Пад кніжнымі ветразямі

- 11:58Навіны рэгіёнаў

Адправіцца ў літаратурнае анлайн-падарожжа пад кніжнымі ветразямі запрасілі школьнікаў Чэрвеньшчыны. У незвычайнай форме ў раёне прайшоў тыдзень актыўнага чытання. Такім неардынарным і цікавым спосабам у рэгіёне прывіваюць дзецям любоў да чытання.

Нярэдка сучасныя тэхналогіі, інтэрнэт успрымаюцца як пагроза чытацкай актыўнасці дзяцей. Аднак нашы таленавітыя і крэатыўныя настаўнікі ўжо не раз даказвалі, што можна, наадварот, з дапамогай сучасных тэхналогій, інтэрнэт-сэрвісаў фарміраваць чытацкую кампетэнтнасць навучэнцаў. Любы інструмент, у тым ліку і новыя тэхналогіі, можа быць карысны пры правільным выкарыстанні. Менавіта з такім падыходам працуюць у гімназіі № 1 імя У.А.Караля Чэрвеня і маюць у гэтым поспехі. Тут, напрыклад, быў распрацаваны і адаптаваны інтэрактыўны адукацыйны праект “Літаратурны турызм: па краінах і кантынентах з персанажамі дзіцячай літаратуры”. Аб гэтым цікавым праекце пісала наша газета.

У мінулым навучальным годзе гімназія ўзяла ўдзел у рэспубліканскім інавацыйным праекце па фарміраванні чытацкай кампетэнцыі навучэнцаў праз анлайн-узаемадзеянне. Сутнасць інавацыі — у актыўным уключэнні ў адукацыйны працэс па літаратуры актуальных для навучэнцаў відаў дзейнасці, прывычных для іх штодзённай камп’ютарнай практыкі, такіх як сацыяльная сетка, гіперспасылка, чат, пост, постар, буктрэйлер. Удзел у праекце падштурхнуў да актывізацыі работы ў гэтым кірунку, з’явіліся і былі рэалізаваны новыя ідэі.

Мінулай восенню ў гімназіі правялі тыдзень актыўнага чытання. Гімназія была абвешчана тэрыторыяй чытання. Кожны дзень удзельнікам прапаноўваўся новы фармат чытацкай актыўнасці: літаратурны QR-квест, паэтычны анлайн-марафон, майстар-класы па мастацкім чытанні паэзіі і многае іншае.

Тыдзень прайшоў вельмі паспяхова і вынікова, пасля чаго было вырашана паспрабаваць аналагічную методыку на больш шырокай аўдыторыі і прыцягнуць да чытання дзяцей з усяго раёна. Так пачаўся тыдзень актыўнага чытання сярод школ Чэрвеньшчыны, які падрыхтавалі педагогі гімназіі № 1. Каардынатарам мерапрыемства стала настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі Наталля Уладзіміраўна Камінская, якая паспяхова выкарыстоўвае ІТ-фармат у сучаснай літаратурнай адукацыі.

Школьнікаў запрасілі ў анлайн-фармаце ўзяць удзел у рэгаце “Пад кніжнымі ветразямі”. Кожная школа раёна прадставіла каманду, у склад якой увайшлі не менш за 5 навучэнцаў 5—10 класаў і адзін дарослы каардынатар. Арганізатары стварылі сайт “Пад кніжнымі ветразямі”, дзе каманды зарэгістраваліся і атрымалі віртуальны паруснік, на якім, прыдумаўшы назву, эмблему-талісман і дэвіз, адправіліся ў падарожжа. Пераходзячы з адной старонкі сайта на іншую, каманды выконвалі розныя заданні.

Навучэнцы 5—6 класаў даследавалі “Востраў казак”. Яны наведалі “Дом казак”, дзе адказалі на пытанні казачнай анлайн-віктарыны і склалі разнастайныя крыжаванкі па сюжэтах казак. Пасля выканання прапанаваных заданняў дзеці давалі адказ на пытанне гэтага этапу “Казка — хлусня, ды ў ёй намёк… Які ўрок дае казка сваім чытачам?”.

Навучэнцы 7—8 класаў сталі адкрывальнікамі “Берага малога жанру”. Яны адказвалі на пытанні тэстаў па прачытаных на ўроках творах, а таксама пазнаёміліся з новымі апавяданнямі і стварылі віртуальны плакат-рэкламу, знялі відэабуктрэйлер паводле прачытанага твора. Пасля выканання творчых заданняў іх таксама чакала праблемнае пытанне гэтага этапу “Навошта чытаць класіку?”.

Да “Паэтычных рыфаў” прысталі судны старшакласнікаў. 2017 год багаты на юбілеі вядомых рускіх паэтаў: гэта 80-годдзе Бэлы Ахмадулінай і Юны Морыц, 85-годдзе Рымы Казаковай і Роберта Раждзественскага, 150 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Бальмонта, 130 — Ігара Севяраніна і 125 гадоў з дня нараджэння Марыны Цвятаевай. Старэйшыя ўдзельнікі рэгаты ладзілі паэтычныя чытанні ўпадабаных твораў паэтаў-юбіляраў, лепшыя выступленні запісвалі на відэа і размяшчалі на сайце рэгаты. Таксама ім прапанавалася перажыць “Раман з тэкстам” у фармаце Web 2.0 — узяць удзел у інтэрактыўным чытанні і аналізе твора з выкарыстаннем чата, каментарыяў, гіперспасылак. Наведвальнікаў “Паэтычных рыфаў” таксама чакала важнае пытанне, на якое яны шукалі адказ: “Ці патрэбна сучаснаму чалавеку паэзія?”

І нарэшце ўсе ўдзельнікі рэгаты прыбылі на “Востраў скарбаў”. Тут іх чакала галоўнае пытанне ўсяго тыдня: “Што дае чалавеку чытанне?” Кожная каманда сфармулявала свой адказ і размясціла яго ў форме воблака слоў. А на фінішы рэгаты ўсе члены каманд запоўнілі анлайн-анкету “Ці добры я чытач?”.

Тыдзень актыўнага чытання, які прайшоў у такім актуальным і сучасным фармаце спадабаўся і дзецям, і дарослым. Сказаць, што вучні былі ў захапленні ад такога падарожжа — нічога не сказаць. Мерапрыемствы тыдня спалучылі ў сабе прыгоды, гульню і сучасныя тэхналогіі — тое, што сапраўды падабаецца дзецям. Пры гэтым яны не марнавалі часу перад экранам, а правяралі атрыманыя веды і здабывалі новыя, разважалі і аналізавалі. І самае галоўнае — яны чыталі і атрымлівалі асалоду ад чытання. Вось што бывае, калі дарослыя замест таго, каб змагацца супраць сучасных тэхналогій і захопленасці дзяцей камп’ютарамі, падпарадкоўваюць гэтыя тэхналогіі сваім мэтам і прымушаюць іх працаваць на карысць дзецям.

Зразумела, не варта чакаць, што ўсе ўдзельнікі мерапрыемстваў тыдня адразу пачнуць чытаць без перапынку. Аднак гэта важны і ўпэўнены крок да таго, каб стаць заўзятымі аматарамі літаратуры, тым больш што работу ў гэтым кірунку ў Чэрвеньскім раёне збіраюцца прадоўжыць.

Дар’я РЭВА.