Па выніках абласнога этапу прадметнай алімпіяды дыпломамі ўзнагароджаны 465 навучэнцаў Гомельшчыны

- 14:11Образование

Яркай падзеяй для 1058 навучэнцаў Гомельшчыны стаў удзел у абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Інтэлектуальна падкаваныя

Інтэлектуальнае спаборніцтва праводзілася па 18 вучэбных прадметах і праходзіла ў Гомелі, Мазыры і Жлобіне. 1058 адораных хлопчыкаў і дзяўчынак з усёй Гомельскай вобласці правяралі якасць сваіх ведаў на практыцы. Найбольшая колькасць школьнікаў — 134 чалавекі — спаборнічалі ў матэматыцы, 98 разумнікаў і разумніц — у беларускай мове і літаратуры і 94 — у рускай мове і літаратуры. У склад журы ўвайшлі 135 выкладчыкаў устаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і агульнай сярэдняй адукацыі вобласці.

— Па выніках трэцяга этапу рэспуб­ліканскай алімпіяды ўдалося яшчэ раз пераканацца, што адукацыя, якую атрымліва­юць нашы дзеці ў школах, гімназіях, ліцэях, са знакам якасці, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў.

Па выніках абласнога этапу дыпломамі ўзнагароджаны 465 навучэнцаў. Найбольшая колькасць узнагарод уручана прадстаўнікам Савецкага раёна Гомеля (68), Жлобінскага раёна (58). Высокіх вынікаў дасягнулі навучэнцы гімназіі № 51 Гомеля, якія заваявалі 31 дыплом, і гімназіі № 14 Гомеля (у іх скарбонцы 23 дыпломы). Сярод гарадскіх школ па колькасці атрыманых узнагарод лідзіруюць сярэдняя школа № 10 Жлобіна, навучэнцы якой удастоены 11 дыпломаў, а таксама сярэдняя школа № 13 Жлобіна імя В.У.Гузава (10 дыпломаў) і сярэдняя школа № 16 Мазыра (8 дыпломаў).

Дарэчы, у ліку прызёраў — 25 навучэнцаў сельскіх школ. Узнагароджаны таксама 8 навучэнцаў, якія займаюцца ў Цэнтры юных пажарных Мазыра.

Больш за 200 чалавек правераць свае веды на рэспубліканскім этапе алімпіяды па 18 вучэбных прадметах. На базе ўстаноў адукацыі Гомеля адбудзецца заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, фізіцы, астраноміі, у Жлобіне — па працоўным навучанні.

Прафесійны падыход

— У абласной алімпіядзе па біялогіі прымалі ўдзел навучэнцы 9—11 класаў, якія паспяхова прайшлі ўсе папярэднія туры, — гаворыць старшыня журы алімпіяды па біялогіі дацэнт кафедры біялогіі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны Андрэй Гулакоў. — Таксама праверыць свае сілы ў алімпіядным руху змаглі некалькі навучэнцаў 8 класа. Да трэцяга этапу былі дапушчаны 75 чалавек. На жаль, 2 захварэлі і не змаглі пазмагацца за перамогу ў алімпіядзе. У 9—10 класах былі прадстаўлены заданні па батаніцы, заалогіі, анатоміі, у 11-м — па генетыцы, заалогіі, экалогіі, батаніцы. Тэарэтычны тур уключаў у сябе пытанні амаль па ўсіх раздзелах біялогіі.

У алімпіядзе па біялогіі ў склад журы ўвайшлі 8 чалавек — прадстаўнікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны і Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Яны стараліся ацаніць прадстаўленыя работы добрасумленна і прынцыпова. Зрабілі ўсё, каб вы­я­віць таленавітых дзяцей, якія змогуць прадставіць нашу вобласць на заключным этапе інтэлектуальнага спаборніцтва.

Па выніках алімпіяды вызначаны 32 пераможцы, 6 з якіх узнагароджаны дыпломамі I ступенi.

Уладальнікамі дыпломаў I ступені па біялогіі сталі навучэнкі сярэдняй школы № 5 Рагачова Марына Шпакава, гімназіі № 46 Гомеля імя Блеза Паскаля Мілана Пількевіч, сярэдняй школы № 9 Гомеля Настасся Вага, сярэдняй школы № 12 Светлагорска Таццяна Петухова, навучэнцы Рэчыцкай раённай гімназіі імя В.Ф.Маргелава Уладзіслаў Тарабей і сярэдняй школы № 14 Мазыра Давід Рудзько.

У тандэме “педагог — вучань”

Дыпламанты абласнога этапу не па чутках ведаюць, якой цаной заваёўваецца перамога. Штодзённая карпатлівая праца — галоўная ўмова поспеху, якая прывяла разумнікаў і разумніц да трыумфу ў алімпіядным руху. У нейкай ступені алімпіяднікі як спартсмены — умеюць змагацца і перамагаць.

Уладальнік дыплома I ступені навучэнец Рэчыцкай раённай гімназіі імя В.Ф.Маргелава Уладзіслаў Тарабей упершыню стаў удзельнікам алімпіяды і адразу атрымаў “золата”. Педагогі гавораць аб юнаку як аб мэтанакіраваным, працавітым, рознабакова развітым вучню. Як ён сам прызнаецца, на спаборніцтве не хваляваўся, бо гэта лішняе.

— Да 11 класа не ўдзельнічаў у алімпіядах і скажу, што пачынаць ніколі не позна, — упэўнены Уладзіслаў Тарабей. — Дастаткова шмат часу даводзілася траціць на падрыхтоўку — больш за 10 гадзін у дзень.

Каб дасягнуць інтэлектуальнай вяршыні, Уладзіславу прыйшлося штудзіраваць не толькі школьныя падручнікі, але і дадатковую літаратуру па біялогіі.

— Інфармацыю чэрпаю не толькі ў школьных падручніках, але і ў розных вучэбных дапаможніках больш высокага ўзроўню, — працягвае ён. — Напрыклад, вывучаю біялогію па выданні ў трох тамах пад аўтарствам Д.Тэйлара, Н.Грына, У.Стаўта. Гэта адно з самых поўных і аўтарытэтных выданняў па агульнай біялогіі, створанае вядучымі навукоўцамі з розных краін. Яго змест адлюстроўвае апошнія даныя сучаснай навукі. Таксама слухаю і праглядаю лекцыі выкладчыкаў і прафесараў на YouTube. Успрымаю інфармацыю і на слых, і зрокава, але асабіста мне лепш адзін раз убачыць.

Любоў да прадмета, да шматграннасці прыроды і багацця навакольнага свету Ула­дзіславу прывіла настаўніца біялогіі Вольга Тараховіч. Менавіта Вольга Уладзіміраўна падабрала ключык да вучня, матывавала яго на ўдзел у алімпіядным руху.

— За што я ёй вельмі ўдзячны! — перапаўняюць шчырыя эмоцыі вучня. — Педагог падштурхнула мяне да ўдзелу ў алімпія­дзе — гэта праўда. Яна заўсёды дапамагала і зараз працягвае гэта рабіць, увесь свой час і сілы прысвячае маёй падрыхтоўцы. Вольга Уладзіміраўна — сапраўдны прафесіянал, яна пастаянна развіваецца ў сферы адукацыі, не стаіць на месцы, і за такім педагогам хочацца ісці да дасягнення мэты.

Што да ўдзелу ў трэцім этапе алімпіяды, то, лічу, да перамогі мяне прывялі мэтанакіраванасць, стараннасць, веды і пэўны працэнт спадарожнага поспеху. Цяпер я максімальна засяроджаны і раблю ўсё, каб дасягнуць высокага выніку і на рэспубліцы. Дарэчы, у далейшым планую пасту­паць у медыцынскі ўніверсітэт, магчыма, стану доктарам.

Арыенцір на поспех

Яшчэ адна пераможца абласнога этапу алімпіяды па біялогіі — дзевяцікласніца Марына Шпакава з сярэдняй школы № 5 Рагачова. Яна дасягнула такога выніку дзякуючы свайму таленту, розуму і штодзённай працы. Вярнуцца ў родную школу з выдатным вынікам ёй дапамаглі моцныя веды па прадмеце, а таксама зладжаная работа ў тандэме з настаўніцай біялогіі Святланай Сатаравай. Дзяўчына ўдзячна педагогу за дапамогу на ўроках, пры падрыхтоўцы да алімпіяды і падтрымку. Яна прызнаецца, што гэтая перамога значная ў яе скарбонцы ўзнагарод, і падкрэслівае: у любой справе трэба матываваць сябе на поспех, старанна займацца. Паглыблена вывучаць біялогію школьніца пачала пад кіраўніцтвам Святланы Мікалаеўны, якая разглядзела талент і патэнцыял у школьніцы. Як вынік — першы яе ўдзел у алімпіядзе ў 8 класе прывёў адразу да дыплома І ступені на абласным этапе. Сёлета дзевяцікласніца паўтарыла трыумф, стаўшы ўладальніцай запаветнага дыплома.

Праславіла 5-ю школу Рагачова яшчэ адна яе навучэнка — дзесяцікласніца Аліна Фралова, якая таксама дасягнула поспеху ў алімпіядным руху па біялогіі: дзяўчына ўзнагароджана дыпломам III ступені. Падрыхтавацца і на высокім узроўні прайсці сур’ёзнае выпрабаванне Аліне дапамагла настаўніца біялогіі Алена Юр’еўна Парфёнава.

Кожны дыпламант трэцяга этапу алімпіяды, безумоўна, ішоў да перамогі мэтанакіравана, прыкладаючы нямала сіл, цярпення і часу, каб стаць адным з лепшых навучэнцаў Гомельшчыны. Безумоўна, важная роля ў дасягненнях кожнага вучня належыць педагогам, якія на працягу доўгага часу прыходзілі на дапамогу і накіроўвалі сваіх выхаванцаў. І самае галоўнае — верылі ў іх поспех, натхнялі на яркія падзеі ў школьным жыцці.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота з архіва герояў