Па музычнай лесвіцы поспеху

- 12:23Мінск

МАХІТКА Вольга Мікалаеўна,
настаўніца музыкі сярэдняй школы № 53 Мінска.

В.М.Махітка ў 2000 годзе скончыла Магілёўскае музычнае вучылішча і атрымала кваліфікацыю настаўніка музыкі, сальфеджыа і кіраўніка хору, а ў 2005 годзе скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па спецыяльнасці “Харавое дырыжыраванне”. Мае ступень бакалаўра мастацтваў. Педагагічны стаж — 13 гадоў. “Тысячы свечак можна запаліць ад адной свечкі, і жыццё яе не стане карацейшым. Шчасця не становіцца менш, калі ім дзелішся. Я рада, што магу рабіць гэта кожны дзень…” — педагагічнае крэда Вольгі Мікалаеўны.

Намінацыя “Музыка, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”

Знайсці такія метады і прыёмы работы навучання музычнаму мастацтву, якія зацікавяць дзіця ў свеце гаджэтаў і будуць спрыяць стварэнню ўмоў для развіцця творчых здольнасцей, сацыялізацыі дзіцяці, фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці, — прычына, якая падштурхнула В.М.Махітка да пошуку новых шляхоў навучання і выхавання дзяцей.

Для Вольгі Мікалаеўны і яе вучняў лесвіца поспеху складаецца з трох прыступак.

На першай прыступцы настаўніку важна навучыць дзяцей тэхніцы спеваў (авалоданне акадэмічнай манерай); вывучыць музычную тэрміналогію; спрыяць фарміраванню асацыятыўна-вобразнага мыслення.

Каб голас гучаў свабодна і лёгка, трэба, каб яму нішто не перашкаджала. Для гэтага педагог знаёміць навучэнцаў з пеўчай устаноўкай: у якім становішчы павінен знаходзіцца корпус, як правільна сядзець і стаяць пры спяванні, як правільна трымаць галаву і браць удых. Тут на дапамогу прыходзіць казка. З першых заняткаў настаўнік пераносіць навучэнцаў у чароўнае царства Музыкі, дзе ўсе жыхары — прынцы і прынцэсы. Прыходзячы ў розныя залы палаца, яны трапляюць у цудоўныя светы: свет правільнай пеўчай устаноўкі, свет дыхання, свет гукавядзення, свет дыкцыі і артыкуляцыі.

Каб навучыць чыста інтанаваць мелодыю, В.М.Махітка выкарыстоўвае метад пластычнага інтанавання: суадносячы пластыку сваіх рук і жэстаў педагога, навучэнцы хутчэй прыходзяць да дакладнага інтанавання мелодыі.

У любым класе ёсць такія навучэнцы, якія добра інтануюць, і тыя, хто з цяжкасцю перадае мелодыю. Тут важным з’яўляецца стварэнне для спевакоў усяго класа сітуацыі поспеху, якая прадугледжвае заахвочванне і стымуляванне цікавасці да спявання, веру ў сілы і магчымасці кожнага, што адпавядае прынцыпу развіццёвага навучання (псіхалагічная камфортнасць на ўроку). Для стварэння такіх сітуацый прадугледжаны творчыя заданні: выкананне ролі дырыжора навучэнцамі з абавязковым акцэнтам настаўніка на тым, што клас павінен спяваць па руцэ юнага дырыжора.

Для развіцця дыкцыі і артыкуляцыі настаўнік выкарыстоўвае ў рабоце папеўкі і скорагаворкі, у якіх часта паўтараецца зычны “р”. Навучыць дзяцей спяваць “р” утрыравана — залог выразнай дыкцыі. А прапяванне скорагаворак у розных тэмпах развівае артыкуляцыю.

Выніковым пры навучанні тэхніцы спеваў і музычнай мове з’яўляецца выкарыстанне метаду свабодных асацыяцый: падчас вывучэння тэрміна legato навучэнцам прапаноўваецца даслоўны пераклад — “плаўна”, і далей яны падбіраюць сітуацыі са свайго жыццёвага вопыту, адказваючы на пытанне “Што можна рабіць на legato?” (намазваць варэнне на батон, плаваць, маляваць фарбамі, гладзіць ката, прасаваць, паказваць палёт птушкі). Дзеці, складаючы асацыятыўны рад, вучацца аналізаваць сувязь паміж словамі, у іх развіваецца творчае і лагічнае мысленне, паляпшаецца памяць. Такая работа дазваляе лёгка запамінаць і засвойваць новыя веды.

Для фарміравання ўспрымання музычных твораў і ўключэння навучэнцаў у актыўную практычную дзейнасць на занятках Вольга Мікалаеўна выкарыстоўвае метад эмпатыі і дыдактычны сінквейн. Напрыклад, праслухаўшы “Старую французскую песню” з “Дзіцячага альбома” П.І.Чайкоўскага, навучэнцы пішуць сінквейн: “Дождж… імжыць, заканчваецца… сумны, мінорны, тужлівы… лета скончылася, вельмі шкада… сумна”.

Метад параўнання і супастаўлення спрыяе развіццю ў навучэнцаў назіральнасці, увагі да мастацкіх дэталей канкрэтнага твора і разумення іх функцыі ў агульнай сістэме мастацкага цэлага. Менавіта гэты метад з’яўляецца асноўным на этапе слухання музыкі.

На другой прыступцы лесвіцы поспеху ключавымі задачамі з’яўляюцца ўдасканаленне тэхнікі спеваў (авалоданне эстраднай манерай выканання), вывучэнне стылістыкі выканання музычных (вакальных) твораў (англійская, руская, беларуская).

Фарміраванню новых музычных ведаў пра эстрадную манеру спявання дапамагае выкарыстанне распрацаваных В.М.Махітка апорных знакаў. Яны спрыяюць таму, каб у партытуры або ў тэкстах навучэнцам было лёгка зразумець, які прыём прымяніць для выразнага выканання твора, і вызначыць гэтыя прыёмы на слых пры аналізе музычных твораў. У беларускіх песнях ключавым момантам з’яўляецца правільнае вымаўленне зычных “дз”, “ц”, “с”, у рускіх песнях важнай з’яўляецца работа над вобразам і выразнасцю выканання. Прыгажосць голасу надае вібрата, адпрацоўцы якога педагог удзяляе шмат увагі.

На трэцяй прыступцы лесвіцы адбываецца злучэнне акадэмічнай і эстраднай манеры спявання, рэалізацыя музычных здольнасцей і вакальных кампетэнцый навучэнцаў праз канцэртную і конкурсную дзейнасць. Вакальная работа над характарам, вобразам, штрыхамі, дынамікай, драматургіяй твора з улікам яго стылістычных асаблівасцей дазваляе раскрыць глыбіню душы дзіцяці, яго творчы патэнцыял.

Вынікам 8 гадоў працы В.М.Махітка стаў вакальны калектыў “Глорыя”, які складаецца з хору “Алегрыя”, эстрадных ансамбляў дзяцей розных узростаў, а таксама ўключае сольных выканаўцаў, якія паспяхова абараняюць гонар школы як на рэспубліканскім, так і на міжнародным узроўні.

Рух па лесвіцы поспеху дае свой плён: назіраецца станоўчая дынаміка развіцця музычнай культуры асобы навучэнцаў.