Пад знакам якасці

Мазалаўская, Курманаўская, Разанцаўская, Падсолтаўская, Ходасаўская сярэднія школы… На старонках “Настаўніцкай газеты” даволі часта сустракаюцца назвы гэтых устаноў адукацыі. Амаль кожны месяц педагогі Мсціслаўшчыны дзеляцца з намі сакрэтамі правядзення якаснай выхаваўчай работы.

З нагоды Сусветнага дня якасці, які адзначаўся 10 лістапада, завітаем у госці да нашых пастаянных аўтараў і чытачоў.

Росная раніца

Знаёмства са старажытным Мсціславам лепш пачаць роснай летняй раніцай, калі першыя промні гавораць “Бывай!” кароткай летняй ночы і “Прачынайся!” доўгаму летняму дню. На ўтульных вулачках яшчэ бязлюдна, аднак жыццё ўжо струменіць, віруе: спрадвечны гімн прыродзе спяваюць прадстаўнікі птушынага княства, гарэза вецер пачынае пагойдваць зялёнае лісце дрэў, а сонечныя промні па даўняй традыцыі пераліваюцца ўсімі колерамі вясёлкі ў кроплях расы. У гэтыя хвіліны Мсціслаў, горад працавітых і гасцінных людзей, выглядае асабліва ўрачыста. Нездарма Уладзімір Леанідавіч Конанаў сваю каменную скульптуру, якая ўпрыгожвае гістарычны цэнтр, так і назваў — “Росная раніца Мсціслава”.

Прагуляцца роснай летняй раніцай, падыхаць свежым паветрам, канечне, прыемна. Таксама нядрэнна прайсціся і ціхім лістападаўскім вечарам, калі промні заходзячага сонца надаюць стракатым гарадскім будынкам мяккасць колераў. І пажадана захапіць з сабой фотаапарат. Наогул, для якаснай журналісцкай камандзіроўкі надвор’е не галоўнае. І роснай летняй раніцай, і ціхім лістападаўскім вечарам, і нават дажджлівым кастрычніцкім днём можна злавіць удалы кадр. Галоўнае — людзі, твае суразмоўцы, якія робяць сваю справу прафесійна, якасна.

З ліста Валянціны Уладзіміраўны Краўцовай, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Мсціслаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення:

“Мсціслаў — кропля, асколак люстэрка, у якім адбіваюцца сонца, зоры і ўся няпростая гісторыя Беларусі. Горад, які, здаецца, нічым асаблівым не вызначаецца перад іншымі гарадамі, якіх на Беларусі сотні. Але паглядзіце на яго — і нібы ў фокусе адаб’ецца ў яго гісторыі ўвесь наш гонар і наша слава… Такім убачыў Мсціслаў і напісаў пра гэта ў “Эсэ пра гісторыю і людзей адной зямлі” Уладзімір Караткевіч. У гістарычным цэнтры Мсціслава, на тэрыторыі былога Тупічаўскага манастыра, размешчана наша школа.

Установе толькі пяць гадоў, але праца, якая праводзіцца пад кіраўніцтвам дырэктара Алены Аляксандраўны Клеянковай, намеснікаў Алены Віктараўны Зубковай і Таццяны Уладзіміраўны Астапенка па вывучэнні гістарычнай спадчыны роднага краю, дае свае вынікі, пра што сведчаць дыпломы І ступені конкурсаў рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. У тым, што навучэнцаў цікавіць краязнаўства, вялікая заслуга настаўніка гісторыі Сяргея Данілавіча Строгага. Важную ролю ў патрыятычным выхаванні дзяцей адыгрывае школьны гісторыка-краязнаўчы музей імя П.Д.Урублеўскага, заслужанага настаўніка БССР.

У школе распрацаваны тры турыстычныя маршруты па родным краі. Удзельнікі гуртка “Юны падарожнік” пад кіраўніцтвам Сяргея Данілавіча знаёмяцца з адметнасцямі раёна. Асабліва ўражвае хлопчыкаў і дзяўчынак наведванне дзеючага Свята-Успенскага мужчынскага манастыра ў Пустынках і Ануфрыеўскага манастыра. Навучэнцы з цікавасцю назіраюць за рыцарскімі баталіямі, бо ў Мсціславе праводзяцца рыцарскія фэсты. Гэты год для Мсціслаўшчыны знакавы: акрамя рэстаўрацыйных работ у рамках Года культуры, раён быў выбраны месцам правядзення абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2016”.

Школьны летапіс

Усё як у старым добрым кіно: за акном ішоў дождж (дакладней, дождж са снегам), а ў нас (у будынку сярэдняй школы № 2 Мсціслава) ішоў канцэрт (дакладней, цікавая экскурсія па школьным музеі, падобная на святочны канцэрт). Прыезд гасцей для мсціслаўскіх педагогаў заўсёды свята. Ды яшчэ якое! Калі ты ўлюбёны ў родны горад, яго багатую гісторыю і гатовы дзяліцца гэтай любоўю, то прыезд гасцей для цябе — сапраўднае свята. Для журналістаў сустрэча з такімі людзьмі, якія гатовы гадзінамі расказваць пра адметнасці роднага краю, таксама свята. Толькі ўключай дыктафон — і запісвай, запісвай, запісвай, даставай фотаапарат — і фатаграфуй, фатаграфуй, фатаграфуй. Падчас наведвання літаратурна-краязнаўчага музея другой мсціслаўскай школы можна і цікавы аповед запісаць, і арыгінальныя экспанаты сфатаграфаваць.

Актыўную краязнаўчую работу педагогі гэтай установы праводзяць па некалькіх напрамках. Напрыклад, мінулае старажытнага Мсціслава вывучаецца пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі кіраўніка музея Святланы Юр’еўны Галакціёнавай. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны — прэрагатыва ўдзельнікаў групы “Пошук”, якая з 1964 года (спачатку пад кіраўніцтвам Уладзіміра Лукіча Гасянкова, потым настаўніцы матэматыкі Валянціны Данілаўны Маслаковай, а цяпер Святланы Юр’еўны Галакціёнавай) вывучае баявы шлях 277-й і 344-й стралковых дывізій. Цікавы жыццёвы шлях знакамітых навукоўцаў, літаратараў, якія нарадзіліся на Мсціслаўшчыне або звязалі з гэтым краем частку свайго жыцця, даследуе намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ала Уладзіміраўна Фамінова. Актыўна далучаюцца да вывучэння роднага краю настаўнікі інфарматыкі і гісторыі. Так, пад кіраўніцтвам Юрыя Іванавіча Лупякова, Алесі Мікалаеўны Шапялевіч, Сяргея Алегавіча Поклада ў мінулым годзе быў створаны электронны дапаможнік “Па старонках гісторыі мсціслаўскай зямлі”, распрацавана некалькі інфармацыйных праектаў: “Наша Мсціслаўшчына”, “Хронікі мсціслаўскіх князёў”, “Пётр I на Мсціслаўшчыне”, “Помнікі Мсціслава”, “Летапіс старога будынка” (прысвечаны гісторыі будынка мужчынскай гімназіі ў Мсціславе ў перыяд з 1908 па 2001 год), “З жыцця Максіма Гарэцкага”, “Сляды мінулай вайны”, “Герой Савецкага Саюза”.

Праекты ствараліся з нагоды святкавання 880-годдзя Мсціслава, якое адзначалася ў мінулым годзе. Настаўнікі ганарацца тым, што сваёй працай таксама ўнеслі ўклад у справу па папулярызацыі гісторыі роднага горада.

У далейшым плануецца рэгулярна абнаўляць змест электроннага дапаможніка, дапаўняць яго новымі раздзеламі.

Ганаровы жыхар

Стварэнне электронных дапаможнікаў па краязнаўстве — актуальная справа. Аднак і папяровыя дапаможнікі па-ранейшаму адыгрываюць важную ролю ў выхаваўчай рабоце. Тым больш што Мсціслаўшчына славіцца сваімі традыцыямі друкаванага слова. Так, у дапаможніку “Літаратурная Мсціслаўшчына” (распрацаваным і выдадзеным у сярэдняй школе № 2 Мсціслава) падрабязна расказваецца пра Івана Насовіча, Максіма Гарэцкага, Аркадзя Куляшова, іншых вядомых навукоўцаў, літаратараў, журналістаў. Асобны раздзел прысвечаны дзейнасці мсціслаўскага філіяла літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. А пачынаецца аповед са знаёмства з багатай друкарскай спадчынай Пятра Мсціслаўца.

Мсціслаў можна смела назваць горадам Пятра — Пятра Мсціслаўца. Мясцовыя жыхары, асабліва настаўнікі і вучні, выдатна ведаюць яго біяграфію. Пётр Мсціславец з’яўляецца для старажытнага горада ганаровым жыхаром. Нездарма яму пастаўлены два помнікі. Адзін з знаходзіцца ў скверы. Здаецца, што малады чалавек задумаўся пра незвычайную для таго часу, але вельмі карысную і патрэбную друкарскую справу. Другі помнік знаходзіцца, а дакладней, узвышаецца, на цэнтральнай плошчы, якая носіць імя Пятра Мсціслаўца. Помнік нібыта пераносіць у той час, калі спраўдзіліся летуценні і мары юнака. Асветнік пераможна і горда ўзнімае друкаваную кнігу. Мсціслаўскія настаўнікі і вучні не горш за знакамітага земляка ведаюць працэс друкавання кніг. Усё дзякуючы спецыяльным заняткам у раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, дзе захоўваецца макет таго самага станка, за якім калісьці працаваў Пётр Мсціславец і з-пад якога выходзілі друкаваныя старонкі.

Слова “старонкі” ў дачыненні да экспанатаў школьнага музея сярэдняй школы № 2 Мсціслава азначае не толькі папяровыя аркушы. Тут можна пагартаць вялізныя, арыгінальна аформленыя фанерныя старонкі з цікавымі фактамі па гісторыі адукацыі Мсціслаўшчыны. Створана кніга была ў гэтым годзе напярэдадні абласных Дажынак. Яшчэ адным арыгінальным экспанатам, які складаецца са старонак (старонак на фотапаперы), з’яўляецца фотакопія знакамітага “Апостала” Пятра Мсціслаўца. Як адзначыла былы кіраўнік музея намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Пятроўна Касуліна, ствараць фотакопію было няпростай справай, якая нагадвала працу першадрукароў: атрыманыя з маскоўскага архіва фотакопіі лістоў “Апостала” трэба было пакрыць спецыяльнай плёнкай, праклеіць, потым пакласці пад прэс, замацаваць на спецыяльнай падстаўцы.

Мсціслаўская вежа

Такім жа няпростым, але цікавым быў і працэс стварэння макета драўлянага данжона — паменшанай копіі вежы, якая калісьці ўзвышалася над старажытным Мсціславам. Макет быў створаны ў маштабе 1:33 вучнем 9 класа Данілам Касянковым пад кіраўніцтвам настаўніка тэхнічнай працы Уладзіміра Дзмітрыевіча Ешчанкі.
— Мы ніколі не займаліся падобнай справай, таму на першым этапе яна ішла марудна. Было вырашана ўдасканаліць тэхналогію. Так, міжвянковыя пазы пачалі выбіраць ужо не ўручную нажом для паперы, а фрэзерам за станком. За 9 месяцаў дайшлі да даху. Потым сабралі чатыры часткі і пакрылі іх лакам. Макет складаецца з 268 бярвенцаў дыяметрам ад 8 да 14 мм. Пры стварэнні стараліся захоўваць аўтэнтычнасць, таму ўсе дэталі зроблены выключна з дрэва, хаця з фанеры было б прасцей. Цяпер удасканальваем тэхналогію і робім з бярвенцаў посуд, падстаўкі, чайныя домікі, — паведаміў Уладзімір Дзмітрыевіч.

Адна сям’я

Сярэдневяковыя майстры нездарма выкарыстоўвалі пры стварэнні вежы тоўстыя бярвёны: Мсціслаўшчына часта аказвалася ў віхуры войн і ліхалеццяў. Падзеі, якія адбываліся па-за межамі краю, таксама ўплывалі на яго лёс, лёс асобных населеных пунктаў. Адным з іх з’яўляецца аграгарадок Разанцы. Тут пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС знайшлі прытулак жыхары Чэрыкаўскага раёна, а таксама бежанцы з былых саюзных рэспублік, якія пакінулі родную зямлю падчас ваенных канфліктаў.

— У 1991 годзе каля вёскі Разанцы быў пабудаваны перасяленчы пасёлак для жыхароў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У 1992 годзе з забруджанай зоны былі пераселены 325 жыхароў вёскі Вепрын і арганізаваны калгас “Кастрычнік”. Планавалася пабудаваць у пасёлку тысячу кватэр для перасяленцаў, але большасць жыхароў Вепрына раз’ехаліся па Беларусі. У пасёлак пачалі прыязджаць мігранты з розных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, Украіны, Малдовы, Латвіі, Таджыкістана. Вуліцу, якую засялілі мігранты, у народзе назвалі вуліцай СНД. У 2005 годзе нашаму пасёлку прысвоены статус аграгарадка. У Разанцаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школы займаюцца 126 навучэнцаў, 12 з іх — таджыкі, украінцы, малдаване, татары, — гаворыць дырэктар школы Алена Дзмітрыеўна Паштовая.

У 2014 годзе вучань 11 класа Аляксандр Рабцаў пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Іны Валяр’янаўны Камісаравай пачаў даследаваць нацыянальныя культуры жыхароў аграгарадка. Было высветлена, што прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, што пражываюць ужо больш за 20 гадоў побач з беларусамі, успрынялі беларускую культуру як родную. Па словах настаўніцы, гэта дае магчымасць наладзіць міжкультурны дыялог сярод насельніцтва і сумеснымі намаганнямі адрадзіць і захаваць самабытную культуру народаў, якія пражываюць на тэрыторыі аграгарадка.

— Каб больш даведацца пра традыцыі нацыянальных культур аграгарадка, неабходна прыцягваць моладзь да ўдзелу ў свяце вёскі, закладцы парку Дружбы народаў, збіранні экспанатаў для музея нацыянальных культур. Сумесна з дарослымі на базе нашай установы адукацыі распрацоўваецца праект “Мы разам — і гэта выдатна!”, рэалізацыя якога дасць магчымасць адрадзіць традыцыі нацыянальных культур аграгарадка, — паведаміла Іна Валяр’янаўна.

Лічбы гісторыі

Курманава ў адрозненне ад Разанцаў не можа пахваліцца такой разнастайнасцю нацыянальнасцей, аднак тое, што тут жывуць працавітыя людзі, прафесіяналы, якія якасна выконваюць сваю работу, — факт. І пацвярджэнне гэтага, у прыватнасці, матэрыялы, якія перыядычна друкуюцца ў “Настаўніцкай газеце” за аўтарствам педагогаў Курманаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Распрацовак у настаўнікаў шмат. Гэта не толькі экскурсіі па школьным этнаграфічным музеі, які быў створаны ў 2011 годзе з мэтай захавання матэрыяльнай спадчыны краю і дзе знаходзяцца ўнікальныя прадметы побыту, элементы ткацкага станка, ганчарныя, бандарныя вырабы, вышываныя ручнікі, элементы адзення, унікальныя матэрыялы па біяграфіі Максіма Гарэцкага. Гэта яшчэ і даследчыя работы (напрыклад, “Пакуль мы помнім, мы жывём!”, “Шлях Максіма Гарэцкага да “Скарбаў жыцця”, “Мой храм і яго гісторыя”, “Традыцыйны жаночы касцюм на тэрыторыі Магілёўскага Падняпроўя ў Х—ХІІІ стагоддзях па даных археалогіі і этнаграфіі”), створаныя пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Ганны Уладзіміраўны Стрыжаковай і настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Хрысціны Іванаўны Каляды, а таксама распрацоўкі пазакласных краязнаўчых мерапрыемстваў. “Мсціслаўшчына праз прызму лічбаў” — настаўніца матэматыкі Вольга Васільеўна Краўчанка запрашае да незвычайнага завочнага падарожжа па родным краі._dsc_5305-jpg%d1%81%d0%b0%d0%b9%d1%82 — Падчас заняткаў праз рашэнне матэматычных прыкладаў вучні даведваюцца пра асноўныя даты гісторыі Мсціслаўшчыны. Так, рашыўшы прыклад кшталту (284+649):3+(523-391)•4+296, мы даведаемся, калі ўпершыню ў летапісах згадваецца назва Мсціслава (1135 год), Свята-Успенскага мужчынскага манастыра ў вёсцы Пустынкі, калі адбылася Грунвальдская бітва, у якой удзельнічалі мсціслаўцы, падзеі Паўночнай вайны на тэрыторыі нашага раёна, калі Мсціслаў атрымаў герб і гэтак далей. У форме матэматычна-краязнаўчай гульні можна знаёміцца з гісторыяй любога населенага пункта, — паведаміла Вольга Васільеўна.

Да новай сустрэчы!

Развітвацца, як і знаёміцца, са старажытным Мсціславам лепш за ўсё роснай летняй раніцай, калі на ўтульных вулачках яшчэ бязлюдна, але прырода ўжо прачынаецца, каб сустрэць новы дзень. У гэтыя хвіліны горад выглядае асабліва ўрачыста. Летам, канечне, добра, аднак ціхі лістападаўскі вечар таксама выдатна падыходзіць для развітання. Каб яно не было сумным, трэба гаварыць не “Бывай!”, а “Да сустрэчы!”. Спадзяюся, чарговая сустрэча са старажытнай Мсціслаўшчынай і педагогамі-прафесіяналамі абавязкова адбудзецца, а пакуль што будзем знаёміцца з якаснай выхаваўчай работай мсціслаўскіх педагогаў завочна, на старонках нашага выдання.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.