«Па слядах продкаў» прайшлі навучэнцы сярэдняй школы № 36 Гродна

- 17:23Новости, Шестой день

Шасцікласнікаў сярэдняй школы № 36 Гродна аб’яднала ваенна-спартыўная квест-гульня “Па слядах продкаў”. Пра спецыфіку правядзення тэматычных квестаў карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” спытала ў іх ініцыятара Святланы Сігель-Пабяжынай.

Дзень быў напоўнены яркімі эмоцыямі і пазнавальнымі адкрыццямі. Лепшых гульцоў вызначаў шэраг выпрабаванняў. Сярод іх было спаборніцтва ў ведах па гісторыі беларускіх зямель у Сярэднявеччы “Як яно было даўным-даўно”. Спаборнічалі дзеці і ў трапнасці, спрыце і каардынацыі, расшыфроўвалі пасланні, успаміналі гарады-героі і зброю старажытных славян, вызначалі помнікі і скульптуры па іх фрагментах, пабывалі ў ролі стралкоў і разведчыкаў, складалі з літар назвы сучаснай ваеннай тэхнікі, адгадвалі створаныя шыфрам Цэзара загадкі, якія раскрывалі назвы гарадоў-герояў і падводзілі да роздуму пра значнасць Брэсцкай крэпасці. Гульцы паспаборнічалі ў ведах пра славутасці роднага краю падчас конкурсу “Памяць у камені”, праходзілі “Разведку боем”, аказвалі таварышам першую медыцынскую дапамогу ў “Лазарэце”. Эрудыцыю капітанаў каманд і іх веды пра вялікіх палкаводцаў прадэманстраваў “Камандзірскі час”, а ступень з’яднанасці каманд вызначаў фінальны этап “Таемны канверт”. Пераможцаў гульні ўзнагародзілі граматамі.

Ініцыятарамі квеста стала кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Святлана Сігель-Пабяжына, а правесці яго дапамагала настаўніца Айчыннай і сусветнай мастацкай культуры Вольга Бакуновіч.

Фармат гульнявых квестаў палюбіўся навучэнцам школы. Іх Святлана Станіславаўна право­дзіць ужо трэці год для розных класаў, мяняючы тэматыку і заданні. Яна расказвае:

— Я стараюся ставіць разнапланавыя мерапрыемствы, каб дзеці не толькі бегалі і скакалі, але і думалі. І якраз форма гульнявога квеста дапамагае на­даць інтэлектуальны фармат. Так, у мінулым годзе для 7-х класаў я праводзіла квест “Замкі Беларусі”. Адно з заданняў было такім: даваліся ­контуры ­тых рэчаў, якія неабходны былі юнакам і дзяўчатам XVI—XVII стагоддзяў, каб сабрацца на баль. Але сярод контураў касцюмаў, сукенак, веера, дыядэмы і іншых рэчаў былі тыя, якія сюды не падыходзілі, што ўскладняла выпрабаванне. Падчас гульні-квеста для малодшых класаў заданні былі больш простыя. Напрыклад, па малюнку яны спачатку знаходзілі прадметы, якія адносіліся да амуніцыі марака ці пагранічніка, а потым па абрысах элементаў малявалі форму. Калі праводзіўся квест паміж 6-й і 7-й паралелямі, трэба было расставіць выявы зброі ў храналагічным парадку з’яўлення розных яе відаў — лук са стрэ­ламі, рэвальвер, пісталет, гаўбіца, кацюша, стралковы комплекс і інш.

Святлана Сігель-Пабяжына — арганізатар мноства іншых патрыятычных субот для школьнікаў.

— Першая субота кожнага месяца ў нас патрыятычная, і звычайна мы глядзім фільмы ў кінатэатры. Большасць фільмаў глядзім са спіса, рэкамендаванага ў межах рэспубліканскага культурна-патрыятычнага кінамарафону “Глядзі і помні”, але дадаём і іншыя. Так, сярод апошніх фільмаў, якія мы з навучэнцам паглядзелі, — “Салдацік”, “Вірус нацызму”, “Паланэз Агінскага”, “Чорны замак”, “Чалавек ніадкуль”, “Культурны код”, “Птушка Фенікс Аляксея Талая”, мультфільм “Песня Сірын”. Трэцяя субота месяца ў нас прысвечана нейкаму мерапрыемству. Часцей гэта інтэлектуальныя гульні і квесты, але час ад часу мы ездзім на пагранзаставу, дзе вывучаем тэхніку, музейную экспазіцыю заставы, бываем на майстар-класах кінолагаў. Ходзім і на экскурсіі ў музеі. Напрыклад, падчас адной з пешых экскурсій вывучалі гістарычныя мясціны Гродна — ад Каложы да аптэкі-музея, — адзначае Святлана Станіславаўна.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі