Па гэты бок тэста

- 8:33Тэсцiраванне

Настаўніцай англійскай мовы ў школе працую 15 гадоў, а чатыры гады назад занялася падрыхтоўкай выпускнікоў да цэнтралізаванага тэсціравання. Адной з умоў, якія выстаўляю навучэнцам, з’яўляецца абавязковае праходжанне ўсіх этапаў рэпетыцыйнага тэсціравання па англійскай мове. Назіраючы за перад- і паслятэставымі перажываннямі маіх падапечных, я задалася пытаннем: ці змагу я справіцца з заданнем, ці змагу ў патрэбны момант сабрацца і ва ўмовах строгага кантролю, пад ціканне таймера, выціснуць максімум? Такім чынам, вырашана: “Аперацыя РТ” пачынаецца!

Этап першы. Падрыхтоўчы

Каб закрыць для сябе ўсе шляхі да адступлення, я апавясціла пра сваё рашэнне пі­саць тэст абсалютна ўсіх: адміністрацыю школы, калег і вучняў. Рэакцыя была бурнай і неадназначнай: “Малайчына!”, “Што, праўда?”, “Жартуеш?”, “А навошта?”, “Не страшна?”, “Рызыкуеш страціць аўтарытэт…”. І, нарэшце, самае эмацыянальнае слова на дарогу ад калег: “Забароўская, калі пасля гэтай тваёй выхадкі ўсіх настаўнікаў абавязуюць здаваць ЦТ, мы цябе чвартуем!”

Этап другі. Аплата

Працягваю касіру ў ашчадкасе пашпарт і грошы. Сур’ёзная дама пытаецца:

— Назавіце імя дзіцяці.

— Гэта я пішу тэст.

Здзіўленыя вочы адрываюцца ад манітора і глядзяць на мяне з цікаўнасцю.

— Вы?! Забаўна. У нас такое ўпершыню…

Этап трэці. Талісман

Вядома, што студэнты перад здачай экзамену кладуць пад пятку пятак. Чым я горшая? Пашнарыўшы ў каморы, выцягваю на святло дэкаратыўны куфар, у якім захоўваю манеты, якія засталіся ад замежных паездак. Гонар быць маім талісманам выпадае брытанскай манеце 1971 года выпуску. 45 гадоў яна вандравала па краіне, мову якой я выкладаю, і наскрозь напоўнілася энергетыкай Туманнага Альбіёна. Разлічваю, што гэтая манета проста абавязана дапамагчы мне ў выбары правільных адказаў.

Этап чацвёрты. Дзень ікс

Прыйшоўшы на тэсціраванне, раптам разумею, што забыла ўзяць святое — чорную геліевую ручку… Добра, што свет не без добрых людзей. Хутка я з ручкай ужо ўвайшла ў перапоўненую аўдыторыю, дзе на мяне ўтаропіліся больш за сорак пар юных вачэй. Вітаюся і са спакойным выглядам уседжваюся на свабоднае месца. Перахопліваю здзіўленыя погляды, чую за спінай перашэптванні і хіхіканне:

— Юлія Васільеўна, вы збіраецеся некуды паступаць?

— Правяраю сябе на праф­прыдатнасць!

Уважліва выслухоўваю ўсе рэкамендацыі, таму што ніколі ў жыцці не запаўняла такі бланк, і пачынаю работу. Наперадзе 2 гадзіны. Але я як настаўнік, які практыкуе, не магу дазволіць сабе расцягваць задавальненне і стаўлю абмежаванне па часе — 45 мінут, тым больш што мне трэба паспець яшчэ на свой урок, які пачынаецца роўна праз гадзіну.

Такім чынам, наперад. Частку А праскокваю даволі хутка. Пераходжу да часткі В і спатыкаюся аб першае ж заданне павышанай цяжкасці — словаўтварэнне. Лёгка расставіўшы два словы з чатырох, безнадзейна затрымліваюся на астатніх. І адразу стала падкрадацца паніка. Выдыхаю. Спакой, толькі спакой. Кідаю позірк на гадзіннік і, прапусціўшы заданне, якое не паддаецца, іду далей. Пераправерыўшы ўсю работу, зноў вяртаюся да злашчаснага словаўтварэння. Збіраюся з думкамі. Дзе там мая манетка-талісман? І раптам — шчоўкнула! Пазл склаўся! Чарнавік гатовы і можна пераносіць адказы ў бланк.

Як сапёр, які памыляецца толькі раз, па некалькі разоў звяраюся з чарнавіком, перш чым упісаць адказ у ячэйку. Калі я скончыла, заўважыла, што правая рука дрыжыць. Смешна, але сіндром выдатніка захаваўся нават праз 25 гадоў пасля заканчэння школы.

На ўсю работу пайшло роўна 40 мінут. Выплываю з аўдыторыі і як у тумане плятуся на ўрок, пракручваючы ў галаве магчымыя варыянты адказаў.

Этап пяты. Чаканне вынікаў

Хаця было сказана, што вынікі будуць вядомы праз 10 дзён, але ўжо праз тры дні я пачала што­дзень заходзіць на сайт Рэспубліканскага інстытута кант­ролю ведаў. Калі на экране ў чарговы раз з’яўляўся надпіс “Вынікі не знойдзены”, адчувала супярэчлівыя пачуцці: з аднаго боку, гэта яшчэ больш падагравала маю цікаўнасць, у той жа час, сорамна прызнацца, я адчувала пачуццё палёгкі, таму што з кожным днём мяне ўсё больш апаноўвалі сумненні ў правільнасці выкананых заданняў.

Этап шосты. Вынік

Суботняй раніцай, вярнуўшыся з паходу па магазінах, па звычцы зайшла на сайт РІКВ. І раптам… Ёсць вынік! Адразу не паверыла сваім вачам: высвеціўся толькі зялёны радок! 100 балаў! На мае захопленыя крыкі прыбеглі перапалоханыя сын і дачка. Ім першым я і паведаміла навіну. Але бурная радасць патрабавала выйсця, і я разаслала тузін SMS, змясціла фота з вынікам у сацыяльных сетках. Цяпер я ведаю, што адчуваюць дзеці, якія атрымалі запаветны бал!

***

Такім чынам, ці меў сэнс гэты эксперымент?

Так! І яшчэ раз — так!

Па-першае, я канчаткова пераканалася, што абітурыент абавязаны прайсці ўсе этапы рэпетыцыйнага тэсціравання, каб на ЦТ адчуваць сябе максімальна камфортна. На мой погляд, рэпетыцыйныя тэсты прызначаны падрыхтаваць дзяцей не столькі тэарэтычна, колькі псіхалагічна да фінальнага этапу.

Па-другое, не ўтаю, мая самаацэнка стала значна вышэйшай, я стала больш упэўненай у сваіх сілах. Да таго ж вынікі эксперымента спрыялі сур’ёзнаму росту асабістай папулярнасці сярод навучэнцаў і іх бацькоў.

Нарэшце, гэтыя 100 балаў даюць мне права абвергнуць фразу, якую часта і несправядліва кідаюць у адраз настаўнікаў: “Хто ўмее — робіць, хто не ўмее — вучыць”. На самай справе вялікі Дж.Б.Шоу, якому належыць аўтарства гэтай фразы, зусім не меў на ўвазе настаўнікаў. Гэта быў усяго толькі іранічны каментарый наконт схільнасці некаторых разумнікаў даваць няпрошаныя парады. Але нейкі няўдачнік, у якога не склаліся адносіны з педагогамі, перанёс яе на ўсіх прадстаўнікоў нашай высакароднай прафесіі. Дык вось, сваім вынікам я проста даказала, што мы ўмеем, таму маем права ву­чыць!

P.S. А шчаслівая манетка атрымала пастаянную прапіску ў скарбонцы з самымі дарагімі для мяне рэчамі.

Парады абітурыентам напярэдадні РТ

Да РТ

1) Пытанне “быць ці не быць”, ісці ці не ісці на РТ — недарэчнае. Адназначна, ісці! На мой погляд, кожны прапушчаны этап РТ — гэта страта ад 5 да 10 балаў на ЦТ.

2) Не забудзьцеся зарэгістравацца. Прыбыўшы на РТ без рэгістрацыі, наўрад ці зможаце прайсці іспыт. Нават калі гэта і атрымаецца, вы створыце цяжкасці арганізатарам.

3) Зрабіце аплату загадзя, не пакідайце на апошні дзень — заўсёды верагодны форс-мажор.

4) Не паўтарайце маю памылку і загадзя падрыхтуйце пашпарт і чорную геліевую ручку. А лепш — дзве!

5) За дзень да РТ не перагружайце сябе. Я раю вучням проста прабегчы вачамі вывучаны матэрыял, не спрабуючы сутаргава схапіць яшчэ і тое, што не знаёма. Прагуляйцеся з сябрамі, паглядзіце любімы фільм. Галоўнае — добра выспіцеся!

У час РТ

1) Першае, што неабходна зрабіць, — прыйсці своечасова. Калі я пісала тэст, было нямала тых, хто спазніўся. Гэтая акалічнасць стварае падабенства ­хаосу, абвастрае і без гэтага напружаную атмасферу, затрымліваючы пачатак работы, прымушаючы арганізатараў па некалькі разоў паўтараць інструкцыі і выклікаючы гэтым хвалю негатыву ў адрас тых, хто спазніўся.

2) Уважліва слухайце інструкцыі. Штогод мая калекцыя гісторый пра ЦТ папаўняецца “страшылкамі”, у якіх адзін выпускнік пры пераносе адказаў выпадкова ссунуў усе знакі ў бланку на адну клетку, другі ўпісаў літары пропіссю і г.д. І вінаваціць гэтыя няшчасныя могуць толькі сваю няўважлівасць і ­ігнараванне РТ.

3) Выдыхніце і супакойцеся. На сваім вопыце я ўпэўнілася, што 50% (можа, і больш) поспеху залежыць ад здольнасці ўправіцца з нервамі. І тут усе сродкі добрыя: завядзіце невялікі талісман, падтрымку якога вы можаце адчуць на тактыльным узроўні. Даручыце яму спраўляцца з панікай, у той час як вы бу­дзеце заняты непасрэдна тэстам. Звярніцеся да школьнага педагога-псіхолага з ­просьбай паказаць вам некалькі эфектыўных прыёмаў, якія дазваляюць хутка зняць напружанне.

4) Самае каштоўнае — час. Заплануйце сабе два кругі: спачатку зрабіце заданні, якія даюцца лёгка (або адносна лёгка), у час другога круга дайце сабе магчымасць падумаць над больш складанымі заданнямі. Сваім падапечным я настойліва рэкамендую, рашаючы тэсты дома, уключаць таймер і старацца ўкласціся ў вызначаны час.

5) Прапускайце складаныя заданні ў час першага круга. Рухайцеся далей. Шчыра раю: зрабіце спачатку любімыя фрагменты тэста. Замест таго, каб задыхацца ад жаху над складаным заданнем, адчуваючы, як няўмольна прахо­дзіць час, дайце сабе шанс супакоіцца, выканаўшы тыя пункты, якія зразумелыя і адпрацаваныя. Паверце, як толькі вы ўпэўніцеся, што частка тэста ўжо ў мінулым і супакоіцеся, адкрыецца другое дыханне — і вы будзеце ў стане справіцца няхай не з усімі, але са многімі з прапушчаных пунктаў.

6) Не стаўцеся занадта легкадумна да простых, на ваш погляд, заданняў. Абавязкова дачытайце да канца і ўважліва вывучыце ўсе (!) варыянты адказаў. Не толькі мае вучні, але і я сама не раз пакутавала ад сваёй няўважлівасці. Упэўненасць — цудоўна, самаўпэўненасць — часта згубна.

7) Прывабнасць ЦТ у тым, што, як у перадачы “Хто хоча стаць мільянерам?”, вам ласкава прапануюць варыянты адказаў, ёсць магчымасць адкінуць відавочна няправільныя пункты. Выкарыстоўвайце метад выключэння: адсячыце лішняе і гэтым павялічце свае шансы на поспех. Папярэджваю, “званок сябру” або “дапамога залы” выключаны!

8) Не пакідайце пункты без адказаў, бо гэта безумоўны пройгрыш. Не здавайцеся! Нават калі вы зусім не ўяўляеце, якім можа быць адказ, уключыце інтуіцыю і выберыце той варыянт, які, на ваш погляд, “гучыць” лепш. Ёсць шанс, што вы сапраўды трапіце ў “дзясятку”.

9) Імкніцеся да дасягнення максімальнага выніку. Працуйце так, як калі б вы пісалі ЦТ: не пакідайце аўдыторыю раней часу, махнуўшы рукой на складаныя заданні, змагайцеся за кожны пункт.

10) Нарэшце, асноўнае правіла — выконваць тэст неабходна сумленна! Мя­дзведжую паслугу абітурыентам аказваюць шматлікія групы ў сацсетках, якія вядуць актыўнае абмеркаванне заданняў тэстаў і магчымых адказаў. Пася­дзеўшы ў такой групе ва “УКантакце”, сапраўды можна падсабраць добрую колькасць правільных адказаў перад рэпетыцыйным тэсціраваннем. Як яны туды трап­ляюць? Вельмі проста. Напрыклад, я пісала тэст 23 лістапада, а мае вучні выконвалі той жа тэст 26 лістапада. Пры жаданні я магла праінструктаваць іх і забяспечыць правільнымі адказамі, магла выкласці адказы свайго варыянта на старонках ва “УКантакце”. Нічога гэтага я не зрабіла, таму што выдатна разумею: гэта блізка да таго, што падкласці абітурыенту бомбу запаволенага дзеяння. Зараз усё ціха і спакойна, а на ЦТ яго разарве на часткі. За ўсю сваю практыку я ні разу не чула, каб на цэнтралізаваным тэсціраванні падыспытны змог скарыстацца чым-небудзь, акрамя сваіх ведаў. Цяпер я разумею, чаму некаторыя навучэнцы на РТ паказваюць добрыя вынікі, а на ЦТ — на 20 балаў ніжэй. ­Не паддавайцеся спакусам. Няхай вы набераце 30 балаў, але сумленна!

Пасля РТ

1) Паведаміце настаўніку рэальны (!), а не перабольшаны, вынік. Маючы за плячыма горкі вопыт не аднаго падману, сёння я патрабую, каб вучні прыхо­дзілі з пашпартам і ў маёй прысутнасці заходзілі на сайт РІКВ, пацвярджаючы бал. Настаўніку важна ведаць сапраўднае становішча спраў, каб, прааналізаваўшы сітуацыю, унесці неабходныя карэктывы і правільна выбудаваць далейшую работу.

Юлія ЗАБАРОЎСКАЯ,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы №1 Ганцавіч.