Пад крылом “БелАЗа”

- 9:20World Skills, Рознае

Мінская вобласць прадставіла на чэмпіянат 21 удзельніка па 16 кампетэнцыях. Усе яны цудоўныя маладыя спецыялісты і цікавыя асобы. Сярод іх — два юнакі з Жодзіна. З Кірылам Лакціёнавым мы сустрэліся на конкурсе зваршчыкаў. Там яму давялося спаборнічаць са зваршчыкамі, якія ўжо шмат гадоў у прафесіі, што ніколькі не засмуціла юнака. Акрамя выпрабавання прафесійных якасцей і здольнасцей, гэты конкурс для Кірыла стаў падрыхтоўчай пляцоўкай WorldSkills Belarus, дзе ён выступіў у кампетэнцыі “Зварачныя работы”.

Кірыл вучыцца на апошнім курсе Жодзінскага прафесійнага ліцэя. З выбарам прафесіі вызначыўся хутка і без сумненняў. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 2 Жодзіна ён вырашыў асвойваць спецыяльнасць зваршчыка. Падштурхнуў да выбару прыклад бацькі, які шмат гадоў займаўся зварачнымі работамі.

Навучанне ў ліцэі давалася хлопцу лёгка, і вельмі хутка ён стаў лепшым у зварцы сярод навучэнцаў установы. Ён даказаў гэта падчас адборачных этапаў на конкурс WorldSkills — спачатку ўнутры групы, потым сярод навучэнцаў ліцэя і далей на абласным узроўні.

Зараз Кірыл праходзіць пераддыпломную практыку на прадпрыемстве “БелАЗ”. Практыка — гэта паўнацэнны працоўны дзень, Кірыл атрымлівае заданні майстра і паспяхова з імі спраўляецца. На практыцы юнак праявіў сябе цудоўна, і падчас размеркавання яго запрасілі працаваць на прадпрыемства. У хуткім часе на завод “БелАЗ” Кірыл прыйдзе ў якасці работніка, а не практыканта. У планах не толькі работа, але і служба ў арміі, атрыманне вышэйшай адукацыі.

Кірыл ацаніў практыку на заводзе як лепшую для яго падрыхтоўку да чэмпіянату. Дапамагалі рыхтавацца і ў ліцэі. Для гэтага была распрацавана цэлая праграма: тэарэтычнае і практычнае навучанне, псіхалагічная падтрымка. Удасканальвае Кірыл і веды па англійскай мове.

Педагогі юнака, майстры вытворчага навучання, якія з ім працуюць, адзначаюць, што Кірыл не толькі здольны навучэнец, але і дастойны чалавек. Зусім яшчэ малады хлопец, але ўжо валодае якасцямі, уласцівымі сапраўдным мужчынам, ён адказны, гатовы дапамагчы, упэўнены ў сваіх сілах, умее ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх. Адметна, што, выступаючы ў конкурсах прафмайстэрства, Кірыл застаецца надзвычай спакойным. Здаецца, нішто не можа прымусіць яго нервавацца і парушыць унутраную раўнавагу. Такую вытрымку юнак набыў падчас шматлікіх спартыўных спаборніцтваў, у якіх браў удзел. Шмат гадоў ён займаецца кікбоксінгам і шмат дасягнуў у гэтым відзе спорту, быў сярод прызёраў на чэмпіянаце рэспублікі. Услед за Кірылам верым, што галоўныя перамогі хлопца — спартыўныя і прафесійныя — наперадзе.

Яўген Калач спаборнічаў у нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills Belarus за лідарства ў кампетэнцыі “Такарныя работы на станках з лічбавым праграмным кіраваннем”. Веды і ўменні Жэня атрымлівае ў філіяле БНТУ “Жодзінскі дзяржаўны політэхнічны каледж”, які сёлета заканчвае.

З дзяцінства Яўген быў творчым чалавекам з разнастайнымі інтарэсамі. Яму падабаецца даследчая дзейнасць: яшчэ школьнікам хлопец браў удзел у канферэнцыі па інфарматыцы, падчас вучобы ў каледжы выступаў на НПК у Брэсце і Гомелі з работай па матэрыялазнаўстве. Яўген вучыўся ў класе з архітэктурным ухілам, займаўся жывапісам у школе мастацтваў, захапляўся разьбой па дрэве. Асабліва любіў працаваць на такарным станку, які быў дома, першыя ўрокі па рабоце на ім даваў сыну бацька. І сёння ў вольны час юнак любіць выразаць што-небудзь з дрэва. Прызнаецца, што рэдка стварае рэчы мэтанакіравана, для выкарыстання ў гаспадарцы. Галоўнае для яго як для сапраўднага мастака — рэалізаваць творчыя задумы, праявіць фантазію.

Праўда, апошнім часам да дамашняга станка Яўген падыходзіць рэдка — увесь час займае работа на станках іншых, прамысловых, з лічбавым праграмным кіраваннем. “Я знайшоў сябе, гэта маё!” — гаворыць Яўген пра сваю прафесію. А калі чалавек займаецца любімай справай, то справа гэтая ладзіцца. Вучыўся ён заўсёды добра, асабліва любіў практыку. На занятках Яўген ніколі не быў пасіўным слухачом — задаваў пытанні, цікавіўся, імкнуўся да ведаў. Гэтая неабыякавасць да сваёй справы, жаданне ўдасканальваць свае ўменні праявіліся і падчас практыкі ў адным з цэхаў “БелАЗа”. Жэня дэталёва вывучаў станкі, распытваў пра асаблівасці работы на іх, спрабаваў папрацаваць на кожным. Стараннасць і руплівасць хлопца заўважылі, і яго запрасілі на работу. Пасля пераддыпломнай практыкі менавіта сюды прыйдзе працаваць малады спецыяліст Яўген Калач.

Жэня ўспрыняў удзел у чэмпіянаце як яшчэ адну магчымасць для самаразвіцця: праверыць, чаго ён варты, папрацаваць на сучасным абсталяванні, пазнаёміцца з калегамі. Рыхтавацца яму дапамагалі педагогі і майстры каледжа, і рабілі гэта з радасцю, бо ведаюць Жэню як добразычлівага, спагадлівага і адказнага чалавека. А ўсё таму, што ў хлопца правільныя арыенціры ў жыцці. Галоўным прыкладам для яго быў і застаецца бацька — інжынер-наладчык, майстар на ўсе рукі, паважаны спецыяліст, добры гаспадар і цудоўны чалавек. Такім хоча быць і Яўген.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.

Эксперты чэмпіянату

Адным з галоўных здабыткаў спаборніцтваў WorldSkills з’яўляецца фарміраванне экспертнага супольніцтва, у склад якога ўваходзяць прафесіяналы сваёй справы, людзі, здольныя вучыць, ацэньваць і ўзбагачаць змест прафесійнай адукацыі сваім вопытам. З кожным годам колькасць экспертаў расце, і сёлета іх ужо налічваецца больш за 200 чалавек. Яны прадстаўляюць самыя розныя галіны, канкрэтныя навучальныя ўстановы, прадпрыемствы, фірмы. Адметна тое, што яны прадстаўляюць не толькі сталіцу, але і рэгіёны. Гэта асобы ў прафесійнай адукацыі, якія аказваюць вялікі ўплыў на якасць падрыхтоўкі нашых канкурсантаў. У кампетэнцыі “Каменныя работы” экспертам выступіў Уладзімір Аляксандравіч Дудараў, майстар вытворчага навучання Мсціслаўскага будаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа, у кампетэнцыі “Цяслярскія работы”— А.Ю.Худзякоў, старшы выкладчык Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. “Праграмнае забеспячэнне для бізнесу” прадставіла ў ролі эксперта В.М.Бялоцкая, выкладчык Гродзенскага політэхнічнага каледжа. У кампетэнцыі “Зварачныя работы” выступіў Г.А.Раманоўскі, старшы майстар Пінскага прафесійнага ліцэя будаўнікоў, у кулінарным мастацтве — дацэнт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання В.У.Мацікава. Экспертамі з прадпрыемстваў у кампетэнцыі “Фрэзерныя работы на станках з ПК” былі інжынер-тэхнолаг прадпрыемства “Белгідраўліка” П.Д.Нагорскі, у кампетэнцыі “Электроніка”-Л.К.Цераховіч, прадстаўнік “Інтэграла”, і шэраг іншых.

Festo руліць

Эксперт Дзмітрый Леанідавіч Грыбаў, вядучы спецыяліст па аўтаматызацыі замежнага ўнітарнага прадпрыемства Festo, выступае ў ролі эксперта ў кампетэнцыі “Мехатроніка”. Трэба адзначыць, што гэтае прадпрыемства выступае адным з галоўных спонсараў правядзення нацыянальнага чэмпіянату. У Беларусі Festo з’яўляецца даччыным прадпрыемствам міжнароднага канцэрна па пастаўцы пнеўматычных і электрамеханічных сістэм для аўтаматызацыі вытворчасці розных галін прамысловасці.

— Падраздзяленне феста-дыдактыкі, у якім я працую, з’яўляецца сусветным лідарам у галіне базавага навучання, павышэння кваліфікацыі і мае на мэце развіваць тыя прафесійныя навыкі, якія неабходны для аўтаматызацыі вытворчасці і кіравання гэтымі працэсамі, — адзначыў Дзмітрый Леанідавіч. Для навучальных устаноў кампанія прапаноўвае разнастайныя вучэбныя стэнды, пабудаваныя на прамысловых кампанентах. Festo з’яўляецца спонсарам кампетэнцыі “Мехатроніка” ў конкурсе рабочых прафесій і прадставіла для аснашчэння рабочых месцаў сучаснае абсталяванне. У гэтай кампетэнцыі канкурсанты спаборнічалі ў мантажы аўтаматызаванага прамысловага абсталявання, праграмаванні прамысловых кантролераў, наладцы і настройцы абсталявання, аптымізацыі прадукцыйнасці і энергаспажывання. Усе гэтыя прафесійныя навыкі, якія неабходна было прадэманстраваць удзельнікам спаборніцтва, запатрабаваны ў розных галінах, у тым ліку аўтамабільнай, харчовай, упаковачнай, касметычнай, металургічнай, дрэваапрацоўчай і інш. У якасці эксперта ў гэтай кампетэнцыі Дзмітрый Леанідавіч выступаў ужо некалькі разоў, ён з’яўляецца распрацоўшчыкам конкурсных заданняў. Згодна з крытэрыямі, была ацэнена правільнасць адпрацоўкі праграмы кантролера, падключэння электрычных і пнеўматычных схем, мантажных работ.

Ала КЛЮЙКО.