Падарожжа ў краіну цудаў

- 12:37Навіны рэгіёнаў, Рознае

Пра важнасць экалагічнага выхавання дашкольнікаў сказана ўжо шмат. Фарміраванне экалагічнай культуры дазваляе не толькі прывіваць дзецям асновы правільнага стаўлення да навакольнага свету. Арганізацыя разнастайных відаў дзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту непасрэдна ў прыродным асяроддзі дае магчымасць вырашаць цэлы комплекс задач не толькі па пазнавальным развіцці, але і па працоўным, патрыятычным, фізічным выхаванні дзяцей. Менавіта гэтым кіраваліся ў яслях-садзе № 86 Магілёва, распрацоўваючы інавацыйны эколага-аздараўленчы праект “Падарожжа ў краіну цудаў”.

— Прырода — найважнейшы сродак для ўсебаковага развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту. А вакол нашай дашкольнай установы размяшчаецца вялікая тэрыторыя. Яна добраўпарадкавана, мае дастаткова аб’ектаў для вывучэння і адпаведныя ўмовы для правядзення эколага-аздараўленчай работы. Аднак педагогі гэты адукацыйны рэсурс выкарыстоўвалі не ў поўнай меры. Гэтая супярэчнасць і абумовіла неабходнасць распрацоўкі і рэалізацыі праекта, галоўнай мэтай якога з’яўлялася стварэнне для выхаванцаў экалагічнай сцяжынкі, — расказала намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Вольга Ірванцова.

Рэалізаваць ідэю запланавалі за шэсць месяцаў. Спачатку творчая група педагогаў дэталёва вывучыла найбольш цiкавыя аб’екты для назiранняў, распрацавала маршрут з падрабязным апiсаннем кожнага прыпынку, падрыхтавала шыльды з назвамі пунктаў маршруту, рэкамендацыi для педагогаў па арганiзацыi розных вiдаў сумеснай дзейнасцi. А ўжо да практычнага ўвасаблення ініцыятывы далучыўся не толькі ўвесь калектыў дашкольнай установы, але і многія бацькі выхаванцаў.

— Сумеснымі намаганнямі мы імкнуліся да таго, каб хлопчыкам i дзяўчынкам спадабалася падарожжа i ў iх не знікала жаданне пастаянна наведваць экалагiчную сцяжынку, — адзначыла Вольга Віктараўна.

Старанне дарослых не было дарэмным. Зараз у выхаванцаў дзіцячага сада № 86 вялікія магчымасці для пазнання навакольнага свету. Кожны раз, калі малыя адпраўляюцца ў падарожжа, яны ўсебакова вывучаюць прыроду. На экалагічнай сцяжынцы педагогі ў нязмушанай форме ствараюць розныя жыццёвыя сітуацыі, вырашэнне якіх патрабуе ад выхаванцаў творчага падыходу, самастойнай актыўнай дзейнасці. Заданні па вывучэнні стану асяроддзя ў зоне сцяжынкі падахвочваюць дзяцей выкарыстоўваць свае веды, прымаць пасільны ўдзел у працоўных прыродаахоўных справах. А арганізацыя рухавых гульняў падчас экскурсій дазваляе забяспечваць рацыянальны рухальны рэжым, што спрыяе захаванню і ўмацаванню здароўя малых.

На распрацаванай экалагічнай сцяжынцы 11 прыпыначных пунктаў, і ўсе яны ўяўляюць пэўную цікавасць. Так, на лясной паляне малышы быццам трапляюць з горада на прыроду. Тут яны могуць убачыць розныя дрэвы, птушак і нават сустрэць Лесавіка. Пункт маршруту “Клумба” служыць пачатковым і канцавым прыпынкам экскурсіі, на якім педагогі праводзяць абагульняючую гутарку. Акрамя таго, гэта месца, дзе дзеці заўсёды могуць атрымаць задавальненне ад яркіх рознакаляровых кветак, бо расліны падабраны так, што клумбы цвітуць бесперапынна. У кутку здароўя малыя займаюцца рухавымі гульнямі, а ходзячы па сенсорнай дарожцы — загартоўваюцца. На прыпынку “Аптэка Айбаліта” дзеці знаёмяцца з лекавымі раслінамі, іх біялагічнымі і лячэбнымі ўласцівасцямі. Працоўныя навыкі выхаванцам прывіваюцца на ўласным агародзе. Сумесна з выхавальнікамі малышы садзяць агародныя культуры, даглядаюць расліны і збіраюць ураджай. Увогуле, карысныя веды і навыкі хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць на кожным участку экалагічнай сцяжынкі.

— Праект “Падарожжа ў краіну цудаў” ужо завершаны. Галоўнай мэты мы дасягнулі: дзякуючы вандроўкам па экалагічнай сцежцы, у выхаванцаў значна павысілася пазнавальная актыўнасць, цікавасць да навакольнага асяроддзя. Многія высновы і назіранні дзетак, зробленыя на прагулках па сцяжынцы, потым перарастаюць у самастойныя даследаванні. Ёсць упэўненасць, што ўсё зробленае стане добрым падмуркам не толькі для фарміравання экалагiчнай культуры дзяцей, але i для выхавання ў малых патрыятычных пачуццяў, жадання ўпрыгожваць родны край i ганарыцца iм, — падкрэсліла намеснік загадчыка Вольга Ірванцова.

Рэалізацыя праекта прынесла добрыя вынікі. Аднак на дасягнутым спыняцца ў яслях-садзе № 86 не будуць. У найбліжэйшы час плануюць развіваць маршрут экалагічнай сцяжынкі. Калі дакладней — стварыць вясковы падворак, пашырыць асартымент раслін па маршруце, абсталяваць невялікую метэапляцоўку. На думку педагагічнага калектыву, гэтыя крокі дазволяць яшчэ больш удасканаліць сістэму работы па экалагічным выхаванні дзяцей.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.