На працягу амаль усяго жніўня ў сталічнай мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” дэманстравалася І Міжнародная выстава пясочнай графікі “Па-за часам”. Мінск стаў 25-м горадам-прыпынкам на доўгім шляху праекта “Па-за часам”, які пачаўся ў Барнауле ў 2015 годзе і аб’яднаў 38 мастакоў-пескаграфікаў з розных краін свету. Плануецца, што гэтая перасовачная выстава аб’едзе 34 гарады Беларусі, Літвы, Малдовы, Расіі і Украіны. Дарэчы, літаральна днямі яна выправілася з Мінска ў Вільнюс.
Праект “Па-за часам” упершыню ў Беларусі прадэманстраваў рэальныя магчымасці пескаграфікі і падарыў айчынным аматарам мастацтва незабыўныя моманты жывых пясочных перформансаў. Асабліва насычаная праграма падчас экспанавання выставы чакала дзяцей — з майстар-класамі па пясочнай анімацыі, паказамі спектакляў, канцэртамі і прэзентацыямі дзіцячых кніг. Дзецям, якія па тых ці іншых прычынах засталіся ў жніўні на канікулах у спякотным і пыльным Мінску, як ні дзіўна, пашанцавала, магчыма, нават больш, чым іх аднагодкам, якія адпачывалі ў гэты час за горадам. Наглытаўшыся гарадскога пылу на сталічных вуліцах, яны тым не менш мелі магчымасць кампенсаваць гэтую нязручнасць асалодай ад сузірання мастацкіх вобразаў, увасобленых у іншай “пыльнай” субстанцыі — пяску, з дапамогай якога ствараецца мастацтва пескаграфікі. І, што не менш важна, паспрабаваць сябе ў якасці пясочных мастакоў.
Пра асаблівасці і гісторыю пясочнага мастацтва, творчае жыццё і побыт мастакоў-пескаграфікаў, іх клопаты і надзеі гутарым з вядомым айчынным пясочным графікам, удзельніцай шматлікіх міжнародных фестываляў пясочнага мастацтва, адным з куратараў выставы “Па-за часам” Вольгай РАДЗЕЦКАЙ.
— Вольга, вы прадстаўляеце такую дастаткова новую для нашых культурніцкіх рэалій мастацкую з’яву, як пескаграфіка. Як бы вы самі патлумачылі нашым чытачам, што гэта такое?
— Пескаграфіка — гэта хутчэй прыдуманае ў Беларусі слова. Ні ў Расіі, ні ва Украіне, ні ў Еўропе, бадай, не сустрэнеш такога слова. Там гавораць пра пясочную анімацыю, сыпкую анімацыю, тэхніку парашку або проста пясочнае мастацтва, паколькі гэтае паняцце першапачаткова ўзнікла менавіта ў англійскім варыянце — sand art. Пачынальнікам гэтага віду мастацтва лічыцца канадска-амерыканскі рэжысёр-мультыплікатар Кэралайн Ліф, якая ў 1969 годзе на публіцы намалявала пяском сюжэт “Пясок, або Пітэр і Воўк”. Гэта якраз і была свайго кшталту пясочная анімацыя. А менавіта пескаграфіка — зафіксаваныя выявы, якія стварае пясочны мультыплікатар, — з’явілася дзякуючы новым тэхнічным магчымасцям зрабіць якасны стоп-кадр, зафіксаваць канчатковы вынік працэсу малявання пяском. Многія, дарэчы, думаюць, што гэта вокамгненны працэс, раз-два — і гатова. Але гэта не так. Стварэнне пясочнага малюнка можа доўжыцца і дзень, і два — у залежнасці ад яго складанасці, колькасці колераў пяску і г.д.
— Мабыць, і назва выставы пясочнай графікі “Па-за часам” тлумачыцца менавіта тым, што вы хацелі акцэнтаваць гэты момант стоп-кадра? Маўляў, вось паглядзіце, якое недаўгавечнае пясочнае мастацтва, мастак зрабіў на пяску адну карцінку і тут жа на вачах у зачараваных гледачоў ператварае яе ў другую, трэцюю, чацвёртую… Гэтыя карцінкі існуюць толькі ў гэты момант і толькі тут, але ў стоп-кадры яны па-за часам.
— Ды не… Мы не хацелі акцэнтаваць менавіта гэты момант. Наогул, мы вельмі доўга думалі над назвай, было шмат варыянтаў, але ўрэшце прыйшлі да пэўных філасофскіх разваг пра сам матэрыял, з якім працуем. Пясок існуе многа-многа мільёнаў гадоў. І вось гэтыя пясчынкі, якія мы бяром у рукі і якімі малюем, магчыма, бачылі яшчэ дыназаўраў. Ва ўсякім разе вызначыць час узнікнення таго канкрэтнага пяску, з якім працуе пескаграфік, вельмі складана. Гэта не фарбы, на якіх пазначана дата выпуску. Акрамя таго, тое, што мы ствараем пяском, адлюстроўваюць, як правіла, нашы адчуванні, эмоцыі, перажыванні, каштоўнасці. А яны таксама па-за часам. І, нарэшце, назвай “Па-за часам” мы хацелі падкрэсліць тое, што пескаграфіку трэба ўспрымаць як самастойны від мастацтва, які мае права існаваць нароўні з выяўленчым мастацтвам, музыкай, харэаграфіяй, тэатрам, літаратурай… Іншымі словамі, гэта таксама сапраўднае мастацтва. А сапраўднае мастацтва заўсёды знаходзіцца недзе па-за часам.
— Чаго, на ваш погляд, больш у самім працэсе стварэння малюнкаў на пяску? Нейкага шоу, перформанса, як мы гэта бачылі ў вашым выкананні на адкрыцці выставы “Па-за часам”? Або ўсё-такі, так бы мовіць, чыстага мастацтва, уласна самога малявання, што зноў жа вы яскрава прадэманстравалі? Ці тут і адно, і другое суіснуюць у гармоніі?
— Безумоўна, без гармоніі тут не абысціся. Трэба ўмець і маляваць, і арыгінальна падаць гэты працэс гледачу… І ўсё ж, мабыць, найперш трэба ўмець маляваць, адчуваць і разумець вобразнасць мастацтва. А ўласна перформанс з пяском упершыню з’явіўся ў Венгрыі. Аўтарам яго быў венгерскі мастак-аніматар Ферэнц Цака (сёння ён ужо ў шаноўным узросце, але па-ранейшаму актыўна займаецца пясочнай анімацыяй, выступае са сваімі пясочнымі шоу). Яго першы перформанс з пяском называўся “Стварэнне свету”. Там быў надзвычай дынамічны сюжэт, суцэльныя трансфармацыі: клеткі ператвараліся ў жывыя арганізмы, адны жывёлы ператвараліся ў іншых і г.д. Яго выступленне тады выклікала сапраўдны фурор у мастацкіх і кінематаграфічных колах, яго адразу запрасілі выступіць на цырымонію ўручэння “Оскар” у Лос-Анджэлесе. Натуральна, калі шматмільённая аўдыторыя ўбачыла па тэлевізары шоу Цака, многім захацелася паспрабаваць сябе ў гэтым жанры.
— Каго яшчэ з сусветна вядомых пясочных мастакоў вы маглі б прыгадаць?
— Шмат каго. Напрыклад, ізраільскую мастачку Ілану Яхаў, якая стварае шматмерныя шэдэўры з пяску, святла і музыкі. Разам са сваімі музыкантамі яна часта ладзіць шоу ў старажытнай Кесарыі, у яе вельмі музычная сям’я, яе жывыя пясочныя гісторыі ўжо проста не ўяўляюцца без музыкі. Музыка ў яе шоу, мусіць, адыгрывае такую ж галоўную ролю, як і ўласна самі маніпуляцыі з пяском.
Абавязкова трэба згадаць і пра выдатнага маскоўскага пескаграфіка Артура Кірылава, які шмат увагі ўдзяляе ўласцівасцям самога матэрыялу. Ён нават вынайшаў такі тэрмін, як пясочнасць. Галоўнае для яго тое, каб пясок не страціў сваёй пясочнасці. І таму, удзельнічаючы ў журы розных міжнародных пескаграфічных конкурсаў, ён глядзіць менавіта на гэта — ніколі не аддасць свой голас нават за філігранна намаляваную работу, але калі гэтак жа можна было б намаляваць і іншым матэрыялам. Яго творчае крэда: трэба маляваць так, як можна маляваць толькі пяском.
Наогул, я, шчыра кажучы, стараюся ўважліва сачыць за творчасцю сваіх калег і тут, у Беларусі, і за мяжой. Мне гэта вельмі цікава, таму што кожны яркі мастак працуе менавіта ў сваёй аўтарскай тэхніцы, аўтарскім стылі. Іншы раз можа нават падацца, што іх знаходкі ляжаць недзе на паверхні, але глядзіш на тое, як яны працуюць, — і ўсё адно не перастаеш здзіўляцца іх майстэрству і вынаходніцтву! Ферэнц Цака, Артур Кірылаў, Ілана Яхаў — гэта ўсё, я лічу, геніі пясочнай трансфармацыі. Мы, беларускія пескаграфікі, магчыма, ужо і дасягнулі пэўных вышынь у плане тэхнікі, але да нейкіх філасофскіх глыбінь, якія адкрываюць нам іх творы, пакуль усё-такі не дацягваем. Мы пакуль што расцём… (Усміхаецца. — М.Ч.)
— Вы асабіста знаёмы з гэтымі заканадаўцамі моды ў пескаграфіцы, напрыклад, з тым жа Ферэнцам Цакам? Магчыма, кантакцуеце праз інтэрнэт?
— Ферэнцу я пісала праз інтэрнэт, і мне было вельмі прыемна, што ён адрэагаваў. Пасля гэтага я ездзіла ў Венгрыю, праўда, сустрэцца з ім у Будапешце тады не давялося, бо ён быў у іншым венгерскім горадзе, дзе прэзентаваў выставу сваіх жывапісных твораў.
— Згаданыя вамі геніі трансфармацыі дастаткова шырока прадстаўлены ў сусветнай павуціне, прычым у інтэрнэце можна знайсці як фотаздымкі іх твораў, гэтыя самыя якасныя стоп-кадры, пра якія вы гаварылі вышэй, так і відэаролікі іх перформансаў. Як вы думаеце, што для іх больш важна паказаць шырокаму гледачу?
— Далібог, мне цяжка за іх адказваць. Магчыма, для кожнага сваё.
— А для вас асабіста?
— Напэўна, усё-такі больш важны сам працэс стварэння малюнка пяском. Хоць, ведаеце, тут проста стаяць розныя задачы. Напрыклад, у рамках нашага аб’яднання пясочных мастакоў Sand Active мы штомесяц у віртуале праводзім так званыя сэнд-батлы — іншымі словамі, конкурсы, на якіх мастакі прадстаўляюць свае пясочныя выявы. І тады, безумоўна, шмат сіл ты аддаеш менавіта самой графіцы, паколькі ў стоп-кадры ты павінен раскрыць зададзеную тэму, ды яшчэ так, каб усіх здзівіць і зместам, і пясочнасцю. А відэаролікі найперш дэманструюць тваю тэхніку. Як правіла, спачатку здымаецца шмат гадзін відэаматэрыялу, з якога потым атрымліваецца 3—5 хвілін уласна самога відэароліка.
— Калі я назіраў за вашым перформансам на адкрыцці выставы “Па-за часам”, мне падумалася, што ў творчасці пясочных графікаў ёсць пэўнае падабенства са стварэннем акварэльнага жывапісу з яго расплывістасцю акварэльных фарбаў, лёгкай зменлівасцю малюнка, рознага кшталту трансфармацыямі. А вашы грацыёзныя рухі мне нават у нечым нагадалі рухі балерын на сцэне…
— У сваёй супольнасці мы найперш гаворым усё ж пра графіку. Але вы вось успомнілі слова “жывапіс” — і мне гэта як бальзам на сэрца! Я абавязкова напішу ўдзельнікам выставы, што ў Беларусі нашы творы назвалі жывапісам! І наконт параўнання з балетам таксама вялікі дзякуй. Выступленне пясочнага мастака на публіцы і павінна быць жывым, грацыёзным і дынамічным адначасова. Я памятаю, як аднойчы на нейкім фестывалі адной з мастачак зрабілі такі антыкамплімент, маўляў, яна працуе з пяском, як быццам робіць аперацыю на сэрцы, такая ўся засяроджаная і напружаная. Так не павінна быць. Пясочны мастак, які працуе на публіцы, акрамя ўсяго іншага, мусіць быць артыстам.
— Сёння, Вольга, вы адзін з самых вядомых у нашай краіне пясочных мастакоў. Як і з чаго пачынаўся ваш шлях у гэтае мастацтва?
— Колькі памятаю сябе, заўсёды малявала. І ў самым раннім дзяцінстве, і калі вучылася ў школе… Вельмі любіла назіраць за вулічнымі мастакамі. Але вучыцца ў мастацкай школе не давялося, можа, таму я і малявала вельмі смела. Потым быў дастаткова вялікі перапынак у маіх занятках маляваннем, калі вучылася ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце (мне хацелася паступаць у ВНУ творчага профілю, але бацькі настойвалі на наргасе, маўляў, мастак — гэта не прафесія), і цяпер, дарэчы, працую па сваёй эканамічнай спецыяльнасці. Але неяк падсвядома свет мастацкай творчасці мяне ніколі не адпускаў. Магчыма, гэтая цяга была на генным узроўні: сярод маіх сваякоў ёсць прафесійны мастак, ювелір, паэт… Пэўны час пасля ўніверсітэта я працавала ў адной кампаніі, дзе даводзілася шчыльна кантактаваць з дызайнерамі і архітэктарамі, што таксама наклала свой адбітак. А потым надышоў момант, калі я адчула, што для душы трэба ўсё ж знайсці нейкае канкрэтнае захапленне, што міне яшчэ колькі часу і, калі я не знайду гэты занятак, выбару больш не будзе, з тым, што ёсць, я ўжо і застануся. Я спрабавала займацца рознымі відамі творчасці, напрыклад, валеннем, але разумела, што гэта не маё. Урэшце мне пашчасціла пазнаёміцца з брэсцкім пясочным мастаком Аленай Чавусавай, якая паказала мне асноўныя прыёмы пескаграфіі, дала мне сапраўдны творчы штуршок. Я добра памятаю першае практычнае заданне ад Алены (дарэчы, мы з ёй сябруем і да гэтага часу): яна папрасіла мяне адлюстраваць пяском свой душэўны стан у той момант. Я тады чамусьці выявіла сябе на мастку паміж дзвюх гор, я пераходзіла па ім ад адной гары да іншай. І тая, другая, гара была вышэйшая за першую, я ішла да чагосьці новага і нязведанага… Паглядзеўшы на той малюнак, Алена тут жа сказала: “Ну вось, усё зразумела, да чаго ты рухаешся. Працуй. Цяпер усё залежыць толькі ад цябе”. Фотаздымак той работы, дарэчы, я захавала, сфатаграфавала мабільнікам. Яна, як і наогул усе першыя мае работы, мне сёння, безумоўна, здаецца наіўнай, але ж усе з нечага пачынаюць. Майстэрства прыходзіць толькі з вопытам. Я займаюся пескаграфікай ужо чатыры гады.
— Сёння маляванне пяском у нашай краіне ўжо не назавеш вельмі рэдкай з’явай, як гэта было яшчэ якіх дзесяць гадоў назад. Існуюць адпаведныя студыі ў школах і цэнтрах творчасці дзяцей і моладзі, пясочнай анімацыяй ахвотна займаюцца студэнты і навучэнцы, у чым мне даводзілася неаднойчы пераконвацца падчас фестывалю “АРТ-вакацыі”. Шмат пішуць і кажуць пра адмысловы тэрапеўтычны эфект малявання пяском, асабліва што тычыцца дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці. З якога ўзросту, на вашу думку, можна далучаць дзяцей да гэтага занятку?
— Мае знаёмыя, якія займаюцца маляваннем пяском з дзецьмі, лічаць, што можна пачынаць ужо з двух — двух з паловай гадоў. І ў першую чаргу яны эксперыментуюць з уласнымі дзецьмі, разумеючы, што гэта развівае дробную маторыку, стымулюе ўяўленне і мысленне, паляпшае маўленне і г.д. І пераважнай большасці маленькіх дзетак маляванне пяском сапраўды вельмі падабаецца. Але не ўсім. Нават тут, на выставе, калі я праводзіла з дзецьмі майстар-класы, знаходзіліся дзеці, якія пасля заняткаў адразу пачыналі атрасаць ад пяску рукі. Такое вось непрыманне матэрыялу нават на тактыльным узроўні…
— Вы гаварылі, што майстэрства ў сэнд-арце прыходзіць толькі з вопытам. А наколькі ўсё ж разнастайныя прыёмы існуюць у гэтым мастацтве?
— Ёсць, безумоўна, асноўныя прыёмы, якімі трэба авалодаць. Але яны могуць вар’іравацца ў залежнасці ад аўтара. Мне, напрыклад, падчас малявання пяском нязручна трымаць руку так, як трымае Артур Кірылаў. А ўвогуле, усё нараджаецца ў працэсе, нават тыя ж аўтарскія прыёмы: ты спрабуеш, спрабуеш і, як правіла, прыходзіш да нечага свайго. Часам мы нешта прыдумваем і нават даём уласныя назвы таму, што прыдумваем. Напрыклад, ёсць такая мастачка Алёна Войнава, родам з Адэсы, цяпер жыве ў Берліне, дзе працуе ў тэатры пяску. У свой час яна выдала кнігу “Пясочная анімацыя” — гэта фактычна першае выданне (багата аздобленае ілюстрацыямі і падрабязнымі апісаннямі прыёмаў пясочнай анімацыі), якое наглядна вучыць мастацтву сэнд-арту. Я таксама па ёй вучылася. Але цяпер разумею, што бадай што кожны пясочны мастак можа сесці і напісаць сваю такую кнігу.
— Вы самі не спрабавалі?
— Пакуль што не, хоць прапановы такія былі. Аднойчы на фестывалі пясочнай анімацыі ў Санкт-Пецярбургу я праводзіла майстар-клас для дарослых з абмежаванымі магчымасцямі, псіхолагаў, якія працуюць з такімі ж, як і самі, хворымі дзецьмі. І пасля майстар-класа ў мяне папрасілі методыку, напэўна, заўважыўшы, што сярод маіх прыёмаў ёсць тыя, якія могуць быць дзейснымі ў рабоце з людзьмі з абмежаванымі рухальнымі магчымасцямі. Адзін псіхолаг мне тады прызналася, што ёй упершыню ўдалося стварыць якасную выяву, кіруючыся менавіта маімі падказкамі і прыёмамі. На жаль, аформленай пісьмовай методыкі ў мяне тады не было, як няма і да гэтага часу. Але на будучыню ў мяне ёсць такія планы…
— А з дзецьмі маляваннем пяском вам раней даводзілася займацца?
— Некалі я нават вяла дзіцячую студыю. Праўда, яе прыйшлося закрыць, бо мне проста фізічна было вельмі цяжка адной адначасова весці студыю, удзельнічаць у анімацыйных паказах ды яшчэ зарабляць на жыццё на асноўным месцы працы. Дарэчы, тая студыя нават не акупілася.
Быў у мяне яшчэ вопыт работы з хворымі на ДЦП дзеткамі, пацыентамі Навінак. Гэта быў вельмі горкі, вельмі цяжкі для мяне вопыт. Напэўна, я тады проста маральна не была гатова займацца з такімі дзецьмі. Мне было бясконца іх шкада, і пры гэтым я адчувала сваю бездапаможнасць. Я не магла ні спаць, ні маляваць, ні думаць пра што-небудзь іншае, акрамя гаротнага лёсу тых дзяцей…
— Дазвольце на хвілінку пераключыцца на рэчы прыземленыя. Ці шмат матэрыяльных выдаткаў вымагае пясочная анімацыя? І ці лёгка набыць неабходныя для малявання пяском інструменты? Тут жа не абысціся без стала з пражэктарам, экрана, на якім дэманструецца выява, спецыяльнага пяску, камеры, якая здымае працэс, і г.д.
— Яшчэ чатыры гады назад, калі я брала першыя ўрокі ў Алены Чавусавай, сітуацыя з усім гэтым была не вельмі радаснай. Нават сама Алена ўсё абсталяванне майстравала з падручных матэрыялаў: звычайнай скрыні, куды ўстаўляла пражэктар, аргшкла… У сябе дома я прыстасавала для малявання пяском шкляны стол, пад якім ставіла пражэктар. Праз нейкі час на персанальным сайце Артура Кірылава з’явілася падрабязная інструкцыя, у якой паэтапна распісваўся працэс стварэння светлавога стала для пясочнай анімацыі. Разам з калегамі мы і зрабілі стол па гэтай інструкцыі, але ён праіснаваў нядоўга, бо быў вельмі цяжкім і грувасткім і аднойчы не перажыў перавозку. Потым быў яшчэ адзін стол, які мы ўжо зрабілі, так бы мовіць, пад сябе, што тычыцца памераў, вышыні бартоў (каб пясок не вылятаў на гледачоў) і іншых параметраў. Сёння набыццё спецыяльнага абсталявання для заняткаў пясочнай анімацыяй не праблема. Добрыя светлавыя сталы робяць у Белгарадзе, Санкт-Пецярбургу, у Латвіі. Ёсць, здаецца, ужо і ў нас фірмы, якія робяць светлавыя сталы пад заказ. Абы былі грошы. Кошт такога абсталявання не маленькі, хоць сёння гэта ўжо не такія неймаверныя грошы, як раней.
Вы яшчэ пыталіся пра пясок. Я пачынала з пяску, які мы з Аленай Чавусавай самі капалі пад Брэстам. Там ішла нейкая будоўля, і мы бралі адтуль добры такі пясочак, мылі яго, прасейвалі, абпальвалі ў духоўцы, каб не было розных кузурак… Я малявала тым брэсцкім пясочкам каля двух гадоў. Мне, дарэчы, найбольш і падабаецца шаўковы паслухмяны пясок, як той, брэсцкі. А некаторыя мастакі, наадварот, аддаюць перавагу буйной фракцыі, напрыклад, балтыйскаму пяску.
— Ці папулярнае сёння пясочнае мастацтва ў свеце, ці прэстыжна гэтым займацца ў мастакоўскай супольнасці? І ці можна ў сэнд-арце зрабіць сабе імя, зарабіць на гэтым вялікія грошы?
— Адказы на гэтыя пытанні будуць станоўчыя, а імёны Ферэнца Цака, Артура Кірылава, Іланы Яхаў, якіх я згадвала, гавораць самі за сябе. Невялікая загваздка ўзнікае толькі ў сувязі з папулярнасцю сэнд-арту. Нядаўна мы перажылі сапраўдны бум пясочнага малявання: усе гэтыя танныя пясочныя шоу на канцэртах, вяселлях, карпаратывах і г.д. Гэта ўсё, безумоўна, добра, але адваротны бок медаля такой папулярнасці заключаўся ў тым, што ўзровень малявання пяском быў, мякка кажучы, нізкі. Кожны, хто нешта рабіў з пяском на светлавым стале, лічыў сябе пясочным мастаком. Мала што памянялася ў гэтым сэнсе і сёння, але цяпер мы, мастакі-пескаграфікі, у прыватнасці, сябры суполкі Sand Active, адну з асноўных сваіх задач бачым у выхаванні эстэтычнага густу нашага гледача, каб ён адрозніваў сапраўднае ад аматарскага і кітчавага. Таму мы і ладзім такія выставы, як “Па-за часам”, імкнёмся ўдзельнічаць у міжнародных пясочных фестывалях, наладжваць кантакты з замежнымі калегамі — менавіта каб паказваць людзям узровень, дэманстраваць ім неабмежаваныя магчымасці сэнд-арту. І, вы ведаеце, нам насамрэч удаецца знаходзіць удзячных і ўдумлівых гледачоў. Калі ты робіш нешта сапраўднае ад душы, такія гледачы неяк самі знаходзяцца. І яны цябе разумеюць, няхай нават па-свойму, а не так, як ты чакаў. Тым больш што пясок — гэта вельмі непрадказальны матэрыял. Ты можаш маляваць нейкія прыдуманыя загадзя вобразы, а пясок можа так упасці на шкло, што з’явіцца нейкі зусім іншы вобраз, табой зусім не запланаваны. І тады ўжо цалкам мяняецца сэнс твайго малюнка, які апынаецца як бы і па-за часам, і па-за светам… Вось гэты момант, можа быць, і ёсць самы цікавы ў пясочным мастацтве.
— І апошняе пытанне, Вольга. Ці можна гаварыць, што пясочная анімацыя — гэта мастацтва пад знакам рэлаксу, душэўнага супакаення, пагружанасці ў нірвану? Прынамсі, і ваша выступленне на адкрыцці выставы “Па-за часам”, і ўсе пясочныя перформансы, якія мне давялося пабачыць у інтэрнэце, мяне падвялі да такой высновы. Ці ў пясочным мастацтве могуць быць і нейкія правакацыйныя, нават брутальныя рэчы?
— Вы не бачылі майго пясочнага перформанса на фестывалі ў Выбаргу, калі я выступала з нумарам “Сны Сальвадора”, а ў якасці музычнага суправаджэння гучала песня “Кашмір” Led Zeppelin. (Kashmir — адна з самых вядомых і самых доўгіх, даўжынёй у 8 хвілін 29 секунд, кампазіцый Led Zeppelin у стылі progressive rock. У дастаткова змрочным тэксце, пакладзеным на музыку з няроўным і рэзкім рытмам, жорсткімі гітарнымі рыфамі расказваецца пра пакутлівыя пошукі сучасным чалавекам свайго месца ў жыцці і вечнасці. — М.Ч.) Там не было ні птушачак, ні кветачак. Там былі толькі гарачы выпалены сонцам пясок, музыка Led Zeppelin і фантазіі на тэму Сальвадора Далі, самага вялікага правакатара ў мастацтве.
Пяску падуладны любыя тэмы.
Гутарыў Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.