Падарунак юным ратавальнікам

- 11:17Навіны рэгіёнаў

Гомельскае абласное ўпраўленне МНС для юных ратавальнікаў Гомельшчыны, якія ўдзельнічалі ў Рэспубліканскім злёце юных ратавальнікаў-пажарных у НДЦ “Зубраня”, арганізавалі экскурсійную паездку ў Брэст. У групу шчасліўцаў увайшлі і навучэнцы сярэдняй школы № 9 Гомеля.

Пачаўся візіт з наведвання аквапарку ў Кобрыне, пасля чаго юныя ратавальнікі пераехалі ў Брэст. У горадзе над Бугам, які ўжо актыўна рыхтуецца сустрэць сваё тысячагоддзе, гасцям прапанавалі прайсціся па цэнтральнай вуліцы — Савецкай, з яе павольным рытмам, запамінальнымі малымі архітэктурнымі формамі, вулічнымі музыкантамі.

На начлег спыніліся юныя гамяльчане ў гасцініцы Міжнароднага маладзёжнага валанцёрскага цэнтра юных ратавальнікаў-пажарных. Тут жа, дарэчы, яны атрымалі нагляднае ўяўленне аб функцыянальных магчымасцях цэнтра, у тым ліку і для навучання падрастаючага пакалення асновам бяспекі жыццядзейнасці. Гасцей прымалі гаспадары — члены БМГАРП Брэстчыны. Знаёміліся, дзяліліся вопытам, размаўлялі — словам, з карысцю правялі час.

На наступны дзень прадстаўнікоў Гомельшчыны чакала экскурсія ў адзін з сімвалаў рэгіёна — мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”. Разам са школьнікамі тут пабываў начальнік Брэсцкага абласнога УМНС Канстанцін Шаршуновіч. Госці падзяліліся з Канстанцінам Яўгенавічам апошнімі навінамі з жыцця маладзёжнай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных Гомельшчыны, з цікавасцю паслухалі аповед начальніка ўпраўлення пра гісторыю пажарна-ратавальнай службы Брэсцкай вобласці, яе цяперашнія магчымасці, а таксама пра тое, як цесна і паспяхова брэсцкія ратавальнікі працуюць са сваімі юнымі памочнікамі.

Завяршыўся насычаны падзеямі дзень паездкай у жамчужыну Беларусі — Нацыянальны парк “Белавежская пушча”. Хлопчыкі і дзяўчынкі з вялікай цікавасцю агледзелі экспазіцыю музея прыроды, пабывалі ў знакамітай рэзідэнцыі беларускага Дзеда Мароза, здзейснілі аглядную экскурсію па вальерах.

Пасля вяртання ў Брэст школьнікі зноў з задавальненнем размясціліся ў сценах гасціннага валанцёрскага цэнтра.

А раніцай з мноствам пазітыўных уражанняў і выдатным настроем — дадому!

Чарговы раз хочацца падзякаваць Гомельскаму абласному ўпраўленню МНС за супрацоўніцтва і ўвагу да дзяцей, якую яны праяўляюць на працягу многіх гадоў, і за тое, што дапамагаюць не толькі рыхтаваць падрастаючае пакаленне да жыцця ў бяспецы, але і выхоўваюць сапраўдных патрыётаў.

Ліна БАРОВІЧ,
дырэктар сярэдняй школы № 9 Гомеля.