Падарунак ад міністра адукацыі для 10-гадовай Рым Салім з Сірыі

- 10:46Актуально, Апошнія запісы

1 верасня міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка павіншаваў сірыйскую дзяўчынку, якая знаходзіцца на лячэнні ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, з пачаткам навучальнага года і ўручыў ёй партфель і падарункі.

Нагадаем, што 10-гадовая Рым Салім з Сірыі ў складзе групы па запрашэнні Прэзідэнта Беларусі прыляцела ў нашу краіну для аздараўлення ў НДЦ “Зубраня”. 18 жніўня дзяцей агледзелі спецыялісты Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы. У Рым Салім пасля абследавання органаў брушной поласці выявілі праблемы і тэрмінова зрабілі аперацыю па выдаленні пухліны.

Напярэдадні новага навучальнага года маленькую пацыентку ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі наведаў міністр адукацыі І.В.Карпенка і ўручыў падарункі: ляльку, прысмакі і школьны рукзак, поўны канцылярскіх прылад, размалёвак, кнігі на арабскай мове пра Беларусь, адзенне і інш.
Размаўляючы з Рым, міністр пацікавіўся самаадчуваннем дзяўчынкі, пажадаў ёй моцнага здароўя, каб яна расла вялікай і добра вучылася. Ігар Васільевіч сказаў, што 1 верасня ўсе школьнікі і педагогі ў Беларусі адзначаюць Дзень ведаў. На жаль, Рым у гэты дзень не змагла далучыцца да сваіх аднакласнікаў.

“І паколькі сёлета ты не змагла адпачыць у лагеры “Зубраня” разам з усімі дзецьмі, бо шмат часу правяла ў бальніцы, дамовімся, што ў наступным годзе ты зноў прыедзеш у Беларусь на аздараўленне”, — прапанаваў міністр.

Рым выказала падзяку кіраўніку дзяржавы Рэспублікі Беларусь за цёплы прыём, які ёй тут аказалі, за падарункі, якія яна атрымала. Дзяўчынка з радасцю пагадзілася прыехаць у Беларусь яшчэ раз. Разам з тым сказала, што ўжо вельмі засумавала па сваім доме, па бабулі (бацькі дзяўчынкі загінулі падчас ваенных дзеянняў) і марыць вярнуцца на радзіму.

Рым Салім добра сябе адчувае і на наступным тыдні адправіцца дадому.

Міністр адукацыі І.В.Карпенка таксама павіншаваў з Днём ведаў усіх дзяцей, якія праходзяць лячэнне ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, пажадаў ім хуткага выздараўлення.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.