Па выніках ЦЭ 8 вучняў Брэстчыны атрымалі па два стабальныя вынікі

- 15:12Новости

Па выніках сёлетняга цэнтралізаванага экзамену 8 вучняў Брэстчыны атрымалі па два стабальныя вынікі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— У гэтым годзе на рахунку выпускнікоў вобласці 163 стабальныя сертыфікаты па ЦЭ, што, на жаль, менш, чым летась, — расказала начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Наталля Каліноўская. — Найбольшая колькасць стабальнікаў у Пінску (25), Баранавічах (25), Маскоўскім раёне Брэста (24), Лунінецкім (12), Івацэвіцкім (11) і Кобрынскім (11) раёнах. Гэта вынік адказнай, сістэмнай і карпатлівай працы педагогаў, за што ім вялікі дзякуй.

Асаблівы гонар — вучні, якія паказалі на ЦЭ адразу два стабальныя вынікі: Ксенія Аўрамчук з Высокаўскай сярэдняй школы імя М.М.Рудзенкі Камянецкага раёна (грамадазнаўства, рус­кая мова), Валерыя Аўрусевіч і Настасся Брыль з сярэдняй школы № 3 Івацэвіч (руская мова, матэматыка; беларус­кая мова, грамадазнаўства), Мікіта Басалай з сярэдняй школы № 4 Івацэвіч (руская мова, біялогія), Кацярына Зубрыцкая з гімназіі № 2 Брэста (руская мова, матэматыка), Андрэй Літвіновіч з сярэдняй школы № 9 Коб­рына (руская мова, матэматыка), Настасся Моргаль з сярэдняй школы № 3 Белаазёрска (гісторыя Беларусі, беларуская мова) і Ганна Трэццяк з гімназіі Драгічына (руская мова, англійская мова). Гэтыя выпускнікі ўласным прыкладам паказалі, як дзякуючы працавітасці, мэтанакіраванасці, стараннасці і ўседлівасці можна дабіцца высокіх вынікаў у вучобе.  

Для выпускніцы гімназіі № 2 Брэста Кацярыны Зуб­рыцкай атрыманыя вынікі аказаліся крыху нечаканымі, бо дзяўчына, нягледзячы на грунтоўную падрыхтоўку, не была да канца ўпэўнена ва ўласных сілах з-за моцнага хвалявання.

— Заданні, прапанаваныя на цэнтралізаваным экзамене па рускай мове і матэматыцы, асаблівых цяжкасцей не выклікалі, — прызналася ўчарашняя адзінаццацікласніца. — Школьных ведаў для іх выканання дастаткова, калі, канечне, адносіцца да вучобы належным чынам.

Рыхтавацца да ЦЭ Кацярына пачала яшчэ ў 10 класе на факультатывах і ў профільных лагерах. Акрамя таго, займалася штодзень і сама па некалькі гадзін. Дапамагалі дзяўчыне ў падрыхтоўцы да ЦЭ настаўніца рускай мовы і літаратуры Таццяна Ляшкевіч і настаўніца матэматыкі Ірына Мартынюк, за што Кацярына ім вельмі ўдзячна, як і настаўніцы фізікі Ірыне Леванчук, якая рыхтавала яе да цэнтралізаванага тэсціравання. У доб­рых выніках па ім дзяўчына не сумняваецца. Сваю прафесійную будучыню выпускніца звязвае з інфармацыйнымі тэхналогіямі: плануе паступаць у БрДТУ ці БДУІР, каб стаць інжынерам-праграмістам.

Ганна Трэццяк з гімназіі Драгічына

— Сёлета атэстаты сталасці атрымалі 9800 выпускнікоў, што на 600 больш, чым летась, — працягвае Наталля Каліноўская. — На рахунку ўчарашніх адзінаццацікласнікаў 771 залаты і 48 сярэбраных медалёў. 30 выпускнікоў — пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, 151 — пераможца абласнога этапу. 422 школьнікі вучыліся ў педагагічных класах, 206 — у аграрных, 279 — у ваенна-патрыятычных. Па выніках універсітэцкіх алімпіяд ва ўстановы вышэйшай адукацыі вобласці могуць быць залічаны 96 выпускнікоў: 39 — у БрДУ імя А.С.Пушкіна, 22 — у БрДТУ, 10 — у БарДУ, 25 — у ПалесДУ. Што да колішніх дзевяцікласнікаў (16 880), то больш за 30% з іх працягнуць навучанне ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ