Падарункі ад прэзідэнта

- 11:35Актуально, Апошнія запісы, Нашы дзеці

Міністр адукацыі сустрэўся з выхаванцамі мінскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 14 для дзяцей з парушэннем слыху

Учора ў рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка ўручыў падарункі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь выхаванцам спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 14 для дзяцей з парушэннем слыху Мінска. Да ўрачыстасці далучыліся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Эдуардаўна Макарына-Кібак і кіраўнікі сістэмы адукацыі сталіцы.

“Дарагія дзеці, паважаныя бацькі і педагогі! Мне вельмі прыемна знаходзіцца ў вашай установе, адчуваць святочную атмасферу, якая пануе тут напярэдадні Каляд, — звярнуўся з віншавальным словам да прысутных міністр адукацыі. — Акцыя “Нашы дзеці” ўнікальная для нашай краіны і працягнецца да 10 студзеня гэтага года. У рамках акцыі мы прывезлі ў вашу школу для дзяцей з парушэннем слыху падарункі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — развіццёвыя гульні, камп’ютар для ўстановы адукацыі і салодкія пачастункі. З радасцю выконваем гэтую адказную і ганаровую місію, якую даверыў нам кіраўнік дзяржавы. Спадзяюся, што вы будзеце добра вучыцца, станеце сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны, а мы, дарослыя, пастараемся зрабіць усё для таго, каб у вас былі створаны ўсе ўмовы для паспяховай вучобы і паспяховай сацыялізацыі ў грамадства. Хачу пажадаць усім моцнага здароўя, поспехаў і дабрабыту”.

Навучэнцы запрасілі міністра адукацыі і ўсіх гасцей наведаць навагодні спектакль-вандроўку. Падчас прадстаўлення дзеці чыталі вершы, выконвалі жэставыя песні і народныя танцы. Сваімі ўражаннямі ад убачанага падзялілася дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Людміла Эдуардаўна Макарына-Кібак: “Практычна ўсіх гэтых дзяцей з парушэннем слыху, якія сёння перад намі выступалі, я ведаю, паколькі назірала за імі на працягу 10 гадоў, калі была галоўным отарыналарынголагам Рэспублікі Беларусь. Вельмі прыемна бачыць вынікі вялікай рэабілітацыйнай работы, якую правялі з навучэнцамі не толькі медыкі, але і настаўнікі, педагогі па вакале і іншыя спецыялісты. Многія дзеці не толькі атрымалі магчымасць чуць, яны навучыліся танцаваць, спяваць, размаўляць на некалькіх мовах, сталі адчуваць сябе паўнацэннымі членамі нашага грамадства. Гэта і ёсць сапраўдны навагодні цуд, які здарыўся з нашымі дзецьмі”.

Пасля святочнага мерапрыемства дырэктар спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 14 для дзяцей з парушэннем слыху Мінска Наталля Генадзьеўна Краўчук правяла для гасцей экскурсію па ўстанове, пазнаёміла з калектывам. Яна расказала, што ў 2017/2018 навучальным годзе ў школе функцыянуюць 15 класаў-камплектаў дзённага аддзялення і 1 клас вячэрняга аддзялення, дзе вучацца 112 чалавек. У школе займаюцца 7 навучэнцаў з парушэннем слыху I аддзялення і 105 навучэнцаў II аддзялення. Адукацыйным працэсам дома ахоплены 7 чалавек. На базе 1—10 класаў працуюць групы падоўжанага дня. Для навучэнцаў 1—5 класаў і іншагародніх арганізаваны інтэрнатныя групы з пражываннем у прышкольным інтэрнаце. Усе навучэнцы маюць слыхавыя пратэзы: 8 дзецям праведзена аперацыя па кахлеарнай імплантацыі, 104 дзіцяці карыстаюцца сучаснымі лічбавымі слыхавымі апаратамі.

Для арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстанове абсталявана 79 кабінетаў, з іх 28 вучэбных кабінетаў, 1 стацыянарны і 1 мабільны кабінет інфарматыкі. Прадугледжаны кабінет кулінарыі, швейная, слясарная і сталярная майстэрні, 5 кабінетаў індывідуальнай работы па развіцці слыхавога ўспрымання і вымаўлення, кабінет мовы жэстаў, 2 кабінеты педагога-псіхолага, кабінет педагога сацыяльнага, кабінет ранняй комплекснай дапамогі, кабінет слыхавой работы, галерэя дзіцячай творчасці. Усе вучэбныя памяшканні аснашчаны камплектамі інфармацыйных сродкаў навучання. Была прэзентавана работа FM-сістэмы для вывучэння замежнай мовы.

З 59 педагагічных работнікаў спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 14 для дзяцей з парушэннем слыху каля 70% маюць вышэйшую дэфекталагічную адукацыю з правам выкладання ў школе для дзяцей з парушэннем слыху. У 2013 годзе ўстанове была перададзена функцыя арганізацыі адукацыйнага працэсу ў Рэспубліканскім рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей-інвалідаў, які размяшчаецца побач са школай. У гэтым жа годзе на базе ўстановы адкрыты рэсурсны цэнтр аказання комплекснай дапамогі дзецям і моладзі з парушэннем слыху. У 2017 годзе з’явіўся клас для дзяцей з парушэннем слыху I аддзялення. А напрыканцы мінулага года школа была ўзнагароджана дыпломам I ступені Рэспубліканскага конкурсу “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі” ў намінацыі “Лепшая спецыяльная агульнаадукацыйная школа”.

Міністра адукацыі І.В.Карпенку асабліва зацікавіла пытанне выбару прафесіі і далейшага працаўладкавання выпускнікоў з парушэннем слыху. У школе склалася сістэма прафарыентацыйнай работы, наладжана супрацоўніцтва з навучальнымі ўстановамі і прадпрыемствамі горада. У практыку ўстановы ўведзена прадастаўленне рэкамендацыйных лістоў выпускнікам для першага працаўладкавання.

У 2014 годзе па ініцыятыве педагагічнай і бацькоўскай грамадскасці ўпершыню была адкрыта спецыяльная група для асоб з парушэннем слыху ў Мінскім дзяржаўным ліцэі будаўніцтва № 12 па спецыяльнасці “Абліцоўшчык. Тынкоўшчык. Аддзелачнік”. У 2015/2016 навучальным годзе 80% выпускнікоў школы працягнулі навучанне ў Мінскім гарадскім механіка-тэхналагічным прафесійна-тэхнічным каледжы. У 2017 годзе 30% выпускнікоў 2016/2017 навучальнага года і 10% 2015/2016 навучальнага года — у вышэйшых навучальных установах.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.