і прыродаахоўным кірунках, — ­адзначае Алена Мікалаеўна. — Дзеці вучацца падчас заняткаў і гульняў, экалагічных акцый і экскурсій. Яны назіраюць, эксперыментуюць, слухаюць экалагічныя казкі. Нашы выхаванцы даследуюць разнастайнасць абарыгенных і інтрадуцыраваных дрэў і кустоў і разнастайнасць птушак на прылеглай да дашкольнай установы тэрыторыі. Складзена справаздача аб удзеле ў нацыянальнай акцыі “Восеньскія назіранні за птушкамі”. Дзеці разам з бацькамі і педагогамі зрабілі і размясцілі на вуліцы кармушкі для крылатых гасцей, арганізавалі іх рэгулярнае падкормліванне (экалагічная акцыя “Сінічын дзень”). Падчас акцыі “Птушыная сталовая” нашы выхаванцы падарылі дашкольнікам ясляў-сада № 56 Мінска кармушкі, зробленыя сумесна з бацькамі. У выніку акцыі “Птушыны домік” у Лошыцкім парку, які знаходзіцца побач з установай, з’явіліся штучныя гняздоўі для птушак. У са­дзе прайшлі заняткі, прысвечаныя эканоміі электраэнергіі і цеплавой энергіі, былі распрацаваны памяткі па рацыянальным выкарыстанні энергіі, якія дзеці забралі дамоў. На тэрыторыі сада былі ўстаноўлены 2 пластыкавыя скрыні для ўтылізацыі і кампаставання арганічных адходаў (пустазелля, лісця і інш.). Кампост паляпшае якасць глебы, на якой мы вырошчваем кветкі”. 

Алена Мікалаеўна звярнула ўвагу на тое, што зараз падчас свят, канцэртаў, апошніх званкоў або выпускных вечароў у школах і дзіцячых садах стала трады­цыяй запускаць у неба геліевыя шары. Рабіць гэта вельмі шкодна і небяспечна для навакольнага асяроддзя, асабліва для жывёл. Падчас экалагічнай прыродаахоўнай акцыі “Паветраныя шары: лю­дзям — забава, прыродзе — атрута” выхавальнікі ясляў-сада № 137 разам з дзецьмі распрацавалі памяткі, дзе падрабязна расказалі, што адбываецца з паветраным шарам пасля таго, як ён знікае з поля зроку. Шары могуць пераадолець адлегласць у тысячы кіламетраў, забруджваючы самыя аддаленыя куточкі нашай планеты. Пасля падзення геліевых шароў на зямлю або ў ваду іх латэксныя абалонкі і поліэтыленавыя вяроўкі выдзяляюць у навакольнае асяроддзе таксічныя рэчывы. Іх могуць з’есці жывёлы, многія з якіх не адрозніваюць ежу ад смецця. У выніку блакіруецца іх кішэчны тракт, і жывыя істоты вымушаны паміраць ад голаду. У стужках і нітках, якімі завязваюць шарыкі, жывёла можа заблытацца, што часта прыводзіць да яе смерці.

“Існуе мноства іншых спосабаў упрыгожыць жыццё яркімі фарбамі, таму бацькам перад тым, як купіць дзіцяці геліевы шарык, трэба падумаць аб альтэрнатыве. Выхавальнікі і бацькі нашага сада знайшлі цудоўнае выйсце — сёлета маленькія выпускнікі на развітанне з дзіцячым садам высадзяць на яго тэрыторыі разарый, які будзе радаваць вока яшчэ шмат гадоў, — расказала Алена Мікалаеўна. — Калі гэтую традыцыю падхопяць іншыя навучальныя ўстановы, упэўнена, наш горад з часам ператворыцца ў сапраўдны горад-сад”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.