Падарунак маладому мікрараёну

- 16:23Адукацыйная прастора

Своеасаблівым падарункам да калядных свят для жыхароў Магілёва стала адкрыццё новага дзіцячага сада.

Сучасная дашкольная ўстанова адкрылася ў маладым гарадскім мікрараёне Спадарожнік, дзе вядзецца інтэнсіўная жылая забудова. Дзіцячы сад тут быў неабходны, таму пабудавалі яго хуткімі тэмпамі ўсяго за год.

Новая дашкольная ўстанова адметная і ўнікальная для горада. Яна з’яўляецца прыкладам дзіцячага сада, пабудаванага з выкарыстаннем высакаякасных натуральных матэрыялаў. Будаўніцтва ажыццяўлялася з бязвыплатнай замежнай дапамогай. Работы па ўладкаванні фундамента, інжынерных сетак і добраўпарадкаванні вяліся за сродкі мясцовага бюджэту.

Новы яслі-сад № 118 уяўляе сабой аднапавярховы будынак, дызайн і архітэктура якога прадугледжваюць незвычайны адукацыйны падыход. Тут няма заніравання, групы ў пэўнай ступені — трансформеры. Прастора спальні ці буфетнай будзе арганізоўвацца для дзяцей па неабходнасці.

— У гэтым дзіцячым садзе ёсць басейн, спартыўная і музычная залы, гульнявыя зоны, асобныя групавыя крытыя тэрасы, медыцынскі блок. Установа поўнасцю ўкамплектавана сучасным гульнявым і спартыўным абсталяваннем. Усе памяшканні аснашчаны ў адпаведнасці з санітарнымі патрабаваннямі. Прадугледжаны кабінеты для спецыялістаў, створаны ўмовы для аказання карэкцыйна-педагагічнай дапамогі выхаванцам. Адным словам, тут ёсць усё неабходнае для гарманічнага фізічнага і інтэлектуальнага развіцця дзяцей, — расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі.

Будаўніцтва дазволіла задаволіць запыты бацькоў у атрыманні месцаў ва ўстанове дашкольнай адукацыі па месцы жыхарства. У новым дзіцячым садзе будуць функцыянаваць 10 груп. Усяго наведваць яго змогуць 200 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 2 да 6 гадоў. З дзецьмі будуць працаваць 15 выхавальнікаў, а таксама шэраг спецыялістаў: музычныя кіраўнікі, кіраўнікі фізічнага выхавання, педагог-псіхолаг.

Падчас урачыстага адкрыцця павіншаваць дзетак, бацькоў і супрацоўнікаў дзіцячага сада са знамянальнай падзеяй прыйшло нямала ганаровых гасцей. Сярод іх — старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў і іншыя. Яны прыйшлі на наваселле не з пустымі рукамі, а з важкімі, патрэбнымі педагагічнаму калектыву і выхаванцам падарункамі.

— У нашай дзяржаве многае робіцца ў сацыяльным кірунку. Узвядзенне разнастайных аб’ектаў толькі частка сацыяльнай палітыкі. Асабліва хочацца адзначыць будаўніцтва дзіцячых садоў. Гэта інвестыцыі ў нашых дзяцей, а значыць, інвестыцыі ў будучыню краіны. Важна таксама, што сучасныя дзіцячыя сады дыхтоўныя і прыгожыя. Бо тое асяроддзе, што акружае дзяцей, уплывае на іх выхаванне. А сёння галоўная задача не толькі даць дзіцяці якасную адукацыю, але і выхаваць яго дастойным чалавекам, выгадаваць яго ў любові да сваіх блізкіх, свайго горада, сваёй Радзімы, — адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка.

На Магілёўшчыне і далей будуць прымацца ўсе меры па забеспячэнні даступнасці дашкольнай адукацыі. Толькі за апошнія тры гады ў рэгіёне былі ўведзены ў эксплуатацыю чатыры дашкольныя ўстановы на 460 месцаў: у Бабруйску, аграгарадку Дабрэйка Шклоўскага раёна, Слаўгарадзе і аграгарадку Усход Магілёўскага раёна. Таксама было вернута функцыянальнае прызначэнне дзіцячага сада на 75 месцаў у Крычаве. І гэтая работа будзе працягнута. Зусім хутка ў Бабруйску адбудзецца ўрачыстае адкрыццё дзіцячага сада на 240 месцаў. Крыху пазней, другой чаргой, там адкрыецца басейн. Акрамя таго, сёлета запланаваны ўвод у эксплуатацыю дзіцячага сада на 50 месцаў у Шклове.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.