Пад ветразямі прафесіяналізму

- 10:58Навіны рэгіёнаў

“Нельга кіраваць ветрам, але можна кіраваць ветразем”. Пад такім дэвізам рушыць наперад “Флагман” — абласны клуб педагагічных работнікаў. Імчыцца гэты флагман пад ветразем прафесіяналізму. Яго ўдзельнікі з кіраваннем гэтым ветразем спраўляюцца віртуозна і ахвотна дзеляцца з калегамі сваімі ўменнямі. Добрай традыцыяй для флагманцаў стала правядзенне ў канцы года фестывалю педагагічнага майстэрства “Лепшае ад лепшых”. Сёлета фестываль гасцінна прымаў Чэрвень.

Абласны клуб педагагічных работнікаў “Флагман” аб’ядноўвае ўдзельнікаў і арганізатараў абласнога этапу конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Удзельнікамі конкурсу становяцца настаўнікі, якія працуюць паспяхова, эфектыўна і творча. Падчас конкурсных выпрабаванняў і падрыхтоўкі да іх багаж вопыту канкурсантаў узбагачаецца яшчэ больш. А актыўная жыццёвая пазіцыя абумоўлівае жаданне дзяліцца гэтым вопытам. Так і з’явіўся ў 2009 годзе клуб “Флагман”. Удзел у рабоце клуба дазваляе творчаму педагогу выйсці за рамкі сваёй установы і нават раёна, уключыцца ва ўзаемаўзбагачальны абмен як асабістым педагагічным вопытам, так і вопытам цэлых калектываў.

“Флагман” — своеасаблівая зборная каманда лепшых настаўнікаў Мінскай вобласці. Сёння членамі клуба з’яўляюцца 43 педагогі з розных раёнаў. Сярод іх 11 пераможцаў і лаўрэатаў заключнага этапу конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”.

Асноўная мэта дзейнасці клуба — стварэнне ўмоў для самарэалізацыі і ўдасканалення прафесійнага майстэрства педагогаў Міншчыны. З чым флагманцы, безумоўна, паспяхова спраўляюцца. Сталі традыцыйнымі і выклікаюць шчырую зацікаўленасць сярод педагогаў Міншчыны метадычныя семінары і фестывалі педагагічнага майстэрства, падчас якіх члены клуба праводзяць адкрытыя ўрокі, майстар-класы, творчыя лабараторыі, круглыя сталы. У ролі настаўнікаў выступаюць маладыя і вопытныя педагогі-практыкі, вядзецца дыялог “настаўнік — настаўнік”. Флагманцы ўжо правялі 42 метадычныя мерапрыемствы, у якіх узялі ўдзел больш за 1300 педагагічных работнікаў вобласці.

Таксама члены клуба актыўна выступаюць у якасці лектараў у Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Свой вопыт работы распаўсюджваюць і праз публікацыі ў навуковай літаратуры і прэсе. Адзін з важных кірункаў дзейнасці членаў клуба “Флагман” — гэта дапамога ў падрыхтоўцы наступнага пакалення ўдзельнікаў конкурсаў прафесійнага майстэрства: акрамя работы ў журы ў перыяд правядзення раённага і абласнога этапаў, флагманцы кансультуюць удзельнікаў заключнага этапу, даюць карысныя парады, падтрымліваюць іх.

“Флагман” набыў значны аўтарытэт сярод педагогаў вобласці, таму на фестываль “Лепшае ад лепшых” педагогі сабраліся з ахвотай. У гімназію № 1 імя У.А.Караля Чэрвеня прыехалі настаўнікі з Чэрвеньскага і Смалявіцкага раёнаў, Жодзіна.

Фестываль складаўся з трох частак. Спачатку сваё майстэрства працаваць у незнаёмым класе флагманцы дэманстравалі падчас калейдаскопа адкрытых урокаў. Іх правялі Віктар Эдуардавіч Жук, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 11 Маладзечна, Васіль Уладзіміравіч Маліноўскі, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце, настаўнік рускай мовы і літаратуры гімназіі № 10 Маладзечна, Таццяна Леанідаўна Жук, настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 3 Вілейкі.

Затым гасцей фестывалю запрасілі ў “Майстэрню прафесійнага росту”, дзе ўдзельнікі конкурсу прафесійнага майстэрства дзяліліся вопытам падчас правядзення майстар-класаў. Таццяна Аляксандраўна Канавалёнак, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Крупак, настаўнік-метадыст, запрасіла на майстар-клас “Фарміраванне чытацкай кампетэнтнасці навучэнцаў на аснове выкарыстання тэхналогіі “Навучанне ў супрацоўніцтве”. “Выкарыстанне метаду аналізу канкрэтных сітуацый (кейсаў) як сродку фарміравання даследчых кампетэнцый вучняў” зрабіла тэмай свайго майстар-класа Ірына Леанідаўна Сярко, настаўніца біялогіі Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы Мінскага раёна. “Эфектыўныя метады і прыёмы развіцця хуткасных і каардынацыйных здольнасцей навучэнцаў і шляхі іх рэалізацыі” прадэманстравала калегам Таццяна Леанідаўна Жук.

Трэцяй часткай фестывалю стаў адкрыты сход членаў клуба “Флагман”. На сцэне актавай залы гімназіі настаўніца музыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Ірына Арсенцьеўна Мітрафаненкава правяла міні-ўрок музыкі “Робім дабро”. У якасці вучняў на ўроку выступілі флагманцы. І гэта былі заняткі, на якіх педагог не проста дзялілася вопытам і цікавымі ідэямі, яна стварыла для ўсіх цудоўны перадсвяточны настрой, кожнаму падарыла іскрынкі дабрыні і натхніла ўсіх часцей дзяліцца цяплом сваіх сэрцаў.

Клуб — гэта жывы арганізм. Склад клуба пастаянна папаўняецца новымі імёнамі, і на фестывалі адбылася ўрачыстая цырымонія прыняцця ў члены клуба “Флагман” удзельнікаў сёлетняга конкурсу “Настаўнік года”.

Члены абласнога клуба “Флагман” — прафесіяналы высокага ўзроўню. Яны проста і даступна дзеляцца з калегамі дасягнутым і назапашаным. Акрамя гэтага, яны натхняюць педагогаў на творчую работу сваім энтузіязмам, энергіяй, відавочнай неабыякавасцю да таго, што яны робяць, і пастаянным жаданнем рабіць гэта яшчэ лепш. Кожны ўдзельнік клуба — яркі прыклад таго, якім можа быць сучасны настаўнік.

Дар’я РЭВА.