Па індывідуальнай траекторыі развіцця дзіцяці

- 12:10Брэстчына

Упершыню ў 2016-2017 навучальным годзе вучні гімназіі Кобрына атрымалі 100-бальныя сертыфікаты ЦТ па вучэбных прадметах “Беларуская мова”, “Матэматыка”, “Грамадазнаўства”. Паспяховасць вучэбнага працэсу атрымала лагічнае завяршэнне ў кампаніі паступлення выпускнікоў гімназіі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы рэспублікі. Працэнт паступлення ў 2016/2017 навучальным годзе склаў 97%. Стабільна высокім ён застаецца ўжо на працягу некалькіх гадоў.

Як паведаміў дырэктар гімназіі Мікалай Васільевіч Аляхновіч, для дасягнення пэўных вынікаў у падрыхтоўцы навучэнцаў да цэнтралiзаванага тэсцiравання праца вядзецца на ўроках, факультатывах, у рэсурсных цэнтрах і працягваецца на індывідуальных занятках. “У межах вучэбных заняткаў настаўнік, матывуючы дзіця на вывучэнне таго ці іншага прадмета, прымяняе розныя метады, накіраваныя на развіццё вучэбных кампетэнцый. Менавіта на гэтым этапе выяўляецца цікавасць да прадмета.

Для таго каб атрымаць высокія вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні, неабходна дасягнуць паспяховага засваення ведаў. Стварэнне праблемных сітуацый, рашэнне нестандартных задач, мазгавы штурм, дэбаты, праца з дакументам — тыя формы і метады, якія выкарыстоўваюцца педагогамі на ўроках. Практыка паказвае, што сістэматычнае прымяненне розных прыёмаў спрыяе развіццю лагічнага мыслення і набыццю цвёрдых ведаў у навучэнцаў”, — адзначыў Мікалай Васільевіч.

Сістэмная работа вядзецца ў гімназіі па развіцці здольнасцей дзяцей. У прыярытэце — індывідуальныя маршруты адораных вучняў. Гімназісты з’яўляюцца ўдзельнікамі і пераможцамі розных алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый, у тым ліку міжнароднага ўзроўню. Як прыклад выніковасці педагога па падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяды быў прадстаўлены вопыт працы настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Святланы Аляксееўны Васілюк, якая акрэcліла асноўныя падыходы ў сваёй педагагічнай дзейнасці.

“Мая мэта — навучыць дзяцей вучыцца, здабываць тэарэтычныя веды і прымяняць іх на практыцы. Сярод метадаў і прыёмаў арганізацыі вучэбнай дзейнасці на ўроках гісторыі эфектыўным з’яўляецца “Кошык ідэй”, куды можна скідваць факты, меркаванні, імёны, паняцці, якія тычацца тэмы ўрока. Такім жа выніковым можна назваць і прыём “Лекцыя з прыпынкамі”. Асаблівасць яго выкарыстання ў тым, што лекцыя чытаецца дазіравана, а ў час прыпынку ідзе абмеркаванне або калектыўны пошук адказу на пытанне.

Вялікую ўвагу ўдзяляем гістарычнай карце: вучымся правільна чытаць легенду карты, вызначаць на карце межы дзяржаў, месцы бітваў, выконваць заданні, выкарыстоўваючы картасхемы. Мы стараемся працаваць і з ілюстрацыямі. Праводзім іх аналіз, вылучаем галоўнае ў малюнку. Выкарыстоўваючы выявы помнікаў архітэктуры Беларусі, вызначаем іх стыль, месцазнаходжанне лакалізуем на карце, вызначаем час стварэння.
Усё гэта фарміруе ў вучняў узровень ведаў, які дазваляе добра арыентавацца ў тэставых заданнях розных форм і узроўняў, а таксама стварае аснову для творчага падыходу да навучання і больш лёгкага авалодання вучэбным матэрыялам. Шырокае ўкараненне ў адукацыйны працэс гімназіі інфармацыйных тэхналогій дазваляе атрымаць варыятыўнасць індывідуальнага руху ў навучанні і дасягнуць любых вышынь кожнаму дзіцяці”, — расказала Святлана Аляксееўна.

Вось ужо пяты год у рэсурсны цэнтр гімназіі па рабоце з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі прыходзяць вучні горада і раёна, каб атрымаць больш трывалыя і глыбокія веды. Такія дзеці валодаюць дамінуючай актыўнай пазнавальнай патрэбай, адчуваюць радасць ад здабывання ведаў і разумовай працы. Рэсурсны цэнтр працуе па 5 напрамках: руская мова, англійская мова, біялогія, фізіка, інфарматыка.

З пачатку функцыянавання рэсурснага цэнтра падрыхтоўку навучэнцаў па англійскай мове ажыццяўляе Іна Аляксандраўна Хмялеўская: “Праца ў цэнтры ідзе па трох напрамках: развіццё і ўдасканаленне граматычных навыкаў, навыкаў чытання, разумення і ўспрымання на слых. Аднак мэтай нашага навучання з’яўляецца не сістэма мовы, а іншамоўная маўленчая дзейнасць — фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі.

Каб матываваць на маўленне, увесці ў атмасферу іншамоўных зносін, навучэнцам, напрыклад, прапануюцца тэксты розных жанраў: артыкулы з газет і часопісаў, разнастайныя інтэрв’ю, рэкламныя аб’явы і брашуры, навуковыя артыкулы, урыўкі з класічных твораў. Мы выкарыстоўваем прыказкі, прымаўкі, цытаты вядомых людзей. Такія тэмы, як “Ваш гадаванец. Жыццё пасля смерці”, “Начны Лас-Вегас”, “Шопінг як выхад з дэпрэсіі”, “Знікненне дыназаўраў”, нікога не пакідаюць абыякавымі.

Навучанне адбываецца праз розныя віды дзейнасці: маналог, дыялог, гульня, імправізацыя, драматызацыі. У працы з відэа ёсць магчымасць выкарыстоўваць сучасныя відэаматэрыялы каналаў BBC, BBC News, Discovery, CNN, фільмы і мультфільмы на мове арыгінала з субцітрамі. Доступ да матэрыялаў рэсурснага цэнтра маюць навучальныя ўстановы горада і раёна”.

Педагагічны калектыў гімназіі ахвотна трансліруе свой вопыт на розных узроўнях, прымаючы ўдзел у вэбінарах, відэаканферэнцыях, семінарах, конкурсах. Педагогі гімназіі штогод актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах прафесійнага майстэрства. У 2016/2017 навучальным годзе настаўніца пачатковых класаў Ганна Васільеўна Ярашук прыняла ўдзел у раённым конкурсе “Настаўнік года” і заняла 1-е месца.

У верасні 2017 года на Міжнародным конкурсе педагагічных праектаў па папулярызацыі рускай мовы, рускай літаратуры і адукацыі на рускай мове ў Маскве настаўніца гімназіі і, дарэчы, пастаянны аўтар “Настаўніцкай газеты” Жанна Яўгенаўна Елізарава стала фіналістам і атрымала права прадстаў-ляць свой урок рускай мовы шырокай педагагічнай аўдыторыі. Яе распрацоўка ўключана ў зборнік інавацыйных матэрыялаў, прызначаных для выкарыстання ў працы расійскіх цэнтраў навукі і культуры ў краінах СНД.

На бягучым этапе адміністрацыя і калектыў гімназіі рэалізоўваюць інавацыйны праект “Укараненне мадэлі выкарыстання кагнатэхналогій (тэхналогіі дапоўненай рэальнасці) з мэтай фарміравання грамадзянска-патрыятычнай кампетэнтнасці навучэнцаў”, праца над якім прадугледжвае пашырэнне магчымасцей выкарыстання і прымянення інтэрактыўных электронных сродкаў навучання ў працы педагогаў. У гімназіі вядзецца мэтанакіраваная работа па пашырэнні выкарыстання мультымедыйнага суправаджэння, сістэматызацыі, абнаўленні і папаўненні інфармацыйных рэсурсаў адукацыйнага працэсу.

Як заўважыў дырэктар гімназіі, паспяховай сацыялізацыі ў грамадстве садзейнічае і арганізацыя работы ў шосты школьны дзень. Выхаваўчая дзейнасць у суботу ажыццяўляецца згодна з праектам “Школьная краіна”, які прадстаўлены ў чатырох блоках: першая субота — “Пазнавальная”, другая — “Дзень здароўя”, трэцяя — “У свеце захапленняў”, чацвёртая субота — “Праца і адпачынак”. У шосты дзень арганізавана работа бацькоўскага лекторыя. Праводзяцца бацькоўскія дні і сумесныя мерапрыемствы з татамі і мамамі. Найбольшая актыўнасць навучэнцаў назіраецца пры правядзенні дзён здароўя — наведванне гэтых мерапрыемстваў дасягае 80%. Асаблівай папулярнасцю ў вучняў карыстаецца і аб’яднанне па інтарэсах “Інтэлектуал”. Дзякуючы мэтанакіраванай рабоце педагога дадатковай адукацыі Юрыя Вадзімавіча Хмялеўскага, інтэлектуальная каманда навучэнцаў “Кобры” з’яўляецца актыўнай удзельніцай і пераможцай раённых турніраў па гульні “Што? Дзе? Калі?”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.