Па краіне акцябрацкай зорачкі

- 10:44Навіны рэгіёнаў

Такое падарожжа здзейснілі другакласнікі Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна падчас збору дружыны імя Ф.П.Хахракова, прысвечанага прыёму ў акцябраты. Педагог-арганізатар навучальнай установы А.М.Росляк пастаралася зрабіць святочнае мерапрыемства цікавым і запамінальным.

— Мы з аднакласнікамі з нецярпеннем чакалі гэтую падзею і рыхтаваліся да яе, — расказвае Настасся Гарус. — На класных зборах педагог-арганізатар расказвала нам пра акцябрат і якімі яны павінны быць. Мы вывучылі легенду пра акцябрат, іх правілы і клятву. Падчас гульні “Падарожжа па краіне акцябрацкай зорачкі” неабходна было выканаць 5 заданняў. Я люблю разгадваць крыжаванкі, таму з вялікім задавальненнем разам са старшымі памочнікамі-піянерамі адгадала галоўнае слова. Прыемна, што зорачку мне прымацаваў мой брат.

— Свята атрымалася цікавым і вясёлым, — дзеліцца ўражаннямі Дзіяна Сырыца. — Я хутка выканала заданні розных конкурсаў, бо ў нашым класе ўсе дасканала ведаюць правілы акцябрат, дарожнага руху і добрых паводзін. Больш за ўсё спадабаўся конкурс “Збяры партфель сапраўднага вучня”, падчас якога мы з аднакласнікам збіралі партфелі з завязанымі вачыма. Ад нас патрабавалася пакласці ў партфель толькі тыя рэчы, якія неабходны вучню ў школе: падручнікі, кнігі, канцылярскія прылады. А вось цацкі, мячыкі, скакалкі трэба было пакінуць на стале. Мы паспяхова справіліся з заданнем.

— Вельмі моцна ўзняў настрой конкурс “Адгадай песню”, — гаворыць Аляксей Абламскі. — Я з радасцю адгадваў і спяваў “Аблокі”, “Блакітны вагон”, “Песню маманцяняці” і “Маленькую краіну”. З хваляваннем чакаў самага ўрачыстага моманту — клятвы і прымацавання акцябрацкай зорачкі. Настаўніца Алена Мікалаеўна Брышчук пажадала нам быць сапраўднымі акцябратамі, выконваць усе іх правілы і паказваць сваімі паводзінамі добры прыклад іншым вучням.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.